Генпракуратура падрыхтавала законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць для бацькоў, калі іх дзіця ўчыніла правапарушэнне, пацярпела ці загінула. У будучыні плануецца і ўвядзенне крымінальнай адказнасці для такіх бацькоў. Пра гэта ў эфіры дзяржтэлеканала СТБ расказаў старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства пра няпоўнагадовых і моладзь Генеральнай пракуратуры Беларусі Раман Сідарэнка.
«І з ініцыятывы Генеральнай пракуратуры падрыхтаваны законапраект, цяпер ён будзе ўнесены найбліжэйшым часам у парламент на разгляд. Мы ўзмацняем адміністрацыйную адказнасць бацькоў, калі дзіця ў выніку недагляду, неналежнага выканання абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні здзейсніла правапарушэнне, альбо атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні, альбо загінула. Пакуль паглядзім, як гэта будзе працаваць на ўзроўні хаця б адміністрацыйнай адказнасці. Калі сапраўды практыка сябе апраўдае, будзем разглядаць пытанне пра пакаранне такіх бацькоў ужо ў крымінальным парадку», — заявіў ён.
Ён перакананы, што ўзмацненне адказнасці для бацькоў неабходнае, бо цяпер у Беларусі ёсць толькі крымінальная адказнасць за нявыплату аліментаў для тых, хто не выконвае свае абавязкі па выхаванні і ўтрыманні дзяцей.