Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Почему в Литве призвали запретить «Пагоню»? Мнение
  2. С 1 июля заработает очередное пенсионное изменение. Рассказываем, что важно об этом знать
  3. Редкоземельная путаница: объясняем, почему Трамп требует от Украины то, чего у нее нет, и что у нее есть на самом деле
  4. Путин вновь заговорил о «Новороссии» как «неотъемлемой» части России. Какие украинские регионы, по его мнению, в нее входят
  5. «Стены дрожали». В Минске прозвучал грохот, похожий на звуки от двух взрывов, — вот что известно
  6. Беларусов выгоняли из Польши, а поток в обратную сторону было не сдержать. Вспоминаем послевоенный обмен народами — о нем знают не все
  7. Беларуска купила Audi, а прокуратура заподозрила, что воспитывающая ребенка учительница не могла себе этого позволить. Что решил суд
  8. В Беларуси вернулись авиатуры в популярную у туристов страну ЕС. Есть вариант с вылетом из Минска
  9. Россия требует от Украины сдать несколько крупных городов, которые у нее нет шансов захватить, а вместе с ними и более миллиона жителей
  10. «Один из самых понятных, очевидных и уже использованных сценариев». Аналитик — о поведении Трампа в отношении Украины, Путина и Беларуси
  11. Вы наверняка слышали о пенсионной ловушке и, возможно, думали, как работающий человек может в нее попасть. Вот наглядный пример — был суд
  12. Чиновники предупредили население, чтобы готовились к очередным пенсионным изменениям
Читать по-русски


Пытанне «з'язджаць ці заставацца?» стаіць перад беларусамі ўжо другі год. Рашэнне кожны прымае сам, на многіх уплываюць абставіны. Але перыядычна чуюцца папрокі ад тых, хто застаўся, у адрас тых, хто з’ехаў, і наадварот. Напярэдадні Новага года мы папрасілі беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны і за яе межамі, звярнуцца адно да аднаго. І не ўбачылі крытыкі, а толькі вельмі шмат дабра, падтрымкі і любові. Глядзіце самі.

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Зварот да тых, хто з’ехаў

Ганна, Віцебск

Шаноўныя беларусы ў эміграцыі ці выгнанні! Тое, што вы па-за межамі нашай краіны, азначае, што вы, хутчэй за ўсё, шмат рабілі і робіце для Беларусі. Хутчэй за ўсё, вы прафесіяналы (лекары, журналісты, айцішнікі, мастакі, паэты), ці валанцёры, ці праваабаронцы, ці проста неабыякавыя грамадзяне.

Дзякуем вам, і ведайце, што вас вельмі не хапае ў Беларусі! Як бы далей ні склалася вашае жыццё: ці вы вернецеся калі-небудзь у Беларусь, ці ўкарэніцеся ў іншым месцы — памятайце пра Беларусь, будзьце з намі заўсёды!

Маргарыта, Мінск

Я вельмі хачу верыць, што праз пераезд вы страцілі менш, чым знайшлі. Я вельмі спадзяюся, што, ратуючы свае нервы, здароўе, сем'і і дзяцей, вы змаглі гэта зрабіць з найменшымі стратамі. Я таксама вельмі спадзяюся на тое, што вам і вашым сем’ям цяпер добра. Я шчыра радая за тое, што вы змаглі з’ехаць з гэтага пекла.

Але я вельмі прашу вас вярнуцца, калі ўсё гэта скончыцца. Беларусі будуць неабходныя такія смелыя людзі, як вы. Таму што з’ехаць у невядомасць, хай і спакайнейшую, — гэта вельмі смелы ўчынак. Не ўладкоўвайцеся там назусім. Нам трэба будзе адраджацца з попелу, і вы вельмі патрэбныя будзеце тут, на радзіме!

Пратэсты ў Беларусі ў жніўні 2020-га. Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Іван, Мінск

Дарагія суайчыннікі, вымушаныя з’ехаць і застацца на чужыне альбо надоўга, альбо ўжо назаўжды! Ніякіх прэтэнзій, ніякіх крыўдаў у дачыненні да вас я не адчуваю. Толькі пачуццё захаплення, што здолелі, паспелі, змаглі. Што не забываеце, памятаеце, што робіце, аб’ядноўвае. І шкадаванне, што найлепшыя, актыўныя, крэатыўныя і неабыякавыя людзі краіны пакідаюць Беларусь.

