У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (ЕГУ), які быў заснаваны ў 1992 годзе ў Мінску, але з 2004-га працуе ў Літве, пасля доўгага разбору звольнілі выкладчыка. Гаворка ідзе пра беларускага мастака і дацэнта дэпартамента (аналаг факультэта) гуманітарных навук і мастацтваў Сяргея Сялецкага, якога абвінавачвалі ў харасменце, паведамляе KYKY.
Скандал вакол Сяргея Сялецкага ў ЕГУ разгарэўся ў пачатку верасня — тады былыя і цяперашнія студэнткі абвінавацілі дацэнта ў харасменце. Паводле меркаваных пацярпелых, ён адпускаў рэзкія каментары пра іх нацыянальнасць ці месцы працы — то-бок буліў дзяўчат, — а некаторыя з іх заявілі і пра сэксуалізаваныя дамаганні.
Сітуацыя паслужыла падставай для адмены выставы выкладчыка ў вільнюскай арт-прасторы CreateCulture Space, але на гэтым справа не скончылася.
Тым, што адбываецца, зацікавіліся беларускія медыя. Яны пастараліся разабрацца ў тым, што адбылося, рэканструявалі падзеі і далі слова ўсім удзельнікам: самому выкладчыку, яго меркаваным ахвярам (большасць з іх выказалася ананімна), мастацкай галерэі, ЕГУ, у тым ліку старшыні яго этычнай камісіі.
Пасля гэтага былі апублікаваныя новыя аповеды меркаваных ахвяр (не толькі ананімныя) і сведак паводзін выкладчыка, а прэс-служба ЕГУ паведаміла, што выкладчык часова адхілены ад працы і яго справу разглядае спецыяльная камісія. Эксперты запрасілі дзяўчат на відэаканферэнцыю, каб яны маглі асабіста сведчыць пра тое, што адбылося. Паседжанні камісіі прайшлі 7 і 14 лістапада.
«Былі моманты, калі сябры камісіі плакалі разам з дзяўчатамі», — піша KYKY.
Праз два тыдні камісія адправіла рэктару ЕГУ, прафесару Кшыштафу Рыбіньскаму справаздачу пра расследаванне. У ёй афіцыйна задакументаваныя ўсе сведчанні ў дачыненні да выкладчыка і рэкамендацыя — звольніць.
Атрымаўшы справаздачу, рэктар, за якім заставалася вырашальнае слова, сабраў шматгадзіннае паседжанне з выкладчыкамі і адміністрацыяй універсітэта. Потым правёў размову з самім Сяргеем Сялецкім. Праз амаль тры тыдні рэктар паведаміў, што звальняе дацэнта.
Чытайце таксама