Каталіцкаму верніку не дазволілі заехаць у Беларусь з Польшчы пасля таго, як у яго аўтамабілі мытнікі знайшлі буйную партыю ружанцаў, што выкарыстоўваюцца для малітвы. Пра інцыдэнт расказаў Katolik.life.
Вернік прастаяў больш за суткі ў чарзе на польска-беларускай мяжы. Мужчына прайшоў кантроль у палякаў і заехаў у пункт пропуску «Брэст». Там яго аўтамабіль адправілі на рэнтген. Мытнікі выявілі ў легкавіку больш за сотню ружанцаў, якія выкарыстоўваюцца вернікамі для малітвы.
Як тлумачыць Katolik.life, ружанец у Беларусі масава не вырабляюць, таму яго прывозяць з-за мяжы. Як расказалі кіроўцу мытнікі, у Беларусь ён мог завезці толькі дзесяць штук.
Паколькі астатнія ружанцы аказаліся «лішнімі» і не былі задэклараваныя, кіроўцу развярнулі. Пазней мужчына змог вярнуцца ў Беларусь, праўда, груз давялося пакінуць у Польшчы.