Мінчукі, якія спадзяваліся на акцыі ў Дзень закаханых паглядзець у кінатэатры «Масква» расійскую камедыю «Пра што гавораць мужчыны. Простыя радасці», будуць расчараваныя: фільм замянілі іншай стужкай. Разлічваць на астатнія беларускія кінатэатры не варта — там ён таксама зняты з пракату. «Люстэрка» паспрабавала высветліць, што адбылося.
У «Маскве» больш не пакажуць
Зусім нядаўна кінатэатр «Масква» паклікаў усіх закаханых мінчукоў на акцыю «Ноч кіно» 14 лютага — анансаваў мерапрыемства «Кінавідэапракат». У ліку іншых забаваў наведнікам абяцалі паказаць тры кінастужкі, адна з якіх — расійская камедыя «Пра што гавораць мужчыны. Простыя радасці», якая стартавала ў беларускім пракаце 2 лютага.
Фільм, дзе сыгралі акторы маскоўскага тэатра «Квартэт І», пратрымаўся ў праграме зусім нядоўга: ужо сёння высветлілася, што замест яго гледачы ўбачаць амерыканскую камедыю «Да цябе ці да мяне?». Прычым на сайце «Кінавідэапраката» афіша мерапрыемства абнавілася задняй датай, і ніякіх абвестак або тлумачэнняў наконт змены праграмы няма.
Паглядзець камедыю ў іншыя, «неакцыйныя», дні таксама не атрымаецца: яна папросту знікла з раскладу сеансаў кінатэатра.
У «Маскве», куды мы патэлефанавалі як здзіўленыя гледачы, пацвердзілі, што яшчэ ўчора «Пра што гавораць мужчыны. Простыя радасці» можна было паглядзець, але з сённяшняга дня сеансы адмененыя: фільм знялі з паказу на распараджэнне дырэктара, з якой прычыны — супрацоўнікі кінатэатра не ведаюць.
У іншых кінатэатрах таксама
«Масква» ўваходзіць у дзяржаўную сетку «Кінавідэапракат». Туды мы таксама звярнуліся з тым самым пытаннем — і пачулі, што арганізацыя «правяла карэктаванне праграмы з не залежных ад яе прычын», і цяпер у кінатэатрах сеткі паказваць расійскую камедыю больш не будуць.
Але што наконт прыватных сетак? На сайце «Афіша relax.by» фільм усё яшчэ ёсць у раскладах SKYLINE Cinema, «3D Кіно» і «Арткінатэатр» на найбліжэйшыя дні, аднак купіць на яго білеты ўжо немагчыма.
У сетцы SKYLINE Cinema выказалі надзею, што «сітуацыя нармалізуецца пасля выходных» і паказы карціны адновяцца, але ў «Арткінатэатры» далі зразумець, што разлічваць на гэта не варта: паводле звестак супрацоўнікаў, расійскі фільм не пусціла на экраны Міністэрства культуры — ведамства нібыта правярае стужку на «наяўнасць прапаганды».
Нагадаем, легальны пракат фільмаў у Беларусі магчымы толькі пасля рэгістрацыі ў Міністэрстве культуры. А ў выпадку, калі Рэспубліканская экспертная камісія па перадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці (РЭК) выявіць у карціне сцэны, якія могуць не адпавядаць «маральным крытэрам», яе здымаюць з пракату.
Так адбылося, напрыклад, з фільмам «Спакуса» Пола Верховена — у ім камісія знайшла «сэксуальныя вычварэнствы». Імаверна, менавіта яна цяпер займаецца праверкай новай часткі «Пра што гавораць мужчыны».
Зрэшты, фільмы знікалі з экранаў беларускіх кінатэатраў і з іншых нагодаў. Так, летась з праграмы фестывалю «Лістапад» прыбралі адзіны беларускі гульнявы фільм «Дзесяць жыццяў Мядзведзя», патлумачыўшы гэта «парушэннем рэгламенту кінафестывалю». Аднак стужка таксама была знятая з камерцыйнага пракату.
Паводле інфармацыі крыніц «Люстэрка», сапраўднай прычынай зняцця фільма з паказу магло быць тое, што ў адной з галоўных роляў у ім зняўся «пратэсны актор» (канкрэтнае імя нам не назвалі).
А яшчэ раней адмянілі паказы прыгодніцкага фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча» з удзелам актораў Купалаўскага тэатра — прычыну нават не сталі тлумачыць.
Што за фільм і хто яго стваральнікі
«Сустрэўшыся суботняй раніцай, каб выпіць шампанскага, сябры адпраўляюцца ў новае падарожжа па глыбінях мужчынскай падсвядомасці. Пра што ж гэтым разам гавораць мужчыны? Вядома, пра асабістае. Лёша спрабуе зразумець, ці існуе „жаночае сяброўства“, Каміль разважае, ці можна звольніць найлепшага сябра, лавелас Слава ўспамінае першае каханне (ці гэта было не яно?), а Саша разважае пра страту бацькі і ўменне жыць і радавацца кожнаму новаму дню», — гаворыцца ў анонсе камедыі «Пра што гавораць мужчыны. Простыя радасці». Што магло збянтэжыць чыноўнікаў у яе сюжэце — невядома.
Нагадаем, калектыў «Квартэт І» ў канцы 2020 года асудзіў разгон пратэстаў, гвалт сілавікоў і знішчэнне нацыянальнай сімволікі ў Беларусі.
Дарэчы, акторы «Квартэта І» таксама выказаліся супраць вайны ва Украіне, а адзін з заснавальнікаў тэатра Леанід Барац неўзабаве пасля пачатку ўварвання звярнуўся да расійскіх салдат з просьбай не страляць у мірных жыхароў:
— Там жывуць людзі. Там жывуць мае дзеці, мае бацькі, — сказаў ён.
Тым не менш у Расіі, дзе прэм’ера новай часткі «Пра што гавораць мужчыны» адбылася адначасова з Беларуссю, фільм ідзе без зменаў у раскладзе і без забаронаў.