Выбары ў Беларусі завяршыліся, і кіраўнікі ідэалагічнай вертыкалі вырашылі, што час задумацца пра будучыню і расказаць грамадзянам краіны, якое цудоўнае жыццё чакае іх наперадзе дзякуючы дасягненням айчыннай навукі і мудрай палітыцы Аляксандра Лукашэнкі. Сакавіцкі выпуск метадычных матэрыялаў для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп называецца «Рэспубліка Беларусь: праекты будучыні». Зрэшты, калі ўчытацца, пра будучыню там мала. Тэкст будуецца вакол усяго некалькіх навуковых кірункаў, якія ўлада лічыць іміджавымі і дзе можа прадэманстраваць нейкія поспехі. Метадычка нібыта адказвае на нядаўнюю калонку хіміка Сяргея Бесараба на «Люстэрку» пра жалю варты стан беларускай навукі. Расказваем, як ідэолагі будуць пераконваць жыхароў краіны ў тым, што з навукай усё выдатна.
Аповед пра дасягненні навукі, паводле метадычкі, трэба пачынаць з усхвалення Аляксандра Лукашэнкі. Аўтары нагадваюць, што 30 гадоў таму ў краіне з’явілася Канстытуцыя, якой быў уведзены інстытут прэзідэнцтва, «што істотным чынам вызначыла траекторыю развіцця нашай краіны». А прэзідэнцкае крэсла, як вядома, ніхто, акрамя Лукашэнкі, пакуль не займаў, таму ўсе поспехі — яго заслуга.
«Выбраўшы прапанаваны Лукашэнкам курс, мы пазбеглі войнаў і хваляванняў, захавалі і памножылі дасягненні савецкага перыяду, забяспечылі незалежнасць у ключавых галінах — у прамысловасці, энергетыцы, сельскай гаспадарцы, ахове здароўя і іншых. Ва ўмовах складанай сітуацыі ў сусветнай эканоміцы кожнаму ў нашай краіне дзяржавай гарантаваныя праца і адпаведная заработная плата, даступныя адукацыя і медыцына, бяспека жыцця і дапамога ў любой цяжкай жыццёвай сітуацыі. Праз тры дзясяткі гадоў можна сказаць упэўнена — суверэнная і незалежная Рэспубліка Беларусь адбылася», — гаворыцца ў метадычцы.
Аднак, прызнаюць аўтары тэксту, нельга спыняцца на дасягнутым і «спачываць на лаўрах», беларусам трэба марыць, ставіць мэты і жыць у імя будучыні, якая забяспечыць «навукова-тэхналагічны суверэнітэт», інтэлектуальны рэсурс і чалавечы капітал.
Тут у кампазіцыі метадычкі надыходзіць час традыцыйнай «страшылкі» пра цяжкае мінулае нашай краіны і несумленны Захад. Ідэолагі мусяць расказаць слухачам, што ў пачатку 90-х Беларусь сутыкнулася з пагрозай знішчэння свайго навуковага патэнцыялу, грошай на даследаванні не было, закрываліся навуковыя школы, навукоўцы з’язджалі з краіны, а палітыкі, маўляў, казалі, што няма патрэбы марнаваць свае рэсурсы на распрацоўкі, усё можна купіць на Захадзе.
Хто ж змог выратаваць краіну ад навуковага заняпаду? Так, гэта зноў ён.
«Пераламаць тэндэнцыю, якая вядзе да катастрофы, удалося толькі з прыходам да ўлады Лукашэнкі, — гаворыцца ў метадычцы. — Логіка была простая: калі не захаваць унікальную савецкую беларускую навуку, не працягнуць яе традыцыі з улікам пераходу на новы тэхналагічны лад, то нам дастанецца роля перыферыі і калоніі для больш моцных і паспяховых нацый. Выбар шляху быў відавочны».
У выніку, падкрэсліваюць аўтары, ужо цяпер беларусы «закладаюць падмурак свайго заўтра», развіваюць праекты, якія дазволяць быць моцнымі і паспяховымі ў зменлівым свеце.
