Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Зеленский заявил о готовности уйти с поста президента
  2. «Не думаю, что кто-то понесется кого-то спасать». Как сами американцы относятся к позиции Трампа по Украине — спросили беларусов в США
  3. Время дешевого доллара еще не прошло? Сколько будет падать курс: прогноз по валютам
  4. «Они никуда не денутся, понимаете?» Третья годовщина «полномасштабки» — взгляд на «мир» с Россией и политику Трампа командира на фронте
  5. Генассамблея ООН приняла резолюцию к годовщине полномасштабного вторжения РФ в Украину. Беларусь и США проголосовали против
  6. Власти ударят по частникам, введут новшества по мобильной связи и онлайн-торговле и требуют отчитаться по налогам. Изменения марта
  7. Нацбанк принял решение, которое не порадует тех, кто собирается взять кредит на покупку недвижимости
  8. ISW о предложении представителя Трампа взять за основу в переговорах стамбульские протоколы: Это фактически полная капитуляция Украины
  9. «Нам без разницы, чьи это аппараты». Беларусский полковник объяснил, почему военные молчат о сбитых над Гомельщиной беспилотниках
  10. Беларусы жаловались, что не могут сдать старые доллары. В соседней стране признали, что банкам они не нужны
  11. В Германии завершились выборы. По данным экзитполов, ультраправые заняли второе место
  12. Ровно три года Россия пытается захватить Украину. Вспоминаем семь важнейших событий, повлиявших на ход этой войны
  13. «Его продукция была обнаружена на поле боя». Под санкции ЕС попало госпредприятие, которое недавно посещал Лукашенко
  14. «Редкоземельные металлы, нефть и все, что сможем получить»: Трамп заявил, что еще хочет взамен «вложенных в Украину денег»
Читать по-русски


У красавіку 2022-га Алеся Буневіч, дырэктарка віленскай крамы А2, прыехала ў Беларусь. Яна мусіла выратаваць людзей ад пераследу, але сама аказалася ў кіпцюрах сілавікоў, дзе зазнала катаванні ўдушэннем, сустрэла Ціханоўскага і перапісала ад рукі «Зялёную мілю». «Наша Ніва» выслухала гісторыю Алесі.

Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»
Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»

«Усе здзіўляюцца чалавечай актыўнасці ў 2020-м, а мы гэта праходзілі ў 2010-м»

Алеся родам з Маладзечна. Дзяўчына зацікавілася палітыкай яшчэ ў старэйшых класах школы — у 2006-м, падчас тагачаснай Плошчы, але тады сачыла за падзеямі анлайн.

Яе першы вялікі мітынг адбыўся на Дзяды ў 2007-м. Тады ж дзяўчына паступіла на гістфак БДУ, дзе само асяроддзе спрыяла развіццю беларушчыны. На прэзідэнцкіх выбарах-2010 Алеся была ў камандзе кандыдата Андрэя Саннікава, і пра той досвед яна кажа з захапленнем:

«Была класная каманда, мы шчыра верылі, што наш кандыдат насамрэч можа перамагчы. Усе здзіўляюцца чалавечай актыўнасці ў 2020-м, а я не здзіўляюся, бо мы гэта праходзілі ў 2010-м, калі неверагодная колькасць людзей ставіла подпісы за Саннікава. Калі мы прыязджалі ў Стоўбцы ці Дзяржынск і хадзілі па кватэрах па подпісы, былі адзінкавыя выпадкі, калі людзі не пакідалі подпіс.

Плошча-2010? Канечне, я нават ёсць у фільме БТ („Плошча. Жалезам па шклу“. — „НН“), бо ў мяне быў стракаты капялюшык, цяжка было яго не заўважыць. Мы з сяброўкамі былі каля прыступак Дому ўраду, бачылі правакацыю з біццём шкла і тое, як пратэстоўцы далучыліся да яе. Мы трохі атрымалі дубінкамі, бо былі ў першых шэрагах. І першы раз сутыкнуліся з тым, як хлопцы ўцякаюць і не звяртаюць увагу, што перад імі дзяўчаты, яны проста адштурхоўвалі і распіхвалі нас, а мы разумелі, што ззаду падбіраюцца з дубінкамі. Мы мелі з сабой аптэчкі, давялося аднаму хлопцу ў натоўпе бінтаваць галаву».

