Уступная кампанія — 2023 прыносіць сюрпрызы ўжо на старце. Апублікаваныя на тры дні пазней, чым абяцалася, вынікі непрыемна здзівілі многіх: за адну-дзве памылкі школьнікі страчвалі 15−20 балаў. Абураныя адзінаццацікласнікі разам з бацькамі цэлы дзень абрывалі тэлефоны Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ). А некаторыя, як пісаў нам чытач, нават прыехалі да будынка і патрабавалі сустрэчы з дырэктарам. У акаўнце рэдакцыі незадаволенасць сітуацыяй выказвалі дзясяткі чалавек. Пагаварылі з выпускнікамі, выпускніцамі і іх бацькамі пра тое, як раптоўнае змяненне ў падліках РІКВ адаб’ецца на паступленні ў ВНУ.
Імёны герояў змененыя з меркаванняў бяспекі, звесткі ёсць у рэдакцыі.
«У нас нахабна адбіраюць велізарную колькасць балаў»
Вынікі ЦЭ для многіх сталі нечаканымі і ў параўнанні з рэпетыцыйнымі тэстамі, якія яны здавалі як падрыхтоўку да новага віду выпрабаванняў. Пра гэта расказвае і Вольга. Дзяўчына родам з Віцебска, апошні этап рэпетыцыйнага тэставання яна напісала на 85 балаў (былі 3 часткова правільныя і 2 няправільныя адказы).
— Сёння мы даведаліся пра вынікі. Паглядзела — усё правільна, толькі два часткова правільныя пытанні. І тут карцінка пачала разбурацца. Таму што за 78 першасных балаў з 80 раней давалі 95 тэставых, а цяпер — 86, — тлумачыць яна. — Сказаць, што я незадаволеная вынікамі — значыць не сказаць нічога. Я радая, што напісала тэст добра, але ў шоку ад балаў. Мае аднакласнікі таксама. Выходзіць, што набраць 97 або 99 балаў немагчыма: адно часткова правільнае пытанне ў частцы А, за якое раней здымалі бал ці два, цяпер каштуе 8 балаў. То-бок ты альбо пішаш на 100, альбо адразу на 92 з мінімальнай памылкай.
Дзяўчына спрабавала дазваніцца на гарачую лінію РІКВ, але не змагла: было занадта шмат ахвочых. Праз супярэчлівую інфармацыю сёння (камусьці казалі, што пералічаць, камусьці — што не, сам РІКВ таксама доўга не мог вызначыцца, ці будзе пераправяраць вынікі) Вольга ўжо не верыць, што ўсё можа змяніцца.
— Практыка паказвае, што ўлады не прызнаюць сваіх памылак, — кажа яна. — Балы сёлета чакана знізяцца. Але я хачу паступаць не ў Беларусь, а гэта значыць, што для мяне авантуры РІКВ мяняюць многае. Абурае і тое, што такія змены ўвялі не на апошнім РТ, а толькі пасля экзамену. Усё, што мы можам зрабіць, — накіраваць афіцыйны электронны зварот і падпісаць петыцыю. У выніку ў многіх год і больш падрыхтоўкі ідуць кату пад хвост, бо РІКВ захацелася эксперыментаў.
Мінчанка Ангеліна да здачы беларускай мовы рыхтавалася ўвесь год і разлічвала на вынік, вышэйшы за 90 (трэці этап РТ яна напісала на 85 балаў).
— Сёння раніцай мне прыйшло смс з вынікам: 78 балаў. У мяне адразу ж здарыўся прыступ істэрыкі, — успамінае яна. — Я расплакалася і патэлефанавала маме і бабулі. Іх рэакцыя была спакойнай: яны абедзве мяне супакоілі і сказалі, што гэта яшчэ не канец, наперадзе другі ЦЭ і ЦТ. Але асабіста я ўжо ні ў чым не ўпэўненая.
Аднакласніцы і сяброўкі Ангеліны атрымалі падобныя вынікі. Дзяўчына кажа, што ў паловы класа першасны бал супаў з тэставым, хоць раней такога не здаралася.
