Некаторыя падрабязнасці закулісных гульняў ва ўпраўленні КДБ па Гомельскай вобласці сталі вядомыя дзякуючы апублікаванай «Кіберпартызанамі» базе зваротаў у ведамства, піша «Флагшток».
У студзені 2017 года на электронны адрас КДБ прыйшло паведамленне ад поўнага цёзкі былога супрацоўніка ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці Андрэя Савіцкага. Мужчына напісаў, што працаваў ва УКДБ па Гомельскай вобласці з 2010 да 2013 года і для яго гэта было «кашмарным выпрабаваннем».
Крыніцы «Флагштока» пацвердзілі, што супрацоўнік з такім імем і прозвішчам працаваў у гомельскім КДБ да 2013 года. Звольнены ён быў за п’янства, калі быў ужо на пасадзе палкоўніка. У 2015 годзе экс-палкоўнік КДБ працаваў дыспетчарам у мінскім метро.
У сваім лісце Андрэй Савіцкі ў негатыўным ключы згадаў многіх кіраўнікоў ведамства таго часу.
«У свой час Ляскоўскі, прыйшоўшы ва ўпраўленне 31 снежня ў прысутнасці сваіх намеснікаў Цітова і Снягоўскага, у п’яным выглядзе, ледзь трымаўся на нагах, ад губернатара Дворніка, прыйшоў ва УКДБ, і потым мне даводзілася яму паказваць, дзе трэба распісацца ў загадах», — паведамлялася ў тэксце звароту.
У той перыяд Іван Ляскоўскі ўзначальваў Гомельскае ўпраўленне КДБ. У 2014 годзе ён быў зняты з пасады са скандалам. Падрабязнасці расказаў Лукашэнка падчас свайго звароту да дэпутатаў:
«Нядаўна, як вы ведаеце, распачатая крымінальная справа ў дачыненні аж чатырох кіраўнікоў упраўлення Камітэта дзяржбяспекі па Гомельскай вобласці — па-мойму, на чале з начальнікам, — якія арганізавалі „заказную“ праверку камерцыйнай структуры ў інтарэсах канкурэнтаў».
Гаворка, імаверна, ішла пра культурна-забаўляльны цэнтр «Еўропа» ў Гомелі, які незадоўга да гэтага быў захоплены людзьмі ў вайсковай форме.
Паводле Савіцкага, былое кіраўніцтва КДБ лічыла галоўным аўтарытэтам у вобласці Уладзіміра Дворніка.
«Альбо ты з намі, альбо табе п*****ц (канец. — Заўв. рэд.), галоўны ў вобласці — гэта губернатар, а не старшыня, і магчыма, у будучыні, у краіне», — гаворыцца ў звароце за подпісам Андрэя Савіцкага.
Паводле яго, у той час упраўленне КДБ па Гомельскай вобласці ўзначальваў клан.
«Яны тады адчувалі сябе гаспадарамі жыцця: Ляскоўскі, смеючыся, мяне прыніжаў, казаў, што цэнтру ты больш не патрэбны, Цітоў з рукамі ў бок казаў, што ўсё ў начальніка схоплена з Дзядковым і Ялфімавым у Савеце бяспекі, што твой цэнтральны апарат яны ўсе маюць… і яны ім не ўказ, а хітры ліс Снягоўскі спрабаваў мяне прыцягнуць у іх мафіёзную кагорту (блатны, будзьце з ім асцярожнейшыя)», — напісана ў звароце, які прыйшоў у КДБ.
Леанід Дзядкоў у той час працаваў намеснікам старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь па кадравым забяспечанні і арганізацыйнай рабоце. Паводле наяўных звестак, да 2010 года Іван Ляскоўскі быў яго намеснікам ва ўпраўленні КДБ па Брэсцкай вобласці. Аляксандр Ялфімаў тады працаваў намеснікам Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі.
Характэрна, што ўсе трое страцілі свае пасады прыкладна ў адзін час. У красавіку 2014 года быў звольнены Іван Ляскоўскі. За два месяцы да гэтага адправілі ў запас Аляксандра Ялфімава. А яшчэ раней звольнілі Леаніда Дзядкова. Звальненню апошняга папярэднічала заява Лукашэнкі, зробленая ў ліпені 2013 года, пра тое, што быў затрыманы супрацоўнік беларускіх спецслужбаў, праз здраду якога была раскрытая і пацярпела замежная рэзідэнтура.
Андрэй Савіцкі таксама расказаў пра пагрозы на свой адрас:
«Пагражалі, каб я заткнуўся па пытанні „мёртвых душ“, прынятых на працу ў ГА-РА УКДБ, прыкрывалі Каржа. Але цяпер, пасля ІНБ, гэты „праўдзівы“ генерал — у Палаце прадстаўнікоў».
Іван Корж з 2005 да 2010 года ўзначальваў упраўленне КДБ па Гомельскай вобласці. Потым быў пераведзены на аналагічную пасаду ў Гродзенскую вобласць. У траўні 2014 года быў прызначаны начальнікам Інстытута нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (ІНБ), а ў 2016 годзе стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
У канцы ліста Андрэй Савіцкі папрасіў мінскае кіраўніцтва КДБ разабрацца ў тым, што адбываецца ў Гомелі.
«Можа, вы прызямліце іх на зямлю, людзі баяцца да вас звярнуцца па пытаннях анархіі ў Гомелі. Мне, вядома, не ўсё адно, а ім жа там жыць і працаваць».