«Сёння мы паспяхова запускаем у космас свае спадарожнікі. Упэўнена ўступілі ў клуб ядзерных дзяржаваў. Штурмуем Антарктыду, — будуць трансляваць прапагандысты. — Развіваем запатрабаваныя ва ўсім свеце перадавыя IT- і біятэхналогіі. І гаворка ідзе не столькі пра канкрэтныя дасягненні, адкрыцці і вынаходствы, так, гэта важна. Але яшчэ важнейшае праектнае стратэгічнае мысленне цяперашняга пакалення беларусаў, пакалення творцаў і стваральнікаў».
І што ж гэта за праекты?
Атамная дзяржава

Для вырашэння стратэгічных задач Беларусі ў першую чаргу патрэбная энергетычная незалежнасць, менавіта для гэтага ў краіне была пабудавалі атамную электрастанцыю, тлумачаць аўтары метадычкі. З ёй энергабяспека стала мацнейшай і краіна атрымала шэраг канкурэнтных пераваг:
- магутную крыніцу «адносна таннай» электраэнергіі;
- адмову ад імпарту электрычнасці;
- зніжэнне залежнасці ад імпартнага прыроднага газу;
- задавальненне ўсё большага попыту эканомікі і насельніцтва на энергію.
«БелАЭС — гэта аснова для далейшага развіцця краіны… Нашая краіна такім чынам імкліва ўварвалася ў атамную эліту свету», — цытуюць ідэолагі Лукашэнку.
Слухачам раскажуць, што два энергаблокі АЭС будуць даваць каля 18 млрд кВт*г энергіі — гэта больш за 40% запатрабавання краіны. «АЭС — гарантыя стабільнасці працы энергасістэмы», — гаворыцца ў метадычцы. Дзякуючы даступнай энергіі жыццё насельніцтва стане камфортнейшым, будзе прасцей выкарыстоўваць электрычнасць для ацяплення і падагрэву вады, шматпавярхоўкі ўсё часцей будуюць без газу.
Акрамя таго, падкрэсляць ідэолагі на выступах, атамная энергія экалагічна чыстая, і АЭС за гады эксплуатацыі ўжо дазволіла зэканоміць каля 7 млрд кубаметраў прыроднага газу і знізіць выкіды парніковых газаў больш чым на 7 млн тон за год.
Нарэшце, аўдыторыі прапагандыстаў пачуюць, што АЭС — гэта драйвер для эканомікі, для развіцця навукаёмістых і энергаёмістых галін, у тым ліку металургіі, электратранспарту, IT, назапашвальнікаў энергіі, ядзернай медыцыны і гэтак далей; нібыта адно працоўнае месца на АЭС стварае больш за дзясятак працоўных месцаў у сумежных галінах.
Праўда, аўтары метадычкі не сталі згадваць, і ідэолагі ў сваіх выступах таксама не раскажуць, што:
- нягледзячы на ўсе абяцанні, электрычнасць пакуль толькі даражэе, яе выпрацоўка на АЭС вельмі нявыгадная;
- пакуль што за ўвесь час працы БелАЭС вырабіла толькі столькі электраэнэргіі, колькі планавалася на кожны год;
- улады планавалі выгаднасць АЭС з улікам продажу лішняй энергіі за мяжу, у ЕС, але цяпер ніхто не будзе яе купляць, падзець яе няма куды;
- АЭС, працуючы на поўную магутнасць, будзе даваць зашмат энергіі, давядзецца спыніць частку наяўных электрастанцый і (або) не ўключаць АЭС на поўную магутнасць, але тады сабекошт электрычнасці зноў жа будзе вельмі высокім;
- Беларусь цяпер менш залежыць ад Расіі ў пастаўках газу, але цалкам залежыць у пастаўках ядзернага паліва;
- Беларусі давядзецца дзесяцігоддзямі расплачвацца па расійскім крэдыце на будаўніцтва АЭС (як мінімум 5,36 млрд даляраў);
- Беларусі трэба захоўваць на сваёй тэрыторыі адпрацаванае ядзернае паліва і іншыя радыеактыўныя адкіды;
- нарэшце, невядома, наколькі АЭС бяспечная, грамадскага і міжнароднага кантролю над ёй няма. Заходнія выданні восенню 2023 года паведамлялі пра сур’ёзныя праблемы на 2-м энергаблоку, пра недахопы казаў і Лукашэнка.
Біятэхналагічны гігант
Наступная галіна, якой пахваляцца ідэолагі, — біятэхналогіі. У першую чаргу ў аграрным сектары. І займаецца гэтым вотчына сям'і збеглага прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева — «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя».
