Дальнабойшчык, якога следчыя назвалі «экстрэмістам з Мінска», спрабаваў нанесці шкоду вайскоўцам, падарваўшы піратэхніку. Распачатая крымінальная справа. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Следчага камітэта.
«Паводле следства, увечары 11 траўня на аўтадарозе М5 (Мінск — Гомель) паблізу вёскі Ясень 50-гадовы кіроўца аўтамабіля DAF, які праязджаў міма спыненай вайсковай транспартнай калоны, здзейсніў падрыў нявысветленай прылады, самастойна зробленай з піратэхнічных вырабаў, кінуўшы яе ў бок вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі. А пасля паспрабаваў уцячы», — заявілі ў СК.
Падчас пагоні машыну блакавалі, а кіроўцу затрымалі.
У СК заявілі, што кабіна аўтамабіля мужчыны была «аблепленая экстрэмісцкай сімволікай», а ў яго мабільным тэлефоне знайшлі «мноства падпісак на радыкальныя каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі».
Распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства) КК Беларусі. Мужчыну пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
У ведамстве адзначылі, што следствам «разглядаецца пытанне наяўнасці ў дзеяннях мужчыны дадатковых складаў злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці і прымянення да яго меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту».
Нагадаем, раніцай 12 траўня ў Мінабароны Беларусі заявілі, што ўвечары 11 траўня на ўчастку трасы М5 (Мінск — Гомель) кіроўца вялікагрузнага аўтамабіля «ажыццявіў спробу нападу з выкарыстаннем выбуховай прылады, вырабленай з піратэхнічных сродкаў, на групу вайскоўцаў, якія бяруць удзел ва ўзмацненні ўчасткаў дзяржмяжы».