Андрэй займаецца пасажырскімі перавозкамі ўжо 10 гадоў. Працуе кіроўцам рэйсавага аўтобуса ў польскай прыватнай кампаніі. Пяць дзён на тыдзень возіць людзей па двух напрамках: Брэст — Бяла-Падляска — Брэст і Брэст — Варшава — Брэст. Пагаварылі з ім пра тое, як мянялася сітуацыя на памежных пунктах, пра допыты, людзей у цывільным і перспектывы поўнага закрыцця мяжы з Польшчай.
Імя суразмоўцы змененае з меркаванняў бяспекі. Яго звесткі ёсць у рэдакцыі.
«Добры час — 4 гадзіны на ўсю мяжу. Але часам і 12 гадзін прастаіш»
— З лютага ўвесь пасажырскі транспарт едзе ў Польшчу праз пункт пропуску «Брэст — Тэрэспаль». Моцна павялічыліся чэргі?
— Так, стала больш людзей і транспарту. Вельмі шмат машын з гродзенскімі, віцебскімі і мінскімі нумарамі. Гродзенскі аўтапарк змяніў свае маршруты — многія ездзяць праз Брэст.
— Колькі ў сярэднім аўтобус праходзіць беларуска-польскую мяжу апошнім часам?
— Вельмі па-рознаму. Добры час — 4 гадзіны на ўсю мяжу. Але часам і 12 гадзін прастаіш, проста таму, што менавіта ў гэты момант з’ехалася шмат аўтобусаў і аўтамабіляў.
— Цяпер беларусам не так проста атрымаць візы ў еўрапейскія краіны. Стала менш людзей на рэйсах?
— Людзей хапае. Аўтобусы ў сярэднім запаўняюцца на 50%. Гэта нармальны вынік.
— Што гэта за людзі? Турысты, студэнты ці тыя, хто з’язджае з Беларусі з канцамі?
— 85−90% нашых пасажыраў — беларусы, якія едуць у Польшчу на заробкі ці вучыцца. Я правяраю дакументы людзей перад пасадкай на рэйс і бачу вельмі шмат працоўных візаў.
З Польшчы цяпер вяртаецца шмат студэнтаў-беларусаў — мабыць, навучальны год падышоў да канца. Да 50% загрузкі аўтобуса.
Часам на рэйс садзяцца турысты, якія адпачывалі дзесьці, прыляцелі ў Варшаву, а з яе ўжо едуць у Беларусь на аўтобусе. Самалёты ж не лётаюць. Але турыстаў не вельмі шмат.
— Палякі ездзяць у Беларусь?
— Вельмі рэдка. Сустракаў хіба дальнабойшчыкаў, якія з нейкай прычыны пакінулі фуры ў Брэсце і вярталіся па іх.
— Калі вы заўважылі, што на памежных пунктах адбываецца нешта незвычайнае: узмоцненыя праверкі, людзі ў цывільным?
— Насамрэч усё пачалося яшчэ ў 2020 годзе. Межы яшчэ былі закрытыя праз пандэмію, але рух праз памежныя пункты ўсё роўна быў. Ужо тады і з’явіліся людзі ў цывільным. Правяралі багаж, дапытвалі людзей.
Асабліва іх цікавіла, колькі грошай вывозіць чалавек з Беларусі. Калі больш за 2,5−3 тысячы даляраў — адводзілі на гутарку. Пыталі, адкуль такая сума, куды і для чаго яе вязуць. Такія выбарачныя праверкі і цягнуліся гэтыя гады.
Усё стала больш жорсткім пасля падрыву ваеннага самалёта ў Мачулішчах у сакавіку. Людзей у цывільным на мяжы стала значна больш.
— Вы разумееце, супрацоўнікі якіх органаў працуюць на мяжы ў цывільным? КДБ, ГУБАЗіК, СК? Магчыма, яны прадстаўляліся камусьці з пасажыраў?
— Дакладна не ведаю. Маё асабістае меркаванне: гэта не КДБ. Мяркую, што ГУБАЗіК.
— Чаму вы так думаеце?
— Не ведаю, манера размаўляць у іх такая… У чэкістаў нейкае пачуццё такту ёсць. Могуць хаця б пасведчанне ў закрытым выглядзе паказаць. А гэтыя ніколі не прадстаўляюцца. Усе ім павінныя нібыта.