Дзякуй беларусам за салідарнасць, разуменне і падтрымку. Адзінае, прашу вас памятаць, што не ўсе, хто застаўся тут, змірыліся і плывуць па цячэнні. Прыстасоўваюцца і тояцца — так, запалоханыя — так, бітыя — так. Але мы не забылі, не змірыліся і не збыдлелі.

Трэба заставацца чалавекам у любой сітуацыі. Менш абвінавачванняў, рэфлексій, шкадаванняў. Падтрымлівайце адно аднаго там і не дазваляйце ім перасварыць нас і азлобіцца. Хрэн ім. Хай варацца ў сваёй злосці. Жывыя будзем, не памром. І тут, і там.

Аляксандр, Віцебск

Хачу сказаць, што абсалютна разумею тых, хто з’ехаў. Хачу папрасіць сваіх суайчыннікаў, каб яны не забывалі, што яны беларусы, такія ж, як і ўсе мы. Незалежна ад таго, у горы яны цяпер ці ў радасці, але калі прыйдзе час будаваць новую краіну, вельмі хочацца, каб мы рабілі гэта ўсе разам, на карысць нашай агульнай радзімы і будучыні нашых дзяцей!

Ілля, Мінск

Захоўвайце традыцыі, якія з’явіліся ў Беларусі ў 2020 годзе. Збірайцеся разам і ладзьце дваровыя чаявання, канцэрты, лекцыі, Арганізуйце флэшмобы (танцавальныя, спартыўныя і іншыя), аднаўляйце муралы, якія з’явіліся ў нас у 2020-м і пасля былі знішчаныя.

Вывучайце беларускую мову. Збiрайцеся разам, каб размаўляць па-беларуску.

Дапамагайце адно аднаму і тым, каму патрэбная дапамога. Унутры Беларусі цяпер усё гэта немагчыма. Але нам тут важна бачыць, што дух свабоднай Беларусі не памёр, што хай пакуль за мяжой, але «Беларусь жыве!». І калі-небудзь (можа, ужо хутка) так будзе і ў самой Беларусі!

Уладзімір, Мінск

Думаю, я буду мець рацыю, калі скажу, што большасць з вас пакінула краіну з вядомых нам усім прычынаў. Разумею, прымаю, нікога не асуджаю. Вельмі б хацелася, каб вы, нягледзячы на ўсе жахі нашых сённяшніх рэалій, у першую чаргу заставаліся людзьмі і дапамагалі адно аднаму заўсёды і ва ўсім.

Цяпер той час, калі здаецца, што «горш ужо быць не можа». Але, на жаль, можа. Горш нам усім стане ў той момант, калі мы цалкам страцім веру і пачнём жыць паводле правіла «кожны сам за сябе». Яднайцеся, падтрымлівайце адно аднаго, падтрымлівайце ўкраінцаў, бо ім цяпер нашмат цяжэй, чым нам з вамі.

Памятайце, калі ласка, што якой бы ні была ўлада, нашая краіна ў першую чаргу належыць нам. І толькі ад нас саміх залежыць яе будучыня. Рана ці позна ўсе беды знікнуць, але ж мы застанемся. Не дазваляйце негатыву цалкам паглынуць вашыя свядомасць і душу. Бо не дарма кажуць, што самы цёмны час сутак заўсёды бывае перад світаннем.

Пратэсты ў Беларусі ў жніўні 2020-га. Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Віталь, Мінск

Вядома, жыць як у канцлагеры нялёгка. Але і свабоду на сподачку нам ніхто не паднясе. У адным старым фільме Міхаіла Пташука былі такія словы: «А дзе будзе галоўная бітва ў гэтай вайне? Дзе тое поле Куліковае, дзе вырашыцца вынік вайны?» І вось такі быў адказ: «Там, дзе ты цяпер стаіш, там і ёсць тваё поле бітвы».

У акопе на ўсходзе Украіны, у Фларыдзе, Брусэлі, у офісе ў Мінску або ў камеры на Акрэсціна — там і ёсць для кожнага беларуса ягонае поле бітвы. Новыя санкцыі, кожны даляр дапамогі дэмакратычным сілам, хутка выяўлены ўзлёт знішчальніка з Мачулішчаў, хутка перададзеная інфармацыя пра перамяшчэнне ваеннай тэхнікі, кожная налепленая ўлётка ў пад’ездзе — усё гэта ўнёсак у будучую агульную перамогу. Жыве Беларусь! Слава Украіне!

