Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Асартымент біялагічна актыўных дабавак да ежы, даступных беларусам, набліжаецца ўжо да трох тысяч найменняў. Але некаторыя нячыстыя на руку прадаўцы БАДаў прадаюць іх пад выглядам дарагіх лекаў. А ў Мінску адзначаны выпадак, калі маці пасадзіла сваіх дзяцей-дашкольнікаў на строгую дыету амаль з адных БАДаў замест сапраўднай ежы. З-за межаў Беларусі прыходзяць і больш трывожныя навіны. Так, у сакавіку гэтага года ў Японіі памерлі два чалавекі, якія атруціліся дабаўкамі з чырвоным дражджавым рысам (яшчэ больш за сто чалавек трапілі тады ў бальніцы). Разбіраемся, што такое наогул гэтыя БАДы і чым яны могуць быць небяспечныя.

Адкуль узялася мода на БАДы і што гэта такое?

Гісторыя біялагічна актыўных дабавак да ежы (у сучасным разуменні гэтага тэрміна) пачалася каля ста гадоў таму. Бацькам-заснавальнікам шматмільярднага рынку БАДаў можна лічыць амерыканца нямецкага паходжання Карла Рэнборга, які ў 1915 годзе ўладкаваўся бухгалтарам у кампанію Standard Oil Company of New York і атрымаў прызначэнне ў офіс кампаніі ў кітайскім Цяньцзіні.

Витаминосодержащие БАДы на полке супермаркета в США. Фото: Raysonho @ Open Grid Scheduler / Grid Engine, CC0, commons.wikimedia.org
БАДы з утрыманнем вітамінаў на паліцы супермаркета ў ЗША. Фота: Raysonho @ Open Grid Scheduler / Grid Engine, CC0, commons.wikimedia.org

Працуючы ў Кітаі, Рэнборг звярнуў увагу, што ў мясцовых жыхароў досыць далікатныя косткі. На той час навуцы ўжо было вядома, што за трываласць костак у арганізме адказвае ў тым ліку кальцый. Мужчына вырашыў адкрыць у Кітаі малочны бізнес, бо ў малацэ нямала гэтага элементу. Аднак пралічыўся: сярод кітайцаў значна шырэй, чым сярод еўрапейцаў, распаўсюджаная непераноснасць лактозы, што робіць краіну не самым прыдатным рынкам для малочных прадуктаў.

Пасля няўдачы з малочным бізнесам Рэнборг не апусціў рукі і вырашыў стварыць карпарацыю «Кітайскія харчовыя прадукты», якая ўзялася за задачу ўмацавання касцей жыхароў Паднябеснай з іншага боку. Выкарыстоўваючы свае веды ў медыцыне і кітайскай кухні, амерыканец гатаваў для мясцовых свае першыя БАДы: супы з лісця дзьмухаўца і іншых раслін з дадаваннем здробненых цвікоў і перамолатых курыных костак, якія мусілі служыць крыніцай кальцыю, жалеза і іншых мікраэлементаў.

У 1927 годзе Рэнборг вярнуўся ў ЗША, дзе эксперыментаваў з рознымі расліннымі канцэнтратамі, а ў 1934 годзе наладзіў вытворчасць мультівітамінавых і мультымінеральных харчовых дабавак. Пасля некалькіх перайменаванняў кампанія мужчыны па вытворчасці дабавак ператварылася ў вядомую і дагэтуль Nutrilite Products, Inc. Развіваючы свой бізнес, Рэнборг сутыкнуўся з праблемай: яго вітамінна-мінеральныя дабаўкі не адносіліся ні да прадуктаў харчавання, ні да лекаў, таму іх не хацелі браць на рэалізацыю ні харчовыя крамы, ні аптэкі. Таму тавары Nutrilite пачалі прадаваць з дапамогай непасрэдных продажаў — і схема выдатна запрацавала. Адным з дыстрыб’ютараў стала кампанія Amway, якая пазней паглынула і саму Nutrilite Products.

Сапраўдная ж папулярнасць да БАДаў прыйшла ў 70-я гады. На рынку ЗША з’явілася шмат вытворцаў, натхнёных поспехам кампаніі Рэнборга. А ў 1980 годзе з’явіўся наватарскі сродак, які не абяцаў збавення ад усіх хваробаў, а толькі ад лішняга вагі без намаганняў. Для гэтага варта было купіць цудадзейны Herbalife Марка Х’юза і прымаць яго двойчы на дзень.

«Гербалайф» таксама распаўсюджваўся з дапамогай сеткавага маркетынгу, прычым у арганізацыі панаваў амаль рэлігійны парадак з безумоўна верай у сам прэпарат і яго вынаходніка. Калі ў 2000 годзе Марк Х’юз памёр (ад спынення сэрца праз мяшанне алкаголю з антыдэпрэсантамі), у некаторых штатах неадкладна забаранілі продаж вынайдзенага ім прадукту: Herbalife змяшчаў раслінны кампанент эфедрын, які пры бескантрольным спажыванні прыводзіў да пабочных эфектаў накшталт нервовага пераўзбуджэння, бессані, парушэння сардэчнага рытму. Але на папулярнасць БАДаў гэта ўжо асабліва не паўплывала.

