Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Стены дрожали». В Минске прозвучал грохот, похожий на звуки от двух взрывов, — вот что известно
  2. Россия требует от Украины сдать несколько крупных городов, которые у нее нет шансов захватить, а вместе с ними и более миллиона жителей
  3. «Я не играю тут в карты». Зеленский вступил в перепалку с Трампом и Вэнсом в Вашингтоне
  4. Вы наверняка слышали о пенсионной ловушке и, возможно, думали, как работающий человек может в нее попасть. Вот наглядный пример — был суд
  5. С 1 июля заработает очередное пенсионное изменение. Рассказываем, что важно об этом знать
  6. В Беларуси вернулись авиатуры в популярную у туристов страну ЕС. Есть вариант с вылетом из Минска
  7. Редкоземельная путаница: объясняем, почему Трамп требует от Украины то, чего у нее нет, и что у нее есть на самом деле
  8. Беларуска купила Audi, а прокуратура заподозрила, что воспитывающая ребенка учительница не могла себе этого позволить. Что решил суд
  9. Зеленский досрочно покинул Белый дом: совместная пресс-конференция президентов отменена, соглашение о полезных ископаемых не подписано
  10. Беларусов выгоняли из Польши, а поток в обратную сторону было не сдержать. Вспоминаем послевоенный обмен народами — о нем знают не все
  11. «Украинские друзья, вы не одни». Как в мире отреагировали на конфликт Зеленского с Трампом
  12. Путин вновь заговорил о «Новороссии» как «неотъемлемой» части России. Какие украинские регионы, по его мнению, в нее входят
Читать по-русски


Гэтая гісторыя адбылася амаль трыццаць гадоў таму, Андрэй тады вучыўся ў Брэсцкім дзяржуніверсітэце. Аднойчы, калі кампаніяй хлопцаў яны цягніком ехалі дадому на выходныя, у вагоне сустрэлі дзяўчыну-немку, што падарожнічала з Германіі ў Расію праз Беларусь. «Ёй сказалі, што тут дзікія людзі, таму яна ціхенька ляжала на верхняй паліцы, — успамінае Андрэй. — Мы з ёй пазнаёміліся, накармілі яе». На развітанне турыстка пакінула хлопцам сваю электронную пошту. «Але хто тады ведаў, што такое e-mail і інтэрнэт?» — жартуе мужчына. Цяпер беларус вырашыў паспрабаваць знайсці яе па-іншаму. Яго гісторыю расказвае блог «Людзі». Мы перадрукоўваем гэты тэкст.

Фото: соцсети
Андрэй у сярэдзіне 1990-х. Фота ад суразмоўцы

З таго часу як Андрэй выпусціўся з ВНУ, прайшло больш за дваццаць гадоў. Цяпер ён працуе ў Бельгіі. Займаецца будаўніцтвам.

У 1994-м ён працягваў сямейную дынастыю: вучыўся на педагога ў Брэсцкім дзяржуніверсітэце.

— Я былы педагог у чацвёртым пакаленні, — з гумарам кажа ён пра сябе. — Мой профіль — беларуская мова і літаратура і нямецкая. Сам я родам з Лунінецкага раёна. Дадому да бацькоў ездзіў нячаста: дабірацца было нязручна. Спачатку цягніком да Лунінца, адтуль 50 кіламетраў на аўтобусе да маёй вёскі.

Падзеі, пра якія далей пойдзе гаворка, адбыліся ў адзін з дзён 1994, 1995 ці 1996-га ў плацкартным вагоне «кругасветкі» — цягніка Брэст-Мінск, што курсуе праз Лунінец.

— Мы ехалі кампаніяй маладых людзей, нешта абмяркоўвалі. Бліжэй да Пінска я дастаў канспект па нямецкай і пачаў паказваць, наколькі нам цяжка вучыцца. Расказваў, што мы вывучаем замежную мову дакладна гэтак жа, як беларускую ці рускую, бяром лексікалогію, словаўтварэнне і гэтак далей, толькі ўсё гэта на нямецкай і пра нямецкую, — успамінае падзеі тых гадоў суразмоўца. — Мае словы пачула дзяўчына, якая, сціснуўшыся, як кацяня, ляжала на верхняй паліцы і прыкідвалася, што спіць.

Яна паглядзела на хлопцаў, хлопцы на яе. Як яны загаварылі, Андрэй ужо не памятае. Мяркуе, што яна пачула родную мову і зразумела, што людзей побач не варта баяцца.

