Трапіўшы ў беларускі ізалятар, СІЗА або калонію, чалавек аказваецца пазбаўлены не толькі права распараджацца сваім жыццём, але і задавальнення элементарных базавых патрэбаў. Напрыклад, зносін з блізкімі (часцяком не перадаюць нават лісты), прагулак на свежым паветры, якаснай медыцыны. І нават нармальнай ежы. Турэмныя порцыі невялікія, а ежа нагадвае сталоўскую, толькі кепскай якасці, пра разнастайнасць рацыёну гаварыць таксама не даводзіцца. Былыя палітвязні расказалі «Люстэрку», як кормяць беларусаў за кратамі.
ІЧУ і СІЗА: «Жудасна не хапала зеляніны і гародніны»
Адзін з нашых суразмоўцаў, Іван (імя змененае), сядзеў у ІЧУ на Акрэсціна, пасля — у СІЗА ў Баранавічах. На пытанне пра тое, чым кармілі ў абодвух ізалятарах, адказвае: «Прыкладна аднолькавым лухтой».
— Але калі сядзіш на Акрэсціна і ў цябе няма перадач, у любым выпадку пачынаеш есці, бо трэба падтрымліваць арганізм. На смак ужо не звяртаеш увагі. Былі хлопцы, якія казалі: «Вось, мы не будзем». Але два-тры дні — і пачыналі есці ўсё, што прынясуць. А вось у СІЗА ты ўжо можаш есці сваё. Часцей за ўсё перадачы атрымлівалі мы — палітычныя, вядома, дзяліліся з аднамернікамі. І так людзі маглі хоць нешта нармальнае з’есці.
На сняданак, апісвае Іван, давалі звычайна кашы: проса, авёс, пярлоўку. Да іх — кавалак хлеба і гарбату. Кашы былі прыгатаваныя так, што даводзілася есці іх праз сілу. Праўда, у Баранавічах, дзякуючы перадачам, была магчымасць «палепшыць» ежу. Мужчына кажа, што дадаваў шакаладнае дражэ, арэхі або згушчонку, і так каша станавілася досыць ядомай.
На абед, расказвае яшчэ адна нашая суразмоўніца, Іна (яна праведзела больш за тры месяцы ў СІЗА на Валадарскага), зняволеным давалі розныя супы.
— Часта быў гарохавы (я яго не люблю) ці капуста. Амаль ніколі не было баршчу, хоць буракоў вельмі хацелася. Яшчэ давалі ўсякія крупяныя супы з гэтым жоўтым тлушчам зверху. Часам расольнік. Але ўсе яны былі такога цьмянага паходжання, — кажа жанчына, тлумачачы, што часцяком было цяжка зразумець, хто і калі іх наогул гатаваў.
На другое зрэдку прыносілі тушаную бульбу, часцей за ўсё з гуляшом. Перыядычна давалі кісель або кампот.
— А вось на вячэру два разы на тыдзень была «магіла» — так мы называлі вараную путасу. Часам кармілі чымсьці накшталт бігуса — такой тушанай капустай, макаронамі ці бульбай з курыцай.
Іна кажа, што ўсё было вельмі вадкае і вельмі нясмачнае. А бульбу ў канцы траўня наогул перасталі даваць. Мабыць, скончыліся запасы, разважае жанчына і адзначае, што, паводле аповедаў аднакамерніц, якія трапілі за краты раней за яе, у пачатку года і супы прыносілі больш густыя і наварыстыя.
Пра памеры порцыі Іна кажа — невялікая «металічная сабачая міска». Але паколькі многія аддавалі перавагу сваім прадуктам з перадач, была магчымасць з’ядаць некалькі порцый. Нашая суразмоўніца так і рабіла, калі пачала моцна падаць вага, а пасылкі з волі не прыходзілі.
— Напэўна, ежа была каларыйнай, набіць пуза атрымлівалася, — адзначае суразмоўніца. — Але жудасна не хапала зеляніны і гародніны, іх не было наогул. Гэта было проста пекла. Я марыла хаця б пра пятрушку з кропам, глядзела на любую зялёную расліну — і проста цяклі слінкі. Але ўсё гэта можна было атрымаць толькі ў перадачах.
Параўноўваючы ежу на Акрэсціна і ў СІЗА, Іна адзначае, што ў першым выпадку тая больш нагадвала сталоўскую. Але і там, і там ежа была нясмачнай. А яшчэ зняволены мог застацца без належнай порцыі, калі так захочацца наглядчыку.
— Па жаданні наглядчыкаў нам маглі ці даць гарнір, ці не даць. Але няма такога, каб дзесьці кармілі лепш — і там, і там ежа была проста ні пра што. Адзінае, на Валадарцы давалі два разы на тыдзень яйка — страшны дэфіцыт, і раз на тыдзень — смажаную катлету. Гэта было прыкольна, бо звычайна мы смажанага не бачылі.
Але агульнае сваё ўражанне ад ежы Іна, якая раней працавала ў грамадскім харчаванні, сфармулявала так: «Цяжка ўявіць, каму наогул можна было такое гатаваць».