Тады Алеся з сяброўкамі здолела збегчы ад сілавікоў, а ў наступныя дні назірала за адміністрацыйнымі судамі, стаяла ў чэргах з перадачамі на Акрэсціна. У 2011-м дзяўчына выходзіла на маўклівыя акцыі ў Мінску і Маладзечне — тады яе ў першы раз затрымалі, усё абышлося папярэджаннем.

У 2011-м Алеся сустрэла будучага мужа, актывіста Алега Мяцеліцу, у іх нарадзіўся сын Кастусь, але ж цікаўнасці да актывізму яна не страціла.

«У мяне быў балончык з фарбай, і з-за гэтага мне пагражалі, што ўсе графіці ў Маладзечне будуць мае»

Неўзабаве пасля выбараў-2020 Мяцеліца з’ехаў у Літву, Алеся з сынам засталіся ў Беларусі. У лютым 2021-га яе з групкай іншых лыжнікаў затрымалі ў лесе пад Маладзечнам. Яна згадвае, што гэта мусіла быць падзея «для сваіх», з гарбатай і пачастункамі, і некаторыя з яе ўдзельнікаў мелі пры сабе нацыянальную сімволіку.

«Праз 10 хвілін пасля таго, як мы прыехалі, нас затрымалі. Мы стаялі ўнізе пад гарой, і з гары ішоў чорны натоўп сілавікоў — гэта было жудасна. Паспела толькі сказаць па тэлефоне, што заўтра мяне не будзе на працы — я працавала ў турыстычным агенцтве.

Праседзела 2−3 сутак да суда, і мне прысудзілі 25 базавых. У мяне быў балончык з фарбай, я хацела на снезе намаляваць сэрцайка. І мне пагражалі, што з-за гэтага ўсе графіці ў Маладзечне будуць „мае“. Давялося сплаціць гэты штраф, бо трэба было з’язджаць у Вільню», — расказвае Алеся.

Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»

У маі 2021-га яна пабралася ў Літве шлюбам з Алегам Мяцеліцай. Першы час у эміграцыі быў складаны, згадвае Алеся, яна шмат сумавала па Радзіме. А праз некалькі месяцаў разам са знаёмай пачала распрацоўваць свой бізнэс — краму вырабаў з нацыянальнай сімволікай «А2.print»:

«Спачатку мы пачалі рабіць для сябе міленькія бірулькі і іншыя дробязі з арнаментамі, бо было абсталяванне. А потым вырашылі паспрабаваць гэта рабіць масава, тым больш што ў Вільні з’яўлялася ўсё больш беларусаў, я адчувала гэта і па школе сына, і па колькасці людзей на акцыях ля амбасады, таму мы пабачылі патэнцыйны попыт. Першая маленькая крамка з’явілася ў нас у лютым 2022-га ў віленскім спальніку, цяпер мы працуем у цэнтры.

Калі пачалася вайна, стала патрэбна сябе ідэнтыфікаваць — маўляў, мы не падтрымліваем тое, што адбываецца з боку Расіі. На сваім аўто я заляпіла чырвона-зялёны сцяг бел-чырвона-белым, і мы зразумелі, што на гэтыя налепкі шалёны попыт. Мы адпраўлялі іх па ўсёй Еўропе, былі замовы нават у Канаду. З’явіліся магніты і налепкі на аўто, цішоткі — калі людзі пачалі такім цікавіцца, мы сталі пашыраць асартымент».

