У выпадку неабходнасці ў Беларусі з’явіцца стратэгічная ядзерная зброя. Пра гэта заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін 14 красавіка на палігоне ў Брэсцкай вобласці, паведамляе прэс-служба Мінабароны.
— У нас падрыхтаваная тэхніка — гэта самалёты, якія могуць несці ядзерныя боепрыпасы. У нас падрыхтаваныя лётчыкі. Мы атрымалі сучасны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць ракеты з ядзернымі боегалоўкамі, — нагадаў Віктар Хрэнін.
Ён дадаў, што на наступным тыдні завяршаецца падрыхтоўка беларускага падраздзялення, якое вернецца з навучання ў Расіі.
— Калі трэба — у нас будзе і стратэгічная ядзерная зброя, — звярнуў увагу кіраўнік абароннага ведамства.
Віктар Хрэнін запэўніў, што Беларусь ужо займаецца падрыхтоўкай наяўных у нас пляцовак для стратэгічнай зброі.
— Калі будзе і далей такая агрэсіўная рыторыка — гэта будзе наступны крок, — прыгразіў Хрэнін. — На пагрозу сілы толькі сілай. Па-іншаму, на жаль, цяпер на Захадзе не разумеюць.
Нагадаем, 25 сакавіка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква і Мінск дамовіліся размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, пра што «даўно прасіў» Аляксандр Лукашэнка. Паводле прэзідэнта Расіі, будаўніцтва спецыяльнага сховішча для гэтых узбраенняў скончыцца да 1 ліпеня 2023 года.
У сваім пасланні беларускаму народу 31 сакавіка Лукашэнка заявіў, што ў выпадку неабходнасці Пуцін можа ўвесці ў Беларусь і стратэгічную ядзерную зброю.
— І яны гэта павінныя разумець, мярзотнікі, якія там за мяжой сёння спрабуюць падарваць нас знутры і звонку. Мы ні перад чым не спынімся, абараняючы свае краіны, свае дзяржавы і свае народы, — заявіў Лукашэнка. — Хоць так прымусім іх лічыцца з нашым народам, калі іншай мовы не разумеюць.
Чытайце таксама