Што прадпрыемства прыватнае, не згадваецца. БНБК, як гаворыцца ў метадычцы, ужо цалкам пакрывае патрэбы Беларусі ў камбікормах і кармавых дадатках, больш за 85% прадукцыі пастаўляе на экспарт. Карпарацыя рэалізуе навукаёмістыя інвестыцыйныя праекты — рыхтуецца да глыбокай перапрацоўкі збожжа, каб атрымаць высокапрадуктыўныя і збалансаваныя кармы і дабаўкі, амінакіслоты. Таксама збіраецца выпускаць «прынцыпова новыя для СНД прадукты» — цытрынавую кіслату і крышталічную глюкозу.
«Аналагаў гэтаму праекту няма на постсавецкай прасторы. Такія тэхналогіі маюць усяго сем краін у свеце, сярод іх — Беларусь», — заяўляюць аўтары метадычкі. Пры гэтым самі ж пішуць, што пакуль сумесна з Кітаем толькі «ідзе праца па пытанні рэалізацыі праекта».
А вось пра што аўтары не пішуць, дык гэта пра рэальную сітуацыю на БНБК. Улады ўжо некалькі гадоў выхваляліся гэтым прадпрыемствам, не раскрываючы праўды пра тое, каму яно належыць (а доля дзяржавы там усяго 25%). Аднак у 2023-м стала вядома, што БНБК не толькі адстае ад планаў, але і не плаціць па даўгах. За яе ўзяўся Дзяржкантроль. У снежні Лукашэнка склікаў спецыяльную нараду і заявіў: «Справы ідуць не зусім так, як мы планавалі». У кіраўніцтва карпарацыі для кантролю быў прызначаны прадстаўнік дзяржавы. А потым улады пайшлі далей і прынялі меры, якія дазволяць павялічыць долю дзяржавы ў ЗАТ і з часам «адціснуць» прадпрыемства ў прыватных акцыянераў.
Акрамя таго, метадычка загадвае расказаць пра біятэхналогіі ў медыцыне і фармацэўтыцы. Паспяховыя праекты такія:
- беларускія навукоўцы стварылі трансгенных коз з генам чалавека. Дзякуючы гэтаму з іх малака можна атрымаць бялок лактаферын з рознымі карыснымі ўласцівасцямі — супрацьвіруснымі, антыканцэрагеннымі і гэтак далей (праўда, ідэолагі замоўчваюць, што гэтых коз пачалі выводзіць яшчэ 17 гадоў таму ў сумесным праекце з расійскімі навукоўцамі па ідэі апошніх);
- распрацаваныя метады клеткавай імунатэрапіі анкалагічных захворванняў, якія павялічваюць выжывальнасць пацыентаў, перадухіляюць рэцыдывы;
- створаныя клеткавыя тэхналогіі для лячэння рыніту, цукровага дыябету 1-га тыпу, сістэмнага склерозу, пухлін урагенітальнай сферы, новыя метады ДНК-дыягностыкі хвароб чалавека і жывёл.
Ці выкарыстоўваецца ўжо нешта з гэтых тэхналогій на практыцы для лячэння пацыентаў, метадычка не ўдакладняе.
Таксама ідэолагі мусяць пахваліцца стварэннем біяфармтэхналагічнага кластара ў Віцебскай вобласці і распрацоўкай розных вакцын. Маўляў, ужо выпушчаная эксперыментальная серыя супрацьвіруснай вакцыны, рыхтуецца вакцына ад грыпу і іншыя. Нагадаем, за гэтыя вакцыны ўлады Беларусі ўзяліся яшчэ падчас пандэміі каранавіруса і не першы год абяцаюць іх выпуск, але пакуль ён так і не адбыўся.
Пра такія перспектыўныя праекты, як распрацоўка вакцын ад карыесу і алкагалізму, метадычка чамусьці маўчыць.
Барознячы прасторы Сусвету
«Відавочна, што без развіцця айчыннай касмічнай галіны немагчымае далейшае паўнавартаснае развіццё нацыянальнай эканомікі», — запэўнівае метадычка.
