Пуцеправод на Нямізе ў Мінску абрынуўся 8 студзеня 2022 года. Крайнім стаў намеснік дырэктара эксплуатацыйнага прадпрыемства «Гараўтамост» Мікалай Дзядзюля — яго абвінавацілі ў службовай халатнасці і ў снежні асудзілі на пяць гадоў «хатняй хіміі». Але, як аказалася, гэтым не абмежавалася — з былога супрацоўніка вырашылі спагнаць амаль увесь кошт моста. Расказваем, якое рашэнне прыняў суд.
Пазоў супраць Дзядзюлі ў суд падала Генпракуратура ў інтарэсах «Гараўтамоста». Паколькі мужчыну прызналі вінаватым у неналежным выкананні працоўных абавязкаў (суд вырашыў, што ён ведаў пра «дэфекты рыгеля прамежкавай апоры пуцеправода, якія пастаянна прагрэсавалі», але не ліквідаваў іх, і гэта прывяло да абвальвання канструкцыі), пракуратура палічыла, што менавіта былы работнік мусіць кампенсаваць усю шкоду, нанесеную халатнасцю.
Кошт пуцеправода ацанілі ў 2 млн 743 тыс. рублёў. Аднак падчас будаўніцтва новага моста былі выкарыстаныя канструкцыі і элементы старога, у прыватнасці парэнчавая агароджа на суму 425 тыс. Іх кошт аднялі, у выніку сума шкоды для прадпрыемства крыху зменшылася — да 2 млн 318 тыс. рублёў. Да яе дадалі дзяржпошліну ў 15 тыс. рублёў — і ўсю гэтую суму — 2 млн 333 тыс. — пракуратура запатрабавала спагнаць з Мікалая Дзядзюлі.
Аднак суд уважліва вывучыў матэрыялы, пададзеныя «Гараўтамостам» як абгрунтаванне шкоды, запытаў дадатковую інфармацыю і высветліў, што, аказваецца, парэнчавыя агароджы моста цалкам захаваліся і могуць быць паўторна выкарыстаныя ў поўным аб’ёме (30 тон), а не толькі тыя 7 тон, якія пайшлі на новы мост. Так што агароджы на суму 1,23 млн рублёў са шкоды вылічылі.
Акрамя таго, засталіся цэлымі таксама тумбы і цокаль, абліцаваныя гранітнымі плітамі. Іх на новым мосце не выкарыстоўвалі, але наогул іх паўторнае выкарыстанне магчымае, а гэта значыць яшчэ мінус 960 тыс.
У выніку, адняўшы кошт усіх захаваных і паўторна выкарыстаных частак моста, суд прыйшоў да высновы, што рэальная шкода, якую нанёс Дзядзюля, складае «ўсяго» 128 230 рублёў — іх ён і мусіць выплаціць. А дзяржпошліна ў шэтым выпадку спагнанню не падлягае: з фізічных асоб па працоўных спрэчках яе не бяруць, з дзяржустановаў — таксама, таму 15 тысяч плаціць не трэба.
Больш за тое, паколькі прэтэнзіі прадпрыемства аказаліся справядлівымі толькі часткова, «Гараўтамосту» яшчэ і давялося кампенсаваць свайму былому намесніку дырэктара 500 рублёў, выдаткаваныя ім на аплату дапамогі прадстаўніка з прычыны складанасці справы.