З 1 красавіка карыстальнікі Telegram з Беларусі, Украіны і Расіі атрымаюць магчымасць абмяжоўваць кола асобаў, якія змогуць дасылаць ім асабістыя паведамленні. Пра гэта заявіў заснавальнік Telegram Павел Дураў.
Паводле яго, чатыры дні таму рускамоўныя карыстальнікі мэсэнджара пачалі скардзіцца на паведамленні ад незнаёмцаў з заклікамі да тэрактаў. Дураў адзначыў, што ў кампаніі прынялі «шэраг тэхнічных і арганізацыйных мер для таго, каб спыняць гэтую актыўнасць».
«З пачатку наступнага тыдня ўсе карыстальнікі з Расіі, Украіны і Беларусі змогуць абмяжоўваць кола тых, хто можа дасылаць ім асабістыя паведамленні. Мы таксама ўкараняем рашэнні на аснове штучнага інтэлекту для яшчэ больш эфектыўнай фільтрацыі такога спаму. Telegram не месца для несанкцыянаваных рассылак і заклікаў да гвалту», — заявіў Дураў.
Нагадаем, пасля тэракту ў «Крокус Сіці Холе» жыхарам нашай краіны пачалі прыходзіць паведамленні з прапановамі зладзіць страляніну ў гандлёвых цэнтрах або замініраваць будынкі. У асноўным такія паведамленні прыходзяць маладым людзям і школьнікам. Акрамя Беларусі такія прапановы масава рассылаліся ў Расіі.