У Беларусі вырасла захворвальнасць на коклюш, паведаміў на прэс-канферэнцыі 22 красавіка ў Мінску загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў, піша «Позірк».
Пры гэтым медык не паведаміў, колькі канкрэтна чалавек у краіне захварэла. Акрамя таго, ён адмовіўся прывесці статыстыку па захворванні на адзёр, спаслаўшыся на адсутнасць у яго пры сабе звестак.
Ігнатаў заявіў, што больш чым палова захварэлых на коклюш — дзеці 7−14 гадоў.
— У папярэднія гады сітуацыя па коклюшы ў краіне была вельмі паспяховая, — сказаў ён. — Рэгістравалася ад двух да пяці выпадкаў за год. Кавід выцесніў усе іншыя рэспіраторныя захворванні на тэрыторыі нашай краіны.
Нагадаем, у лістападзе мінулага года на рост захворванняў на коклюш звяртала ўвагу ў сваім Instagram педыятарка з Гомеля Зоя Добыш.
— Страшная інфекцыя, пра якую ўсе забылі. Былі спарадычныя выпадкі. Цяпер тры гады «кароны», перабоі з вакцынацыяй, рост антыпрышчэпкавага руху — і коклюш папёр угару, — расказала яна. — Апошняя вакцынацыя ў Рэспубліцы Беларусь ад коклюшу дзецям па календары ўводзіцца ў паўтара года. У шэсць гадоў можна ўводзіць «Адасель» (расійская вакцына супраць коклюшу, дыфтэрыі і слупняку. — Заўв. рэд.), але многія пра гэта не ведаюць, а таксама часта гэтай прышчэпкі не бывае ў паліклініцы.
Коклюш — хвароба верхніх дыхальных шляхоў, якую выклікае бактэрыя Bordetella pertussis, часцей у дзіцячым і падлеткавым узросце. Яна правакуе сімптомы, якія спачатку могуць быць падобныя да звычайнай прастуды. Пазней з’яўляецца востры кашаль са спазмамі. Яшчэ адна небяспека гэтага захворвання ў тым, што тып бактэрый, які яго выклікае, усё часцей становіцца ўстойлівым да антыбіётыкаў. Але ад коклюшу існуе прышчэпка — у Беларусі яе робяць, паводле нацыянальнага календара вакцынацыі, чатыры разы: у 2, 3, 4 і 18 месяцаў.