Пракуратура адправіла ў суд крымінальную справу па абвінавачанні 28-гадовага мінчука за «ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу». Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства.
Малады чалавек шэсць гадоў пражыў у ЗША, ажаніўся з беларускай, у іх нарадзілася дачка. У канцы 2023 года ён прыехаў у Беларусь, і яго затрымалі проста ў аэрапорце.
Як выявілася, малады чалавек знаходзіўся на ўліку ў ваенным камісарыяце, але ў 2016 годзе не прыйшоў у ваенкамат для праходжання медыцынскага агляду. Яго абвясцілі ў вышук.
Беларуса будуць судзіць па ч. 1 арт. 435 (Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу) КК Беларусі. Яму пагражае пакаранне пачынаючы ад штрафу і заканчваючы двума гадамі пазбаўлення волі.
Да суда ён будзе пад вартай.