Аляксандр, Мінск

Дарагія браты беларусы, я адзін з тых, хто застаўся ў краіне. Шчыра веру, што крайнія абставіны прымусілі вас пакінуць радзіму. Але, можа, гэта і да лепшага… Бо ў свабоднай краіне вы можаце падрыхтавацца да таго, каб мы ўсе вярнулі сабе нашую Беларусь.

Не верце тым, хто кажа, што людзі ў краіне змірыліся, «раскаяліся» і больш не хочуць свабоды. Народ прытаміўся, але ўсё ж гатовы далучыцца да вызваленчага руху. Так, самі арганізавацца, як у дваццатым, мы ўжо не можам: занадта моцная карная машына, і людзі не гатовыя станавіцца чарговымі палітзэкамі. Але далучыцца да кагосьці — зможам цалкам.

Трымайцеся там! Ведаю, на чужыне таксама не салодка. А тут мы вас дачакаемся, каб потым разам падняць новую Беларусь.

Алеся, Орша

З Беларусі з’язджаюць разумныя, адукаваныя людзі, якія мысляць. Тыя, што маглі б стаць касцяком будучай краіны! Сумна гэта ўсведамляць…

Хтосьці іх асуджае — маўляў, здраднікі… Але калі ты адказваеш не толькі за сябе, але і за родных, то ў цябе няма права іх падстаўляць. Асабліва дзяцей. Я ведаю, што многіх менавіта страх за родных прымусіў прыняць гэтае рашэнне. І не асуджаю іх.

Я толькі прашу: дапамажыце пры першай магчымасці давесці пачатае да канца! Калі мы зноў змарнуем шанец на нармальнае жыццё, то больш сабе гэтага не даруем. І будзем усё астатняе жыццё жыць з гэтым пачуццём віны. Я жадаю вам адпачыць, прыйсці ў сябе пасля перажыванняў і вярнуцца для пераможнага рыўка да новай свабоднай Беларусі!

Іна, Мінск

У нас ва ўсіх адна мара, адна мэта — жыць у рэальна свабоднай, незалежнай, квітнеючай краіне (не блытаць з той, што па БТ). Пры гэтым усе бачаць розныя спосабы і метады дасягнення гэтай мэты. Ну і выдатна, чым большай і разнастайнейшай будзе актыўнасць, тым хутчэй мы ўсе дасягнём жаданага! Галоўнае — давайце перастанем высвятляць адносіны адно з адным, асабліва публічна! Супраць нас дзяржпрапаганда — адзіная, маналітная, рэгулярная, а што мы можам супрацьпаставіць?

Трэба працаваць з тым, што ёсць. Кожны на сваім месцы, сваім спосабам, сваім метадам — да адной мэты! Быць тут ці з’ехаць — гэта выбар кожнага, тут няма правільнага адказу.

Зварот да тых, хто застаўся

Надзея, Вільнюс

Любыя беларусы, жыццё ў Беларусі ўсё больш выглядае як выжыванне. Таму маё адзінае пажаданне ўсім, хто застаецца ў краіне, — працягваць жыць. Берагчы сябе. Клапаціцца пра сябе. Дастаткова спаць, добра есці, больш гуляць і дыхаць свежым паветрам. Рабіць тое, што радуе вас.

У цяжкія часы клапаціцца пра сябе вельмі складана: не стае ані сродкаў, ані часу. Здаецца, цяпер не час для сябе, бо ёсць тыя, каму горш.

Але прыйдзе і іншы час. Час, калі нам усім спатрэбяцца ўсе нашыя рэсурсы, таленты і навыкі, каб змяніць жыццё да лепшага. А дзеля гэтага нам перш за ўсё трэба зберагчы сябе. Любыя беларусы, калі ласка, беражыце сябе, гэта вельмі важна!

Алена, Вроцлаў

Я ўдзячная тым, хто застаўся. Я ведаю, як ім цяжка, ведаю, што яны адчуваюць. Мару вярнуцца да гэтых людзей. І вельмі сумую. Трымайцеся, беларусы!

Павел, Грузія

Я б хацеў пажадаць беларусам перастаць баяцца. Перастаць баяцца кінуць працу, якую ненавідзіш, баяцца завесці сям’ю, баяцца пераехаць, хоць даўно марыце жыць ля мора або ў гарах.