— Гэта быў мой першы, другі ці трэці курс. Па-руску яна не гаварыла. Мой слоўнікавы запас нямецкай быў бедны, таму камунікаваць аказалася цяжка, — успамінае мужчына. — Яна патлумачыла, што едзе ў падарожжа ў Расію, а потым праз Скандынавію збіраецца вяртацца ў Германію. Расказвала, яе напалохалі, што ў нашых краінах пасля развалу Саюза ўсё жорстка: бандытызм і дзікія людзі. Ад страху ў цягніку яна намагалася быць незаўважнай.

Імені дзяўчыны Андрэй не памятае. З выгляду ёй тады было гадоў 20, здаецца, яна з Заходняй Германіі.

— Грошай у яе з сабой было мінімальна, яна хацела есці. Мы яе пачаставалі тым, што везлі з сабой. Яна здзівілася, што сустрэла такую спагадлівую моладзь, — расказвае суразмоўца. — Ежы ў нас было мала, а ехала яна да Мінска, таму бліжэй да Лунінца я прапанаваў ёй збегаць са мной у палатку на вакзале, узяць ёй яшчэ перакусіць, — кажа Андрэй. — У правадніка я ўдакладніў, колькі састаў стаіць у горадзе, і мы пабеглі. Я купіў ці то булачак, ці то піражкоў, уручыў усё гэта ёй у рукі і хутка пасадзіў на цягнік.

З тых часоў яны больш ніколі не перасякаліся. На пытанне, чаму ён вырашыў дапамагчы незнаёмаму чалавеку, суразмоўца адказвае так:

— Час тады быў бедны. Памятаю, як студэнтам гатуеш на кухні і ахоўваеш свой рондаль або патэльню, каб ніхто не забраў. Я таксама з настаўніцкай сям'і. У педагогаў заўсёды зарплата была невялікая, таму я ведаю, што такое быць у патрэбе. У той момант я проста адчуў, што яе трэба падтрымаць. Яна была перапалоханая.

Яшчэ да таго як цягнік прыехаў у Лунінец, дзяўчына напісала Андрэю сваю электронную пошту. На той момант ён не ведаў, што такое інтэрнэт, таму e-mail для яго быў чымсьці падобным да кітайскай граматы.

— Цяпер мне цяжка ўспомніць, навошта яна пакінула мне сваю пошту. Магчыма, яна планавала яшчэ раз прыехаць у Беларусь і хацела падтрымліваць кантакты, — разважае суразмоўца. — А можа, думала наведаць наш універсітэт. Падчас навучання ў нас была праблема, што мы, лічы, не размаўлялі з носьбітамі мовы, і я мог запрасіць яе да нас на заняткі.

Што далей здарылася з электроннай поштай, Андрэю адказаць складана. А вось сама добрая гісторыя засталася з ім на ўсё жыццё.

— Педагогам я прапрацаваў усяго год, потым збіраўся ў Германію на заробкі. Пакуль рабіліся дакументы, я трапіў на мэблевую фірму і там асеў. Ажаніўся, у нас рос малы. Шмат гадоў я рабіў мэблю пад заказ, а ў 2018-м, калі грошай у людзей стала менш і кліентаў амаль не засталося, мне падказалі вакансію ў Бельгіі, — каротка пераказвае сваю гісторыю суразмоўца. — Цяпер на працы я таксама стараюся дапамагаць пачаткоўцам, вучу іх таму, што ўмею. Ведаеце, у мяне няма ўнутры зайздрасці, маўляў, я нікому нічога не скажу, каб быць найлепшым у нашай справе. Наадварот, я гляджу на сітуацыю так: кожны настаўнік ганарыцца тым, калі вучань яго пераўзыходзіць.

Нядаўна Андрэй убачыў, што людзі праз артыкулы шукаюць тых, з кім іх звязваюць добрыя гісторыі. Ён зноў успомніў сітуацыю ў цягніку і вырашыў таксама паспрабаваць.

— Магчыма, нічога не атрымаецца, але чаму б не выкарыстаць такі шанец? — кажа ён. — Цікава, як склаўся яе лёс, ці была яна яшчэ ў Беларусі і ці змяніла пасля той паездкі сваё ўражанне пра людзей у нашай краіне.

Нямецкую яшчэ не забылі, каб, калі што, з ёй пагаварыць?

— Забыў, няма сэнсу надзімацца, — кажа як ёсць мужчына. — Не было патрэбы яе падтрымліваць і развіваць. Але калі па перапісцы, то можна камунікаваць, гугл мне ў дапамогу.

Калі вы тая самая дзяўчына ці ведаеце яе, напішыце Андрэю: [email protected].