Паведамляецца, што касмічнай дзяржавай Беларусь стала ў 2013 годзе, атрымаўшы сяброўства ў Камітэце ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы з мірнымі мэтамі. Першы спадарожнік быў запушчаны яшчэ ў 2012-м, цяпер іх на арбіце ўжо чатыры, у галіне працуе больш за 20 арганізацый і каля чатырох тысяч чалавек. Інфармацыя са спадарожнікаў выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах: для вывучэння клімату, прагнозу надвор’я і ўраджайнасці, маніторынгу земляў, лясоў і пажараў у іх, а таксама ў сферах транспарту, сувязі, навігацыі, энергетыкі і гэтак далей. Эксплуатацыя спадарожнікаў дарагая, але да 2024 года прыбытак ад іх склаў ужо 44 млн даляраў.
Больш за тое, і суверэнітэт Беларусі абараняецца ў космасе, падкрэсліваюць ідэолагі.
«Паспяховая касмічная дзейнасць робіцца сёння неабходнай умовай захавання нацыянальнага суверэнітэту як у вайскова-палітычным аспекце, так і ў сферы інфармацыйнай бяспекі. Нездарма кажуць, што лідарства на зямлі сёння вырашаецца ў космасе. Абарона цэласнасці і недатыкальнасці тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у ХХІ стагоддзі не ўяўляецца магчымай без выкарыстання касмічных сродкаў і тэхналогій», — гаворыцца ў метадычцы.
Да поспехаў у космасе аўтары адносяць і будучы палёт беларускай касманаўткі на расійскі сегмент МКС. Да гэтай ролі цяпер рыхтуецца ў Расіі былая сцюардэса «Белавіі» Марына Васілеўская. Яна паляціць разам з расійскім касманаўтам, ураджэнцам Беларусі Алегам Навіцкім і амерыканскай астранаўткай Трэйсі Дайсан. Старт экспедыцыі прызначаны на 21 сакавіка. У яе межах Васілеўская правядзе эксперыменты ў галіне медыцыны, біялогіі, фізіялогіі і дыстанцыйнага зандавання Зямлі.
«Такім чынам, нашая краіна ўпэўнена замацоўвае за сабой статус сучаснай касмічнай дзяржавы. <…> Прынцыпова важна, каб упершыню ў гісторыі суверэннай беларускай дзяржавы на арбітальнай станцыі пабываў грамадзянін Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліваюць ідэолагі.
Скараючы Антарктыку
На роўных з найбуйнейшымі дзяржавамі Беларусь знаходзіцца і ў заваяванні Антарктыды, заяўляюць аўтары метадычкі. Нашыя навукоўцы даследуюць лядовы кантынент з 1955 года, а з 2006-га і незалежная Беларусь далучылася да Дамовы пра Антарктыку — адна з усяго толькі 56 дзяржаваў свету, падкрэсліваюць ідэолагі. Пры гэтым далёка не ў кожнага ўдзельніка дамовы там ёсць уласныя станцыі, а Беларусь сваю мае, і ў 2020-м «Гара Вячэрняя» была нават прызнаная адной з найлепшых.
Беларускія даследчыкі вывучаюць біяразнастайнасць наземных і водных экасістэм кантынента, манітораць азонасферу і экалагічны стан.
«Упершыню выкананая ацэнка выкідаў стойкіх арганічных забруджвальнікаў у Антарктыцы за 30-гадовы перыяд», — паведамляе метадычка пра іх поспехі. Даследаванні там важныя, бо геафізічныя працэсы ў Антарктыдзе вызначаюць клімат усёй планеты.
«Але самае галоўнае — нашая прысутнасць у Антарктыдзе замацоўвае статус Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне як дзяржавы навукі і высокіх тэхналогій», — падкрэсліваюць аўтары найважнейшую мэту прысутнасці беларускіх навукоўцаў на крайнім поўдні.
А каб аўдыторыям было зразумела, што і гэты поспех — заслуга Лукашэнкі, ідэолагам прапануецца прадэманстраваць відэасюжэт дзяржСМІ пад назвай «На сувязі — палярнікі! Як Лукашэнка даў зялёнае святло вывучэнню Антарктыкі і навошта нам свая база ў Антарктыдзе».
Платформа штучнага інтэлекту
«З дапамогай штучнага інтэлекту ўжо цяпер вырашаецца мноства праблем у розных галінах. <…> Перспектывы яго выкарыстання бязмежныя», — справядліва адзначаюць ідэолагі. Вось толькі ў Беларусі навукоўцы пакуль не дасягнулі асаблівых поспехаў у выкарыстанні ШІ, калі меркаваць з дасягненняў, згаданых у метадычцы.
