У студзені Дзяржпамежкамітэт паведамляў, што пры вяртанні ў Беларусь на межах былі выяўленыя і затрыманыя «52 асобы, якія маюць прыкметы датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці». Паводле звестак праваабаронцаў, такіх людзей больш — як мінімум 58 чалавек за 2022-ы і пачатак 2023 года. «Вясна» расказала падрабязнасці, вядомыя на гэты момант.
Сярод затрыманых 58 чалавек, пра якіх вядома праваабаронцам, як мінімум 10 ужо асуджаныя на пазбаўленнн волі на тэрмін ад аднаго да чатырох гадоў. Яшчэ чатыры чалавекі асуджаныя на «хатнюю хімію», супраць сямі распачатыя крымінальныя справы. Некаторых затрыманых адпраўлялі ў ізалятары на «суткі» па адміністрацыйных справах або прызначалі ім буйныя штрафы.
Затрымліваюць людзей па-рознаму, часцей за ўсё па вяртанні з Польшчы і Літвы: здымаюць з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць на вакзалах, прыходзяць дадому. Падставы — у асноўным удзел у пратэстах і каментары ў сацсетках. Ёсць практыка спачатку адпраўляць людзей пад адміністрацыйны арышт за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў або за фота з пратэснай сімволікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацсетках. У некаторых выпадках судзілі за ўдзел у акцыях салідарнасці за мяжой.
Праваабаронцы расказалі падрабязней пра дзесяць чалавек, якія пасля вяртання ўжо асуджаныя на калонію.
Гамяльчук Алег Канавалаў вёў Youtube-канал «Третий регион Беларусь». Яго затрымалі па вяртанні з Украіны 10 студзеня 2022 года і абвінавацілі ў распаўсюдзе асабістых звестак сілавікоў, прапагандзе пратэстаў, негатыўных каментарах пра загінулага ў перастрэлцы з Андрэем Зельцэрам супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Канавалаву прызначылі 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф у 3200 рублёў і кампенсацыю маральнай шкоды міліцыянту ў 5000 рублёў.
Ілля Вайцяховіч, сын бізнесоўца Эдуарда Вайцяховіча, быў затрыманы 15 студзеня 2022 года, калі ехаў на пахаванне бацькі з Рыгі. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах і асудзілі на 2 гады калоніі.
Дырэктарка друкарні ў Вільні Алеся Буневіч ехала ў Беларусь на гадавіну смерці маці. Яе затрымалі 4 красавіка 2022-га і спачатку абвінавацілі ў тэрарызме разам з групай «рэйкавых партызан», але судзілі потым па артыкуле аб незаконным групавым перасячэнні мяжы. Дзяўчыне прызначылі 3,5 года калоніі.
Фатографа з Баранавічаў Аляксандра Кудловіча затрымалі 16 чэрвеня 2022-га, калі ён вярнуўся з Расіі ў Беларусь, каб зрабіць новы пашпарт. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі і экс-кіраўніка МУС Юрыя Караева восенню 2020 года ў чатах у Telegram і Viber. Мужчыну далі два гады калоніі.
Жыхара Ваўкавыска Уладзіміра Сергіенку затрымалі 23 чэрвеня 2022-га па вяртанні з Польшчы, дзе ён нібыта абражаў Лукашэнку і міліцыянтаў. Спачатку яму далі «суткі», а затым завялі крымінальную справу па двух адпаведных артыкулах. Уладзіміра асудзілі на 2 гады калоніі.
Гродзенца Дзмітрыя Янушкевіча затрымалі 5 ліпеня за нібыта абразлівыя каментары пра Лукашэнку і дзяржаўны сцяг, якія ён зрабіў, знаходзячыся ў Польшчы. Яго асудзілі на год пазбаўлення волі.
Лідчаніна Валерыя Тумілевіча затрымалі 17 ліпеня на мяжы пасля вяртання з Польшчы, дзе ён знаходзіўся ўжо даўно. Спачатку далі «суткі», а затым завялі крымінальную справу аб абразе Лукашэнкі ў тэлеграм-чатах. Мужчыну далі паўтара года калоніі.
Супрацоўніцу EPAM Кацярыну Глінскую арыштавалі 22 ліпеня ў Мінску пасля вяртання з Літвы, дзе яна жыла з канца 2020 года. У «пакаяльным» відэа яна дала прызнальныя паказанні пра ўдзел у пратэстах з перакрыццём дарог. Дзяўчыне прызначылі 2 гады пазбаўлення волі.
Гамельчука Андрэя Карпенку затрымалі ў пачатку кастрычніка 2022 года пасля вяртання ў Беларусь. З ім запісалі «пакаяльнае» відэа, дзе хлопец пад прымусам кажа пра тое, што ў Еўропе і Канадзе складана жыць і кепска ставяцца да беларусаў, і заяўляе, што хоча жыць у Беларусі ці РФ. Андрэя абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах і ў паклёпе супраць Лукашэнкі і асудзілі на 3 гады калоніі.
Брастаўчаніна Рыгора Васількова затрымалі 19 кастрычніка на вакзале па вяртанні ў Беларусь. Ён жыў ва Украіне з восені 2020 года і да пачатку вайны, затым пераехаў у іншую краіну і працаваў там. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэстах у Брэсце ў рамках «карагоднай справы» і асудзілі на 1 год калоніі.