Міністр унутраных справаў Іван Кубракоў на прэс-канферэнцыі расказаў, якія парушэнні часцей за ўсё выяўлялі падчас праверкі маршрутак, і анансаваў змены ў ПДР што да пасажырскіх перавозак, піша Tochka.by.
Адным з самых частых парушэнняў у маршрутных таксі Кубракоў назваў іх пераабсталяванне, не прадугледжанае канструкцыяй. У многіх машынах рамяні бяспекі адсутнічалі альбо не прайшлі тэхагляд. У некаторых выпадках у салонах знаходзілася больш пасажыраў, чым было заяўлена.
Кубракоў таксама анансаваў змены ПДР што да перавозкі пасажыраў — яны закрануць маршруткі і іншы грамадскі транспарт.
— Стыль кіравання кіроўцаў маршрутных таксі ў многіх выклікае пэўныя пытанні. Таму мы працуем на прафілактыку, — заявіў ён.
Нагадаем, за апошні час у Беларусі адбылося некалькі буйных аварый з удзелам маршрутак.
20 лютага ў Смалявіцкім раёне сутыкнуліся гружаны пяском МАЗ і маршрутнае таксі. У ДТЗ загінулі 11 чалавек, дзевяць — шпіталізаваныя. Кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў, што, паводле папярэдніх звестак, хуткасны рэжым кіроўцы не парушалі. У Следчым камітэце паведамілі пра затрыманне кіроўцы МАЗа.
24 лютага ў Магілёўскай вобласці на трасе Бабруйск — Глуск сутыкнуліся маршрутка і трактар. Пацярпелі 12 чалавек, дзевяць чалавек шпіталізавалі, траім аказалі першую дапамогу і апусцілі. Загінулых няма.
У гэты дзень адбылося яшчэ адно ДТЗ з удзелам маршрутнага таксі. У Лідскім раёне маршрутка ўрэзалася ў адбойнік. Чатыры пасажыры былі прышпіленыя рамянямі бяспекі, таму сур’ёзных траўмаў не атрымалі. У ДАІ адзначылі, што гума на ўсіх колах была са зношаным пратэктарам і не адпавядала ПДР.
Пасля гэтага МУС і Мінтранс абвясцілі пра рэйды ў дачыненні да маршрутак. Інспектары ДАІ правяраюць у кіроўцаў допуск да ўдзелу ў дарожным руху або дакументы, якія дазваляюць ажыццяўляць паслугі па перавозцы пасажыраў. Таксама надаюць увагу перавышэнню хуткаснага рэжыму і выяўленню магчымых фактаў пераабсталявання транспартных сродкаў шляхам павелічэння колькасці пасадачных месцаў, якія не прадугледжаныя канструкцыяй аўтамабіля.
Маштабную праверку міжгародніх перавозчыкаў, якія працуюць у рэгулярнай і нерэгулярнай камунікацыі, анансавала і прэс-служба Міністэрства па падатках і зборах.
Разабрацца з падрыхтоўкай кіроўцаў і захаваннем дысцыпліны на дарогах паабяцаў і Лукашэнка.