Так, паведамляецца, што беларускія навукоўцы стварылі «платформу штучнага інтэлекту BELAI.BY — вэб-праграму для спецыялістаў у сферы штучнага інтэлекту і ўсіх зацікаўленых у тэхналогіях ШІ». Сапраўды, такі праект ёсць, распрацоўку вядзе Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі. Вось як гэтую «праграму» апісвалі на прэзентацыі.
«Гэта распрацоўка нашага інстытута. Ахвочыя могуць зайсці на платформу і зарэгістравацца ў якасці ўдзельніка. Мы прымаем туды не толькі беларускіх вытворцаў сістэм штучнага інтэлекту, але і ўсіх нашых калег з краін СНД. Платформа прызначаная для таго, каб аб’яднаць намаганні распрацоўшчыкаў», — казаў гендырэктар інстытута.
На справе BELAI.BY — гэта не «платформа штучнага інтэлекту», а проста сайт пра яго. Там ёсць кантэнт пра ШІ, навіны пра падзеі ў беларускім навуковым жыцці ў гэтай сферы, а таксама каталог арганізацый, якія займаюцца распрацоўкамі ў галіне ШІ, з апісаннем іх дзейнасці і кантактамі. Усе арганізацыі ў каталогу — гэта лабараторыі інстытута. Зарэгістравацца там як «удзельнік платформы» няма ніякай тэхнічнай магчымасці — сайт не прадугледжвае рэгістрацыі.
Адзіная больш-менш «жывая» прэзентацыя праекта — гэта яго тэлеграм-канал. Там кожны дзень робяць дзве-тры публікацыі пра штучны інтэлект, цікавыя энтузіястам гэтай галіны. У канала амаль 800 падпісчыкаў.
Таксама каманда праекта стварыла галасавы асістэнт на базе ChatGPT — бот, з якім можна камунікаваць голасам і тэкстам, задаваць любыя пытанні. Мова бота на імя Алесь — беларуская. Чамусьці аўтары метадычкі гэтую распрацоўку згадваць не сталі, хоць для асістэнта ёсць нават мабільная праграма.
Акрамя BELAI.BY ідэолагі знайшлі яшчэ дзве нагоды для гонару ў гэтай сферы:
- створаныя беспілотнікі «Бусел МКР» і «Гексакоптар-1» з беларускім праграмным забяспечаннем, у якім выкарыстаныя тэхналогіі штучнага інтэлекту;
- навукоўцы распрацавалі «лічбавы рэнтген» — праграму, куды можна загружаць выявы з камп’ютарнай тамаграфіі лёгкіх, яна іх прааналізуе на наяўнасць наватвораў. Распрацоўку лічаць перспектыўнай для першаснай дыягностыкі пры масавым абследаванні насельніцтва.
Між тым, такія распрацоўкі — даўно не навіна ў свеце і выкарыстоўваюцца нават для больш складаных праблем — напрыклад, у Вялікабрытаніі яшчэ некалькі гадоў таму распрацавалі такое ПЗ для хвароб сэрца і сасудаў, паспелі яго пратэставаць, у тым ліку клінічна, і ўжо ўкараняюць у бальніцах.
Электрамабіль і сачэнне за грамадзянамі
Таксама ідэолагі павінныя расказаць пра поспехі ў распрацоўцы электратранспарту. Як сцвярджаюць у метадычцы, ужо створаныя:
- малагабарытны двухмесны грузапасажырскі электрамабіль Academic Electro;

- спартыўны электрамабіль Electro Roadster;

- камерцыйны электрамабіль МАЗ 4381ЕЕ грузападымальнасцю 12 тон (так гаворыцца ў метадычцы, насамрэч 12 т — гэта поўная маса машыны, а грузападымальнасць шасі складае 4,7 т. Гэта на 2,6 т менш, чым у дызельнага прататыпа — праз цяжкія батарэі);

- малы грузавы электрамабіль грузападымальнасцю 1,5 т (знаходзіцца на выпрабаваннях);

- эксперыментальныя ўзоры цягавай акумулятарнай батарэі электрамабіля «Белджы еХ50», мехатроннага модуля і гэтак далей.