— Усе плакалі, абураліся, тэлефанавалі ў РІКВ. Спачатку нам паведамлялі, што адбылася памылка і пералік ужо ідзе, але праз пару гадзін з’явілася афіцыйная заява, што ўсе падлічаныя балы правільныя, — расказвае выпускніца. — Тады ў нас наступіў поўны адчай. Я хацела паступіць на бюджэт у МДЛУ на перакладчыцкі факультэт, але цяпер сумняваюся, што траплю нават на платнае. Калі толькі на настаўніка ісці. Вельмі крыўдна. Столькі планаў, столькі надзей, увесь год на нервах, а ў выніку атрымліваеш гэта. Усе цяпер упэўненыя ў тым, што раз так ацанілі першы ЦЭ, на добрыя вынікі наступнага экзамену і ЦТ разлічваць не варта.
Адзінаццацікласнік Павел з Пінска вынікамі таксама незадаволены, хоць і рэагуе на сітуацыю менш эмацыйна. Вынік школьніка — 74 балы.
— Калі глядзець па табліцы пераводу першаснага бала ў тэставы, якая выкарыстоўвалася на ўсіх этапах РТ 2022−2023, у мяне мусіла быць 87. Не скажу, што для мяне гэта крытычна, але пэўная крыўда прысутнічае, — разважае ён. — Цяпер я наогул не ведаю, які прахадны бал будзе сёлета на маю спецыяльнасць. Уладальнікі дыплома рэспубліканскай алімпіяды могуць паступаць без экзаменаў на тыя спецыяльнасці, для якіх прадмет алімпіяды профільны. У мяне гэта геаграфія. І з улікам таго, што дыпломаў на алімпіядзе 17, а бюджэтных месцаў на тую спецыяльнасць, куды хачу паступаць, — 18, то наогул невядома, колькі месцаў застанецца і які будзе конкурс.
Абураюцца школьнікі і тым, што пра змяненне метадаў падліку РІКВ паведаміў толькі сёння. Таму шмат хто проста не быў гатовы да вынікаў, упэўнены Павел.
— Усе ў шоку. Мне цяпер найбольш крыўдна і сумна назіраць за тымі, каго вынікі так канкрэтна знервавалі і хто вельмі складана гэта перажывае. Таму адназначны дызлайк РІКВ, — заяўляе ён. — Варта было папярэдзіць пра змены загадзя, а ў ідэале — правесці хаця б адзін этап РТ у гэтым навучальным годзе з гэтай сістэмай пераводу балаў.
Яшчэ адна нашая чытачка, Ірына з Віцебскай вобласці, адзначае: заданні на ЦЭ падаліся нескладанымі, пытанні выклікалі толькі два з іх (менавіта гэтыя пытанні ў дзяўчыны і аказаліся часткова правільнымі).
— Рэпетыцыйны ЦЭ я напісала на 92, прыкладна такога выніку і чакала. Якім жа было маё здзіўленне, калі пры двух часткова правільных заданнях і першасным бале 78 з 80 я ўбачыла выніковы 86! — абураецца яна. — Нават не паверыла спачатку. Потым наступіла стадыя гневу: маўляў, вы там зусім ачмурэлі? Вядома, я чакала перападліку ад РІКВ. Як можа адна памылка каштаваць 14 балаў? І вось, здавалася б, дасягнула мэты, за год будзе дзясятка (у атэстат ставяць 10, калі набіраеш больш за 82 балы), але па гонары б’е вельмі моцна. Гэта не мае балы. У мяне іх проста скралі.
Бацькі Ірыны ўспрынялі вынікі ЦЭ без асаблівага абурэння: у атэстат пойдзе 10, а ва ўніверсітэт дзяўчына разлічвае паступіць з дапамогай дыплома ўніверсітэцкай алімпіяды.
