У Беларусі змяніліся крытэры для прызнання дзяцей такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Зроблена гэта пастановай урада, якая была напярэдадні апублікаваная на Нацыянальным прававым партале.
Адно з самых важных новаўвядзенняў — цяпер дзіця могуць прызнаць такім, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, калі абое бацькоў ці адзін з іх больш за тры месяцы не працуюць ці не атрымліваюць іншага законнага даходу.
Гэтак жа зробяць і тады, калі яны няправільна выдаткоўваюць пенсіі, дапамогі і іншыя выплаты на дзяцей, а таксама сацыяльную дапамогу, праз што не задавальняюць асноўных жыццёвых патрэбаў дзяцей: у тых няма ежы, адзення, месца для адпачынку, заняткаў і гульняў.
Яшчэ адной падставай пастаноўкі дзіцяці ў СНС стане тое, што бацькі ці адзін з бацькоў здзейснілі правапарушэнне або злачынства ў стане наркатычнага ап’янення, а таксама калі яны ўхіляюцца ад дыспансернага назірання пры наяўнасці ў іх хранічнага ці працяглага псіхічнага разладу альбо калі ў іх ёсць сіндром залежнасці ад алкаголю ці наркатычных сродкаў.
У пункт, дзе гаворыцца пра выяўленне фактаў жорсткага абыходжання бацькоў з дзіцем, фізічнага ці псіхалагічнага гвалту ў дачыненні да яго, дадалі сэксуальны гвалт.
Раней маглі паставіць у СНС, калі бацькі не кантралююць паводзіны дзіцяці, старэйшага за 14 гадоў, праз што яно было прыцягнутае да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці. У новай рэдакцыі ўзрост дзіцяці не важны, а падставай можа паслужыць факт здзяйснення ім правапарушэння і распачатая ў дачыненні да яго індывідуальная прафілактычная работа.