Удзень 3 красавіка агрэсіўна настроеныя фанаты ўварваліся на трэніроўку польскага футбольнага клуба «Заглэмбэ» і ўдарылі трэнера Аляксандра Хацкевіча. Падрабязнасці інцыдэнту «Люстэрку» расказаў спартыўны дырэктар каманды Міхаіл Залеўскі.
Як кажа спартыўны дырэктар, фанатаў было каля 20−30. Усе яны былі ў масках і відавочна не мелі ахвоты на дыялог.
«Фанаты ўварваліся на поле, калі праходзіла трэніроўка. Яны прайшлі міма трэнерскага штаба і скіраваліся да групы футбалістаў, якія былі на іншым канцы пляцоўкі. Мы пайшлі за імі. У нейкі момант адзін з іх паспрабаваў нанесці ўдар Аляксандру Мікалаевічу, але той яго заблакаваў. Тады адбыўся яшчэ адзін удар», — сказаў Міхаіл Залеўскі і дадаў, што нагамі Хацкевіча ніхто не біў. У канфлікт адразу ўмяшаўся штаб і футбалісты і лакалізавалі яго.
Прадстаўнік клуба адзначыў, што фанаты выказвалі прэтэнзіі з нагоды выступлення каманды. Яны заяўлялі, што ў «Заглэмбе» павінныя гуляць толькі мясцовыя, а астатнія замежнікі, у тым ліку палякі з іншых гарадоў, мусяць з’ехаць.
Пасля таго як фанаты пакінулі стадыён, хвілін праз 5−7 прыехала паліцыя. Праваахоўнікі прапанавалі напісаць заяву, але Хацкевіч і Залеўскі адмовіліся.
«Калі гэта была акцыя застрашвання, то яна правалілася. Пасля таго, што мы бачылі на вайне [ва Украіне], і пасля рэвалюцыі з намі гэта не працуе, — падсумаваў спартыўны дырэктар. — Фанаты маюць права выказваць сваю незадаволенасць, толькі рабіць гэта трэба цывілізаванымі метадамі, а не нападаць на каманду».
Нагадаем, польскі клуб «Заглэмбэ», які трэніруе беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч, займае апошняе месца ў другім дывізіёне чэмпіянату Польшчы. Пасля 25 матчаў у яго ўсяго 13 ачкоў. У папярэднім туры, які прайшоў 1 красавіка, каманда пацярпела паразу ад GKS Katowice (0:4).
Пасля пачатку вайны, якую Хацкевіч заспеў у Кіеве, ён не раз выказваўся ў падтрымку Украіны і асуджаў маўчанне вядомых беларускіх спартоўцаў.