«Чалавек у чорных скураных пальчатках задаваў пытанні, і калі я не адказвала, пачынаў мяне душыць»

У красавіку 2022-га Алеся прыехала ў Беларусь. Прычын было некалькі — прайшоў год са смерці маці, трэба было вырашыць пытанні па машыне. Але, прызнаецца дзяўчына, яна мела і іншую мэту:

«Я ехала і таму, што мусіла глядзець месца для людзей, якія пераходзяць мяжу. Гэта былі абстрактныя людзі, трэба было рабіць нешта накшталт выведкі. А потым вырашылі, што можна кагосьці і пераправіць. Здавалася, што можа пайсці не так? Я проста страхую людзей, я была ў памежнай зоне, але нічога не парушала. Але КДБ вырашылі правесці сваю аперацыю».

Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»
Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»

Алеся мяркуе, што яе затрыманне можа быць звязанае з самімі «рэйкавымі партызанамі», з тым, што яны пайшлі на супрацоўніцтва з КДБ і ад іх імя ажыццяўлялася спецаперацыя сілавікоў. Дзяўчына падкрэслівае, што не мае да партызанаў ніякіх прэтэнзій.

Яе затрымалі ў памежнай зоне Гродзенскай вобласці, проста на дарозе:

«Паспела напісаць мужу, што адбываецца нешта дзіўнае. Праехала адна машына, другая, потым машына развярнулася і пакружыла, другая машына вярнулася, і сілавікі з другой мяне затрымалі. Хлопцы ў той машыне запыталі дарогу, я падумала, што гэта хутчэй за ўсё тыя самыя, хто мне трэба. Пачала ім нешта казаць, яны выскачылі і схапілі мяне.

Схапілі, пасадзілі паміж сабой у машыну, пачалі трошкі біць па рэбрах і пагражаць нажом, каб дала паролі ад тэлефона. Я тады не разумела, хто гэта, але ў нейкі момант пачала ўсведамляць, што я ў цэнтры нейкай аперацыі. Яны зразумелі, што маё затрыманне ў нейкім сэнсе сарвала ім планы, яны не змаглі дамагчыся сваіх мэтаў і зняць патрэбную карцінку — здаецца, ім трэба былі кадры з літоўскімі памежнікамі».

Алесю прывезлі на паляну ў лесе, зладзілі вочную стаўку з іншым затрыманым. А потым пачаўся допыт, і дзяўчына прызнаецца, што гэтыя ўспаміны шмат часу не давалі ёй спакойна жыць:

«Мяне ў жыцці ніколі не білі, а тут збівалі так, што незразумела было, як так можна. Там былі ўдары электрашокерам, кропкавае збіццё па рэбрах і нагах, і самае складанае і жорсткае: чалавек у чорных скураных пальчатках задаваў пытанні, і калі я не адказвала, то душыў, пакуль не страчу прытомнасць.

Гэта паўтаралася некалькі разоў, і ў нейкі момант я падумала, што гэтая паляна стане апошнім месцам, дзе мяне бачылі жывой, і ніхто нават не даведаецца, дзе мяне закапалі. Ад мяне патрабавалі звесткі, якія я не ведала: пыталіся, „дзе іншыя тэрарысты“, „хто яшчэ ў вашай бандзе“. Якой бандзе? Вы што, п’яныя?»

Далей Алесю прывезлі ў гродзенскі КДБ на «размову» без адваката, дзяўчына прабыла там недзе да трох гадзін ночы. На наступны дзень быў 8-гадзінны допыт, а потым допыт на мясцовасці — тое, што кадры з яго выкарысталі ў прапагандысцкім фільме на БТ, для Алесі было сюрпрызам.

У тым фільме яе на ўсю краіну абвесцілі тэрарысткай. Алеся адмовілася даваць прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай каментар для фільма, і тая лёгка гэта прыняла, але сілавікі проста наклалі свой каментар на кадры з яе допыту на мясцовасці.

«Для мяне галоўнае — што маё сумленне чыстае. З-за мяне ніхто не сеў, я нікога не падставіла, усё, што я мусіла казаць у межах следчых дзеянняў, нікому не нашкодзіла, бо тыя людзі, пра каго я казала, знаходзяцца за мяжой. Таксама за год да гэтых падзей выйшаў класны фільм „Скрыня Пандоры“, і я пераказала ім усё тое ж, што было ў тым фільме», — разважае дзяўчына.