Я з’ехаў з Беларусі ў Грузію, страціў высокааплатную працу, аўтамабіль, сяброў. Але што я атрымаў? Свабоду, магчымасці, імкненне да развіцця. Тое, што я рабіў на радзіме, не прыносіла мне радасці. Тут, у новай краіне, я пачынаю жыццё з чыстага аркуша, а значыць, прасцей наважыцца на новыя пачынанні. Я пачаў вывучаць англійскую і грузінскую мовы, асвойваць новую прафесію ў сферы IT, каб заняцца тым, пра што марыў.

Людзі, адважвайцеся. Магчыма, каб займацца любімай справай, трэба зрабіць крок наперад і ісці далей!

Аксана, Польшча

Дарагія беларусы, якія застаюцца ў Беларусі, але не «перагарнулі старонку»! Так, я з’ехала… Але мой выбар — быць альбо сярод тых, каму патрэбная дапамога, альбо сярод тых, хто можа дапамагаць. Ужо больш за два гады я працягваю рабіць што магу, каб нашая мара пра Вольную Беларусь не ўмерла.

Я кожны дзень памятаю і пра палітзняволянных, і пра вас, хто жыве на радзіме і вымушаны цярпець «красно-зеленую бредятину». Пералічваю сродкі, удзельнічаю ў акцыях беларусаў замежжа. Я не магу гаварыць за ўсіх, але я дакладна з’ехала, каб вярнуцца назад, калі будзе такая магчымасць.

Я жадаю вам быць моцнымі і не паддавацца «стакгольмскаму сіндрому». У цяперашнім становішчы вінаватыя не мы, а тыя, хто замест будучыні абраў мінулае. Я люблю вас і да сустрэчы на вуліцах Мінска.

Паліна, Тбілісі

Я з’ехала з Беларусі ў сакавіку. Праз некалькі дзён пасля той раніцы, у якую прачнулася ад званка мамы з навіной пра вайну. З’ехала практычна ў нікуды — з мінімумам рэчаў, невялікім запасам грошай і грузам вялізнага страху перад будучыняй. Наважыцца на ад’езд было вельмі цяжка, але затрымлівацца яшчэ даўжэй мне было ўжо папросту нельга.

Слова «дом» для мяне заўсёды значыла нешта большае, чым проста кватэра ці нават горад: яно ўключала ў сябе маю краіну, людзей, якія ў ёй жывуць, радасці і нягоды, якія ў іх здараюцца. І цяпер я адчуваю сябе адарванай ад усяго гэтага. Спачатку мяне не пакідала пачуццё, быццам пад нагамі не зямля, а няўстойлівы вераўчаны масток над прорвай. Паступова яно згладзілася, але глыбінная, туга па доме, якая раз’ядае мяне, нікуды не падзелася.

Я люблю вас. Я вельмі чакаю таго моманту, калі змагу вярнуцца — але не пад наліты крывёю позірк хатняга тырана, а пад яснае і свабоднае неба маёй любімай краіны. Гэтае імгненне не за гарамі. Я ўпэўненая, яно надыдзе вельмі хутка. А да таго часу — трымайцеся, будзьце адважнымі і ведайце, што мае душа і сэрца — з вамі.

Пратэсты ў Гродне. 2020-ы год. Фота: TUT.BY

Андрэй, Познань

Не ўпэўнены, што магу даваць парады. Знутры краіны мусіць быць лепей бачна. Але падзялюся сваімі думкамі, што б рабіў я.

Найперш — бяспека. Шыфравацца лічбава і фізічна. Старайцеся не адсвечваць і выглядаць як усе. Але насамрэч чытаць незалежныя навіны і быць у курсе ўсяго. Акуратна шукаць аднадумцаў. Будаваць сувязі, якім можна давяраць. Дапамагаць палітвязням, падтрымліваць іх сем'і, іх блізкіх.

Адукоўвацца самім і адукоўваць блізкіх і аднадумцаў наконт бяспекі. Таксама наконт дэмакратычных механізмаў і прынцыпаў, каб выразна разумець жаданую будучыню.

Стварыць запас грошай, ежы, паліва, цёплага адзення, турыстычнага рыштунку, лекаў. Невядома, што здарыцца, але такі запас спатрэбіцца ў большасці нядобрых выпадкаў. Карысна будзе мець хованку ці некалькі з такімі запасамі ў месцы, якое не знойдуць сілавікі ў выпадку ўвагі да вас.