— Вы камунікуеце з памежнікамі? Як яны ставяцца да сітуацыі?
— У мяне няма сяброў-памежнікаў. Так, перакінешся парай словаў, пакуль афармляеш дакументы. Яны лічаць, што ўсё нармальна. Кажуць: «Узмацненне мяжы, прыслалі нам дапамогу».
— На якім этапе праходжання мяжы звычайна з’яўляюцца людзі ў цывільным?
— Звычайна гэта адбываецца так. Памежнік правярае пашпарты пасажыраў, у яго камп’ютары нешта высвятляецца, і ён кліча чалавека ў цывільным. Падазронага пасажыра адводзяць на допыт.
— Допыты заўсёды выбарачныя? Ці былі выпадкі, калі дапытвалі цэлы аўтобус?
— Не, заўсёды выбарачна: некалькі чалавек з рэйса могуць выклікаць цікавасць, іх адводзяць на допыт.
— Як часта такое здараецца?
— Штодня. Апошнія тыдні на выездзе з Беларусі кантроль аслабеў. Але на ўездзе ў Беларусь усё строга. З кожнага аўтобуса некалькі чалавек выклікаюць на допыт і праверку тэлефонаў. Сярод іх шмат украінцаў. У іх высвятляюць, навошта яны едуць у Беларусь.
«Падышоў да памежнікаў даведацца, што з пасажырамі. Тыя сказалі, што людзей можна не чакаць, яны не вернуцца»
— Шмат украінцаў ездзіць на вашых аўтобусах з Польшчы?
— Хапае. У асноўным маладыя людзі з украінскімі біяметрычнымі пашпартамі. Некаторыя з іх едуць у акупаваную частку Усходняй Украіны. Мабыць, там у іх засталіся дом, маёмасць. Праз лінію фронту праехаць нельга, таму рухаюцца ў абыход — праз Польшчу і Беларусь.
— Да ўкраінцаў, якія жывуць у Беларусі, таксама павышаная цікавасць?
— Да ўкраінцаў з беларускім ВНЖ звычайна пытанняў не ўзнікае. Я не бачыў, каб іх забіралі на размову з аўтобуса (насамрэч украінцаў з беларускім ВНЖ таксама часам дапытваюць на мяжы. — Заўв. рэд.).
— Хто яшчэ, з вашых назіранняў, у зоне рызыкі?
— Людзі, якія траплялі па адміністрацыйных артыкулах у 2020 годзе. Яны ў нейкай базе звестак (хутчэй за ўсё, памежнікі звяраюцца з базай звестак «Беспарадкі», куды трапляюць людзі, якіх затрымлівалі па «пратэсных» артыкулах. — Заўв. рэд.).
— Як памежнікі рэагуюць, калі бачаць у пасажыра замежны ВНЖ?
— ВНЖ просяць паказаць і скануюць. Звышнатуральнай пільнасці да такіх людзей няма. Такой заканамернасці, каб уладальнікаў ВНЖ адпраўлялі на допыт, я не заўважыў (у памежных пунктах праверку ВНЖ тлумачаць новымі «ўнутранымі правіламі», вядомыя выпадкі, калі людзей з замежнымі ВНЖ дапытвалі на мяжы. — Заўв. рэд.).
— Былі выпадкі, калі пасажыры не вярталіся ў аўтобус пасля допытаў?
— Такое таксама здараецца рэгулярна — раз-два на тыдзень.
— Раскажыце пра апошні такі. Калі гэта было?
— На мінулым тыдні. Двух беларусаў павялі на допыт разам з багажом. Іх не было тры з паловай гадзіны. Я падышоў да памежнікаў даведацца, што з пасажырамі. Тыя сказалі, што людзей можна не чакаць, яны не вернуцца. Далей паехалі без іх.
— Украінцаў таксама часам здымаюць з рэйса?
— Звычайна затрымліваюць грамадзян Беларусі. Але было некалькі выпадкаў і з украінцамі. Не ведаю, што далей з імі адбываецца. Дэпартуюць назад у Польшчу?
— Як прайшоў ваш апошні рэйс? Колькі прабылі на мяжы, колькі людзей выклікалі на допыт?