«Ціханоўскі не апускае рукі, дык чаму я мушу?»

Спачатку Алеся праходзіла па справе бабруйскіх «рэйкавых партызан», якую вёў магілёўскі КДБ, таму яе павезлі ў магілёўскі ІЧУ. Яна прызнаецца: не ўяўляла, што праз два гады пасля выбараў можа быць такое стаўленне да палітзняволеных.

«Ноччу маглі па пяць разоў будзіць, ты мусіш падбегчы да кармушкі і здаць рапарт — хто ты і па якім артыкуле абвінавачваешся. Мне да канца не выставілі абвінавачванне, але я мусіла казаць, што ў мяне артыкул — тэрарызм. Былі бясконцыя голыя шмоны. Мяне затрымалі падчас менструацыі, і гэта быў асобны здзек — не давалі гігіенічных сродкаў, нават паперу. У нейкі момант сказала, што не буду з імі размаўляць, пакуль яны не прадаставяць усё, што мне трэба.

Мяне спачатку дапытвалі ў КДБ. Цябе прывозяць у светлы прыгожанькі будынак з класным рамонтам, на кожным паверсе там бюст Фелікса Эдмундавіча, ты ходзіш у нармальную прыбіральню. А потым цябе вяртаюць у ІЧУ, і там да цябе проста як да жывёлы ставяцца, і гэта маладыя дзяўчаты. Цябе распранаюць, даглядаюць са знявагай, штурхаюць», — успамінае яна.

Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»

Алеся расказвае, што яе шантажавалі бяспекай сына, прапаноўвалі падпісаць дазвол на вываз сына з Літвы — маўляў, тады ёй дадуць да суда хатні арышт і зменшаць тэрмін. Спрабавалі выманіць з Літвы яе мужа.

Пыталіся таксама пра тое, ці звязаная Алеся з «Байполам». Але ж прадстаўнікі «Байпола» публічна казалі, што не ведаюць дзяўчыну, і гэта, мяркуе яна, магло ёй дапамагчы. У СІЗА яна, каб бавіць час, перапісала ад рукі «Зялёную мілю», а таксама збірала «народны фальклор» — песні, якія спявалі іншыя зняволеныя, турэмныя вершы.

Артыкул Алесі ў выніку перакваліфікавалі — яна мяркуе, што гэта можа быць звязана з пазіцыяй «Байпола». Замест абвінавачвання ў тэрарызме яна атрымала абвінавачванне ў наўмысным незаконным перасячэнні дзяржмяжы, а гэта азначае нашмат меншы тэрмін. А саму дзяўчыну перавезлі ў гродзенскую турму № 1 — у Гродне вялі яе справу і прысудзілі ёй 3,5 года зняволення, якія пасля амністыі ператварыліся ў 2,5 года. Яна ўспрыняла гэта як нешта фантастычнае.

Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»
Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»

У этапе на Гродна Алеся ехала разам з Сяргеем Ціханоўскім:

«Я праходзіла міма яго ў прыбіральню. Мусіла нешта яму сказаць, і не знайшла нічога лепшага, як „Прывітанне ад экстрэмістаў Маладзечна!“. Проста дурніца, як можна было такое ляпнуць?! Вяртаюся, і ён запытвае, па якой я справе праходжу. А я яшчэ не адвыкла ад свайго артыкула па тэрарызме, дык і кажу яму, такая дзяўчынка ў акулярчыках і з коскамі — тэрарызм!

Ён быў схуднелы, змарнелы тварам, меў зямлісты колер твару. Каб не голас і размова пра грошы за канапай, я б яго, напэўна, не пазнала. Гэта быў дзень яго народзінаў, 18 жніўня, яго этапавалі ў крытую турму ў Жодзіна. Для мяне гэтая сустрэча была класным знакам, што ўсё будзе добра. Сяргей вельмі баявы, хаця і глядзець на яго было балюча, але ўнутраная моц адчувалася ў размове з канваірамі, якую я трохі чула. Ён не апускае рукі, дык чаму я мушу?»