— Такое харчаванне адназначна вядзе да праблем са страваваннем і абменам рэчываў. Я разумею, што нашыя людзі працягваюць сядзець на такім рацыёне, і ведаю, што з такім кармленнем выйсці адтуль здаровым немагчыма.
Калонія: «У людзей, якія сядзяць доўга, „хлебныя“ жываты»
У жаночай калоніі, як адзначае Марыя, меню ў цэлым нагадвала тое, якое было ў СІЗА. На сняданак таксама каша, на абед — суп і другое.
— Часцей за ўсё гатавалі боршч і гарохавы суп. Улетку, калі ў іх заканчвалася бульба, супы рабіліся вадкімі. На другое — ці кашы, ці бульба. Яшчэ давалі макарону, але яна была нізкай якасці і заўсёды зліплая. А вось катлеты ў калоніі перыядычна аказваліся смачнымі, а часам смярдзелі кепска апрацаваным мясам. Я вельмі любіла, напэўна, толькі бульбу, бо гэта базавая ежа, якую ў цэлым складана неяк сапсаваць.
Марыя кажа, што ў канцы яе тэрміну меню на вячэру зрабілася больш разнастайным. З’явілася, напрыклад, запяканка з макароны з фаршам, якую дзяўчаты называлі лазанняй.
— Але заўсёды не хапала малочных прадуктаў, даводзілася хадзіць у краму. Там, дарэчы, часам можна было купіць і гародніну, а вось малочка часта аказвалася пратэрмінаванай або да канца тэрміну прыдатнасці заставалася дзень-два.
У цэлым да ежы ў калоніі ў Марыі застаўся шэраг пытанняў. Напрыклад, харчаванне было вельмі каларыйным, тлустым, але зусім не збалансаваным і здаровым — цяжар у жываце адчуваўся пастаянна.
— Да любога прыёму ежы падаваўся белы і чорны хлеб, але ён быў вельмі дрэннай якасці. Пасля яго былі праблемы з паходам у прыбіральню, людзі скардзіліся на ўспухлы жывот. Многія вельмі хутка набіралі вагу. Я сама праз такі рацыён набрала за два гады каля сямі кілаграмаў, што для мяне вельмі нетыпова.
А вось Дзмітрый, які знаходзіўся ў ПК-1, пра ежу ў калоніі кажа — «смачная». І, паводле яго словаў, так лічылі і іншыя асуджаныя.
— Там нават сухарыкі ў суп часам давалі. Пельмені былі ў серады, а ў чацвяргі рабілі бабку, рыбу пяклі. Макарону яшчэ гатавалі, вельмі смачную, дарэчы, з каўбасой, — успамінае ён. — А вось гародніны як такой не было ніколі, яе проста не даюць. Толькі калі ў пасылцы перададуць ці на атаварцы купіш. Але порцыі там нармальныя, можна наесціся. Але вось у ПКТ пры той жа ПК порцыі нашмат меншыя, і тут ужо ўвесь час адчуваеш голад.
Да таго як трапіць у калонію, Дзмітрый быў на «хіміі». Там з ежай было ўсё прасцей: асуджаныя гатавалі сабе самі. Хочаш — можаш купіць піцу і разагрэць, хочаш — пасмажыць рыбу.
Іван з Баранавіцкага СІЗА трапіў у ПК-22. Мужчына ўспамінае, што асабліва там любілі катлеты-паўфабрыкаты — на іх ледзь не палявалі.
— Гэта было нешта неймавернае. Раз на тыдзень на зоне давалі такую катлету, усе проста чакалі гэтага дня.
А ў цэлым, кажа Іван, у ПК-22 гэтак жа распаўсюджаная звычка заядаць усё хлебам, каб адчуць сытасць.
— Калі заканчваецца ежа з перадачы, ты ўжо лічыш дні да новай, бо без яе складана. Да таго ж гародніны наогул не даюць, максімум быў лук, часнок, нейкая капуста. Але гэта мізер проста. Таму чакаеш перадач. А пакуль іх няма — забіваеш страўнік хлебам. Па людзях, якія сядзяць дастаткова доўга, гэта нават відаць: у іх чыста «хлебныя» жываты.
За кошт перадач, расказвае Іван, выжываць у калоніі прасцей. Калі ты недаеў на сняданку, заўсёды можна падсілкавацца сваімі салам, каўбасой ці заварнымі кашамі. Таму пасылкі ад блізкіх у зняволенні — гэта «маст хэв», лічыць ён.
— Мяне кармілі родныя, сябры і неабыякавыя людзі, якія дапамагалі з перадачамі, — расказвае мужчына. — Але калі казаць пра ежу за кратамі, то зразумела, што на зоне яна лепшая, бо там зэкі гатуюць для сябе ж. І калі будзе бяда, то з іх могуць спытаць іншыя зняволеныя. Але зноў жа, гэта ўсё адносна. То-бок памерці з голаду табе не дадуць, але захаваць здароўе з такім рацыёнам будзе складана, — кажа ён. Мужчына ўпэўнены, што калі і не адразу, то праз час гэта адаб’ецца на здароўі, і чым даўжэй чалавек сядзіць — тым мацней.
Падтрымаць сем'і палітвязняў, каб тыя змаглі адправіць блізкім перадачы, можна на BYSOL.
Чытайце таксама


