Мінскі гарадскі суд абвясціў прысуд трохразовай медалістцы Алімпійскіх гульняў Аляксандры Герасімені і спартоваму функцыянеру Аляксандру Апейкіну. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Іх прызналі вінаватымі па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін атрымалі па 12 калоніі. Гэта максімальны тэрмін па гэтым артыкуле.
Акрамя таго, у Аляксандры Герасімені канфіскаваная маёмасць: больш за 48 тысяч даляраў на рахунках, машына Land Rover, мабільныя тэлефоны, кватэра, машынамесца, лядоўня, акустычная сістэма і г. д. Усё гэта пайшло ў кошт пагашэння грамадзянскага пазову.
Самі абвінавачаныя знаходзяцца за мяжой і на «працэсе» не прысутнічалі.
Адзначым, гэта першы прысуд, вынесены ў рамках спецвытворчасці.
У чым абвінавачвалі Герасіменю і Апейкіна
Трохразовай медалістцы Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнцы свету і Еўропы па плаванні Аляксандры Герасімені, якая раней узначальвала Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС), і выканаўчаму дырэктару БФСС Аляксандру Апейкіну былі інкрымінаваныя заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
Бок абвінавачвання палічыў, што «неаднаразовыя заклікі да міжнародных арганізацый з боку фігурантаў прывялі да адмены некаторых спартовых мерапрыемстваў на тэрыторыі Беларусі». Таксама была нанесеная «шкода нацыянальнай бяспецы Беларусі ў палітычнай і сацыяльнай сферах».
У прыватнасці, быў адменены чэмпіянат Еўропы па роварным спорце на трэку. Беларускай федэрацыі роварнага спорту нанесеная матэрыяльная шкода на суму 86 655,47 рубля. Таксама былі адмененыя чэмпіянат свету па хакеі з шайбай 2021 года, чэмпіянат свету па сучасным пяцібор'і 2021 года.
Герасімені і Апейкіну налічылі шкоду ў 853 575,9 рубля.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаныя ў жніўні 2020 года стварылі не зарэгістраванае ва ўстаноўленым парадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь аб’яднанне «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці». Праз яго з дапамогай СМІ і глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт «распаўсюджваліся загадзя ілжывыя звесткі і выдумкі пра падзеі, якія мелі месца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь перад і пасля выбараў прэзідэнта».
Што такое спецыяльная вытворчасць
Як тлумачаць на сайце СК, «спецыяльная вытворчасць — вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусь і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс». То-бок спецвытворчасць — фактычна першы крок да нядаўна ўзаконеных у Беларусі завочных судоў над тымі, хто знаходзіцца за мяжой.
Разам з абвяшчэннем аб адкрыцці спецыяльнай вытворчасці СК выклікае фігурантаў у Беларусь для правядзення следчых дзеянняў — публікацыя гэтай інфармацыі на сайце ведамства па цяперашнім законе лічыцца належным паведамленнем. Усіх іх чакаюць у Мінску ў Цэнтральным апараце СК на вуліцы Фрунзе, 19.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў ліпені падпісаў закон пра змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія дазваляюць судзіць беларусаў, што знаходзяцца за мяжой, завочна і нават асуджаць іх на расстрэл.