— Але калі б яго не было, у мяне і ў іх была б істэрыка, — упэўненая яна. — Мала таго, што далі менш, чым ты заслужыла, дык яшчэ і стабальнікаў у разы больш, чым раней. І цягацца з імі складана, таму што балы ідуць так: 100, 92, 86, 82. Восем балаў — гэта вельмі шмат. А чатырнаццаць — тым больш.
Калі толькі ўбачыла вынікі, было нават смешна, успамінае выпускніца. Але тлумачыць гэта шокам і нявер’ем у тое, што лічбы сапраўды будуць такімі.
— Але здзіўленне прайшло і змянілася злосцю: у нас нахабна адбіраюць велізарную колькасць балаў. Хтосьці мяняе мэту з БДУ на педагагічны, хтосьці ўжо напявае «Здравствуй, небо в облаках», — апісвае яна настрой сярод абітурыентаў. — У маёй аднакласніцы істэрыка: яна залатая медалістка, у яе сярэдні бал атэстата 9,8, усе яе РТ і тэсты вышэйшыя за 90 балаў. Ну не магла яна напісаць на 78!
Абураная вынікамі і мама адзінаццацікласніка Таццяна з Ляхавічаў. Яе сын тройчы здаваў рэпетыцыйны тэст па рускай, і ўсе тры вынікі былі вышэйшыя за 70. Але сённяшні выклікаў шмат пытанняў.
— Ён атрымаў 52, гадавая адзнака — 9 балаў. Але цяжка паверыць, што дзіця стала значна дурнейшым, больш чым на 20 балаў, — разважае яна. — І ўжо зусім нерэальна, што РІКВ прызнае памылковы падлік або збой сістэмы.
Сын жанчыны планаваў паступаць у БНТУ. Настрой у яго прыгнечаны, сама Таццяна абураная і засмучаная. Прычым, мяркуючы па бацькоўскім чаце, дадае яна, такі настрой ва ўсіх.
— Мінус 20 балаў, вядома, упэўненасці не дадаюць. А гэта ж толькі адзін з чатырох складнікаў. Страшна ўявіць, што будзе па матэматыцы, — кажа чытачка. — Ніякага даверу да падліку балаў, адно суцэльнае бяссілле. Відавочна, што адбыўся нейкі збой, але ж ні за што не прызнаюцца.
Як падлічваюцца балы і ў чым праблема сёлета
За кожнае правільна ці часткова правільна выкананае заданне выпускніку налічваецца 1 або 2 першасныя балы (у залежнасці ад тыпу задання). Затым сума першасных балаў абітурыента пераводзіцца ў тэставы бал. Гэта робіцца з дапамогай спецыяльнай формулы, якой РІКВ не публікуе.
У 2022 годзе першасныя і тэставыя балы ЦТ па рускай і беларускай мовах суадносіліся такім чынам, на што і арыентаваліся цяперашнія абітурыенты. Мяркуючы з іх словаў, на рэпетыцыйным ЦЭ балы падлічваліся гэтак жа.
Афіцыйнай табліцы за 2023 год пакуль няма, але, як удакладнілі ў Міністэрстве адукацыі, сістэма падліку сёлета была наступная. Да 75 балаў першасны бал адпавядае тэставаму. То-бок калі вы набіраеце 63 першасныя балы, то ў сертыфікаце будзе столькі ж. А вось калі першасны вынік будзе вышэйшы, то падчас пераводу дадасца каэфіцыент. Таму ўзрастае значэнне памылкі для тых, хто выканаў тэст добра. І ўжо за адзін-два няправільныя адказы можна атрымаць 70−80 балаў.
Як расказвалі нам чытачы, сярод абітурыентаў шырыцца версія, што такую сістэму падлікаў РІКВ абраў, бо тэсты сталі лягчэйшыя.
— За кошт гэтага, мабыць, вырашылі занізіць вынікі ўсіх астатніх. Вельмі крыўдна і ніякай справядлівасці, — пракаментавала такі варыянт Ангеліна.
Чытайце таксама