— Гэта быў начны рэйс. Вярталіся з Польшчы. Мяжу прайшлі адносна хутка — гадзін за шэсць. Трох чалавек — аднаго беларуса і двух украінцаў — адвялі на размову. Іх не было хвілін дваццаць. Гэта вельмі хутка. Звычайна мы чакаем людзей з «гутарак» недзе паўтары гадзіны.
— Пасля допытаў людзі што-небудзь расказваюць? Якія ў іх рэакцыі?
— Ды неяк не хочацца чапляцца з пытаннямі. Разумееш, пад якім прэсам быў чалавек. Так, агульныя фразы: «Задавалі пытанні, праверылі тэлефон, добра, што адпусцілі».
— Кіроўцаў аўтобусаў правяраюць, дапытваюць, глядзяць тэлефоны?
— Ведаю, бывалі допыты і кіроўцаў, але вельмі рэдка. Асаблівая ўвага да людзей, якія, напрыклад, прыцягваліся ў 2020 годзе. Але ў цэлым нас не чапаюць. Нам жа няма калі смуту ў краіне наводзіць — мы ўвесь час у дарозе.
«Ён проста там і выкінуў дрон у сметніцу»
— Праверкі багажу таксама рэзка ўзмацніліся?
— Раней — яшчэ да інцыдэнту ў Мачулішчах — мытнікі даглядалі багаж пасажыраў выбарачна. Як рулетка ў казіно: пашанцуе ці не. Ідуць дваццаць чалавек праз мытню — ну, папросяць валізак пяць адкрыць.
Цяпер даглядаюць абсалютна ўвесь багаж. Кожную сумку адкрыюць і паглядзяць. Могуць ні з вады ні з яру 90% транспарту адправіць на рэнтген. З легкавых машын дастаюць усе запакаваныя рэчы: скрынкі з бытавой тэхнікай, парашком, вёдры з фарбай. Напрыклад, купіў у Польшчы кавамашыну — яе абавязкова ўскрыюць, адправяць на рэнтген. Раней такога не было.
— На якія прадметы мытнікі звяртаюць асаблівую ўвагу? Могуць нешта канфіскаваць?
— Варта разумець, што пасажыры вельмі моцна напалоханыя і вельмі асцярожна ставяцца да выбару багажу. Пастаянна пытаюць у кіроўцаў, што можна везці, а што нельга. Таму інцыдэнтаў з багажом не так шмат. Быў выпадак, калі малады чалавек вёз з сабой танны дрон — нічога асаблівага, проста цацка. Пасля польскай часткі мяжы падышоў да мяне, спытаў, ці можна такое везці. Я патлумачыў, што пытанні на беларускай мяжы дакладна будуць. Ён проста там і выкінуў дрон у сметніцу.
Могуць папрасіць уключыць ноўтбук або фотаапарат — зірнуць на фатаграфіі. Звяртаюць увагу на дакументы, якія вязуць пасажыры. Могуць прагартаць, паглядзець, што там напісана.
Часам нават выгляд пасажыра выклікае падазрэнне. Неяк у суседнім аўтобусе ехаў хлопец у вопратцы колеру хакі і з заплечнікам зялёнага маскіровачнага колеру. Здавалася б, нічога такога ў яго з сабой не было, але яго адправілі на дадатковы дагляд і размову з чалавекам у цывільным. Мне здаецца, праз выгляд і адправілі. Калега расказаў, што на рэйс ён так і не вярнуўся.
— На польскім баку мяжы нешта змянілася апошнім часам?
— Не, у палякаў усё ў штатным рэжыме.
— Шмат размоваў, што палякі могуць цалкам закрыць мяжу. Што будзеце рабіць, калі гэта здарыцца?
— Не ведаю, яшчэ не думаў. Застанёмся без працы. Будзе вялікае напружанне на літоўскай і латвійскай мяжы. Сумняваюся, што беларусы перастануць ездзіць на працу ў Польшчу.
— У польскай кампаніі, у якой вы працуеце, абмяркоўваюць магчымае закрыццё межаў?
— Ніхто нічога не абмяркоўвае і не рыхтуецца. Але раз закрылі «Баброўнікі», могуць і «Брэст» закрыць. Маё меркаванне: мяжу канчаткова закрыюць, калі беларускія войскі пачнуць ваяваць з Украінай.
Чытайце таксама