Прадумаць план і быць гатовым да любых падзей. У першую чаргу да таго, што па вас прыйдуць. У другую — гэта нядобрыя маштабныя падзеі. На тэрыторыю Беларусі можа перакінуцца вайна або могуць пачацца грамадзянскія сутыкненні. Не так важна нават, які план мець, галоўнае яго мець у прынцыпе, бо калі пачнецца штосьці, часу думаць можа не быць.

Арына, Фінляндыя

Я з’ехала ў Расію восенню 2021 года. У сакавіку 2022-га знайшла працу ў Фінляндыі і пакуль застаюся тут — не падтрымліваю вайну і не хачу знаходзіцца на тэрыторыі краіны, якая напала. Але я кожны дзень чытаю навіны пра тое, што адбываецца дома — і кожны дзень ад гэтага мне балюча.

Дарагія беларусы, мы з вамі былі смелымі ў 2020-м, але тыя, хто дагэтуль застаецца ў краіне, — смелыя ўдвая. Я неймаверна ганаруся вамі, і мне вельмі страшна за вас. Ведаю, у кожнага свае прычыны заставацца, але мая сяброўка напісала мне неяк, што хоча дачакацца светлых часоў там, дзе нарадзілася.

Я веру, што наш шанец на гэтыя часы не страчаны, таму што ў Беларусі засталіся вы — тыя, хто не хоча дыктатарскай будучыні, хто не дазваляе вадзіць сябе за нос дурацкімі рэпартажамі і прамовамі праўладных СМІ і чыноўнікаў. Вы — вялікая сіла, час якой абавязкова надыдзе. Як бы далёка ні былі людзі, якія з’ехалі, нашыя сэрцы з вамі. І, калі будзе трэба, мы, вядома ж, вернемся!

Вікторыя, Варшава

Усім беларусам, якія засталіся ў краіне, хачу пажадать трымацца адно аднаго наколькі гэта магчыма. Не баяцца казаць пра свае пачуцці, пры магчымасці — падтрымліваць, пры зручным моманце — абдымаць. У нас адзіны боль, адна мара і адна вера. Жадаю, каб вы знаходзілі ў сабе сілы адчуваць святло і любоў, нават калі вакол цемра.

Хай у кожнага — незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца — наступны год будзе напоўнены ціхімі гутаркамі з блізкімі, спакоем і маленькамі момантамі шчасця. Не забывайцеся жыць тут і цяпер, клапаціцца пра сябе і тых, хто побач, марыць і жадаць. Маленькія і вялікія перамогі абавязкова адбудуцца.

Ян, Вільнюс

Часта даводзіцца чуць, што з’ехалі найлепшыя. Або што з’ехала большасць з тых, хто хацеў пераменаў. Але насамрэч гэта не так. Мы ўсе — часткі аднаго цэлага, беларускай нацыі, якую раскідалі па ўсім свеце. Але ўсё роўна нашай радзімай, нашым пунктам адліку застаецца Беларусь і тое, што адбываецца там.

Дзяржава ўсімі сіламі спрабуе даказаць, што мы адны, раздрабніць і разарваць тканіну грамадства, каб ім было лягчэй кіраваць. Таму што ў чалавеку, калі ён думае, што ён адзін, значна прасцей выклікаць страх і пакорлівасць перад лёсам. І менавіта таму яны ствараюць ілюзію, як нібыта шмат іх і наколькі нібыта мала нас.

Аповедамі пра «з'ехалі ўсе» мы толькі сілкуем гэты міф. Так, з’ехалі 200−300 тысяч чалавек. Але сотні тысяч, якія пакідалі подпісы за кандыдатаў, засталіся. Яшчэ сотні тысяч удзельнікаў пратэснага руху — таксама. Больш чым мільён тых, хто галасаваў за змены, усё яшчэ ў краіне і не збіраецца нікуды з’язджаць. Дык дзе тут большасць?

Тое, што няма публічных акцый, не азначае, што жыцця няма. Актыўнасць перайшла на ціхую лінію абароны. Культуру, мастацтва, захаванне мовы. Самае важнае — што застаецца салідарнасць і ўзаемная падтрымка. Яе заўсёды мала, але гэта той агеньчык, які грэе і не дае скаваць усё лёдам.

Таму хачу нагадаць вам, што вы не адны. Добрых людзей шмат, нават цяпер, у перыяд панавання подласці і цемры. У прыватным бізнесе, на дзяржслужбе, на прадпрыемствах. Пакуль мы гатовыя падтрымліваць адно аднаго, жыве надзея. А значыць, жыве і Беларусь.