Аўдыторыі прапагандыстаў пачуюць, што электратранспарт вельмі перспектыўны, для яго распрацоўкі была прынятая ўжо не адна дзяржпраграма, стварылі прамысловы кластар, у які ўвайшлі МАЗ, БЕЛАЗ, МТЗ, Белкамунмаш і іншыя арганізацыі.
Нарэшце, беларусам нагадаюць пра першы айчынны электрамабіль на базе Geely SC7 — яго прадставілі яшчэ ў 2017 годзе.
«Уся кампанентная база яго электрапрываду вырабленая ў Беларусі. Стварэнне эксперыментальнага ўзору электрамабіля дазволіла адпрацаваць аптымальныя кампанавальныя рашэнні ў частцы электракампанентаў, удакладніць іх характарыстыкі і прыступіць да стварэння паўнавартаснага эксперыментальнага ўзору і асваення яго вытворчасці ў краіне», — з гонарам раскажуць ідэолагі.
Наўрад ці яны згадаюць, што гэты электрамабіль абяцаюць выпусціць не першы год. Эксперыментальны ўзор шмат разоў абяцалі паказаць летась, але да канца 2023-га гэтага так і не адбылося, як і ў студзені 2024-га. Тады, наведваючы «Белджы», Лукашэнка пацікавіўся, калі ж выпусцяць электрамабіль, і акрэсліў новы крайні тэрмін — да 1 студзеня 2025 года.
Успомнілі ў метадычцы і пра мікраэлектроніку з прыборабудаваннем. Сярод іншага нагодай для гонару ў гэтай сферы стала «сістэма для фіксацыі прысутнасці суб’ектаў на кантраляванай тэрыторыі, заснаваная на нейрасеткавых метадах распазнавання твараў». Нагадаем, гэта тая сістэма, з дапамогай якой улады сочаць за беларусамі і вылічаюць удзельнікаў пратэстаў.
У гэтай частцы ідэолагам прапануецца паказаць сваім аўдыторыям відэаматэрыялы па тэме — сюжэт дзяржаўнага інфармагенцтва пад назвай «Як у Беларусі развіваецца мікраэлектроніка і чаму Лукашэнка ставіць на ўласную вытворчасць».
Мара народа
Як і кожны раз, метадычка рэкамендуе ідэолагам і прапагандыстам заканчваць свае выступы ёмістым падвядзеннем вынікаў, яшчэ трохі напалохаць аўдыторыю для замацавання эфекту і прывесці «мудрую» цытату Лукашэнкі.
«Стратэгічныя праекты, калі казаць пра Беларусь, — гэта будучыня нашай краіны… Без будучыні не можа існаваць ні адзін чалавек, ні адна сістэма, ні адна дзяржава. Іншай альтэрнатывы для Беларусі проста няма», — такое выказванне палітыка згаданае гэтым разам.
Беларусам нагадаюць, што цяжкасці іх мусяць не спыняць, а матываваць. Раскажуць, што краіна мае «сур'ёзныя пункты росту», якія вызначаць яе твар на гады наперад, дасягненні ў касмічнай, атамнай, біятэхналагічнай галінах будуць драйверам для ўсёй «народнай гаспадаркі» — і ніякіх рэвалюцыйных пераменаў не трэба.
«Гэтыя напрамкі дзейнасці робяцца меркай паспяховасці краіны, сімвалам высокай мары. Народу, у якога ёсць высокая мара, не страшныя „майданы“», — рэзюмуюць аўтары.
У адрозненне ад прапаганды, «Люстэрка» гаворыць пра рэальную сітуацыю ў краіне. Улады не хочуць, каб вы пра гэта даведаліся: люстэркі нашага сайта блакавалі на тэрыторыі Беларусі ўжо больш за 120 разоў. Але мы працягваем сваю працу і знаходзім спосабы з вамі звязацца — не толькі на сайце, але і ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах.
Праблемы можна пераадолець, толькі расказваючы, што адбываецца насамрэч. Калі вы таксама лічыце гэтую працу важнай — падтрымайце «Люстэрка» фінансава.
Дапамажыце камандзе «Люстэрка» працягнуць супрацьстаяць прапагандзе
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Гэта бяспечна?
Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».
Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне або аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.
Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.
Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.
Чытайце таксама