«Бачыш, як у вачах людзей згасае надзея на датэрміновае вызваленне»

Гродзенскую турму Алеся згадвае як месца з жудаснымі ўмовамі. Гэта будынак старога кляштара, камеры — маленькія келлі з невысокай столлю памерам недзе 2,1 на 2,3 метра. Амаль паўсюль у камерах падлога са старых дошак, у якіх хто толькі не жыве.

Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»
Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»

Дзяўчына пераступіла парог жаночай калоніі 15 лютага 2023-га. Першай, каго яна там пабачыла, была журналістка Кацярына Андрэева, і Алеся зноў успрыняла гэта як добры знак. Зняволеныя абмяняліся ўсмешкамі, дзяўчына згадвае, што Кацярына была вельмі схуднелай.

У калоніі Алеся правяла больш за год і вызвалілася 3 мая 2024 года. Яна старалася як мага менш кантактаваць з адміністрацыяй і супрацоўнікамі, ні пра што не прасіць і не ўступаць у канфлікты.

Алеся кажа, што па стане на сакавік у гомельскай калоніі было каля 140 палітзняволеных. Сярод іх усё больш жанчын з вялікімі тэрмінамі:

«Чым бліжэй да канца твой тэрмін, тым больш ты радуешся, што зараз гэта скончыцца, але надзея на датэрміновае вызваленне для цябе разбіваецца. Ты бачыш, як яна згасае ў вачах людзей, якія там застаюцца. Восенню выйдзе апошняя хваля тых, хто атрымаў невялікія тэрміны, і застануцца так званыя „дальнабоі“, у якіх тэрміны ад шасці год. Толькі ад глабальных зменаў залежыць, калі ў іх скончыцца тэрмін, бо верыць у тое, што кожная з іх дасядзіць, проста страшна. Такіх шмат, і я баюся, што гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца.

Алеся Буневіч. Фота: «Наша Ніва»
Алеся Буневіч. Фота: „Наша Ніва“

Апошнім часам заязджалі дзяўчаты за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, гэта ад шасці гадоў. Я два гады ледзь вытрымала, а такія тэрміны — гэта не ўкладваецца ў галаве. Ты робіш добрую справу, адпраўляеш данаты на дапамогу, і потым за гэта сядзіш. У нейкім сэнсе гэта накіравана на тое, каб той, хто данаціў, пачаў ненавідзець людзей, якім ён дапамагаў, бо з-за гэтага ён сядзіць».

Дзяўчына згадвае, што ёй казалі — маўляў, выйдзеш і ўсё забудзеш. Але яна ўпэўненая, што такі досвед яна мусіць памятаць.

Алеся ўспамінае першы момант, калі яна адчула, што знаходзіцца на волі. Гэта было праз некалькі дзён пасля вызвалення, у маі, у родным Маладзечне:

«Гадзіне аб 11-й вечара я выйшла на вуліцу папаліць, звычка засталася з калоніі. То-бок я выйшла паліць аб 11-й! Можна выйсці ў халаце, на небе зоркі і на іх можна глядзець, я магу прайсціся па двары — за двор мне нельга, бо з 10 гадзін вечара я мушу быць дома па ўмовах прэвентыўнага нагляду».

Каб рашыцца на эміграцыю, Алесі спатрэбілася больш за месяц. Узмацнілі ўмовы нагляду, стала вядома, што дзяўчынай зноў цікавяцца, і тады яна звярнулася ў «Байсол» па эвакуацыю, бо з-за нагляду не магла з’ехаць іншым шляхам. Беларуска выказвае падзяку «Байсолу» за эвакуацыю — яна была складанай. І падсумоўвае сваю гісторыю:

«Тыдзень у Вільні я ўпершыню нармальна сплю, адчуваю сябе ў бяспецы і насалоджваюся тым, што жыццё працягваецца. Толькі тут, калі я прыехала ў Літву, абняла мужа і сына, убачыла сяброў і трапіла на працу, я зразумела, што тая частка гісторыі для мяне сапраўды скончылася. Цяпер, а не тады, калі я пераступіла парог калоніі і выйшла на волю, бо тады гэтага адчування не было».