Паняцце БАДаў вельмі шырокае. Так, у ЗША да іх адносяць любыя тавары, прызначаныя для дапаўнення рацыёну чалавека, якія ўтрымліваюць прынамсі адзін з наступных інгрэдыентаў: вітаміны, мінералы, раслінныя кампаненты (уключаючы экстракты траваў і іншых раслін), амінакіслоты, метабаліты ці любую іх камбінацыю. Адпаведна, у катэгорыю БАДаў там трапляюць полівітаміны, капсулы рыбінага тлушчу, прабіётыкі, натуральныя сродкі, прызначаныя для зніжэння вагі, і нават некаторыя віды энергетычных напояў.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: Ibiochemistry.by
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Ibiochemistry.by

Зрэшты, «традыцыйныя» БАДы звычайна выглядаюць як падобныя да лекаў сродкі, на этыкетках якіх вытворцы часта адзначаюць нейкую іх карысць для здароўя. Як правіла, сцвярджаецца, што яны здольныя зніжаць рызыку пэўных захворванняў ці паталагічных станаў. Напрыклад, дабаўкі з утрыманнем кальцыю могуць быць маркіраваныя як прэпараты «для падтрымання здароўя костак».

Сусветны лідар у попыце на БАДы — Японія, дзе іх ужывае 90% насельніцтва. Рэгулярна прымае якія-небудзь віды біялагічна актыўных дабавак да ежы і больш чым палова жыхароў ЗША. А агульная колькасць амерыканцаў, якія іх п’юць (у тым ліку не на рэгулярнай аснове) ацэньваецца ў 70%. У многіх азіяцкіх краінах доля людзей, што рэгулярна ўжываюць БАДы, знаходзіцца паміж 40 і 60%. У Еўропе і Лацінскай Амерыцы такіх людзей каля 30%. Пісьменны маркетынг ператварыў прыём БАДаў у сучасным свеце ў неад’емную для многіх частку здаровага ладу жыцця.

У Беларусі БАДы з’явіліся ўжо пасля распаду СССР. У Савецкім Саюзе не было нават спецыяльнага тэрміна для такіх прэпаратаў — словазлучэнне «біялагічна актыўныя дабаўкі да ежы» прыдумалі ў Расіі ў 90-я. На прарадзіме, у ЗША, іх называюць dietary supplement — то-бок проста харчовыя дабаўкі, або дабаўкі да дыеты.

Чаму БАДы — не лекі?

Біялагічна актыўныя дабаўкі да ежы — гэта не лекі, яны не прызначаныя для лячэння захворванняў ці вырашэння нейкіх праблем са здароўем. З пункту гледжання беларускага заканадаўства біялагічна актыўныя дабаўкі да ежы выкарыстоўваюцца альбо проста для ўзбагачэння ежы чалавека (як дадатковая крыніца бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і харчовых валокнаў), альбо для «падтрымання ў фізіялагічных межах функцыянальнай актыўнасці арганізма». Але праз нядобрасумленную дакучлівую рэкламу многія людзі часта разглядаюць іх як замену сапраўдным лекам.

Біёлаг і папулярызатар навукі Аляксандр Панчын звяртае ўвагу на тое, што, у адрозненне ад сапраўдных лекаў, вытворцы БАДаў у прынцыпе не абавязаныя праводзіць даследаванні сваіх прэпаратаў — ні даклінічныя, ні клінічныя.

Прием таблеток. Фото: Pexels.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pexels.com

То-бок калі лекі перад выхадам на рынак павінныя прайсці праверку на бяспечнасць і эфектыўнасць, то БАДы ад такой працэдуры вызваленыя. Маецца на ўвазе, што апошнія складаюцца з рэчываў, якія і так сустракаюцца ў ежы — а значыць, не мусяць быць асабліва небяспечнымі. І ў той жа час адсутнасць клінічных даследаванняў часцяком не перашкаджае вытворцам БАДаў прадстаўляць свае прадукты як нешта карыснае, што дапамагае пры пэўных захворваннях або стымулюе імунітэт.

Акрамя таго, падчас рэгістрацыі і вытворчасці да БАДаў выстаўляюць значна менш строгія патрабаванні, чым падчас рэгістрацыі і вытворчасці лекаў.

Паводле беларускага заканадаўства, вытворцам біялагічна актыўных дабавак да ежы забаронена сцвярджаць у інструкцыі да ўжывання або на ўпакоўцы, што іх прадукцыя мае нейкія лекавыя ўласцівасці, ці нават спасылацца на медыцынскія паказанні што да ўжывання (то-бок, да прыкладу, нельга напісаць у інструкцыі, што прэпарат выкарыстоўваецца для лячэння, скажам, атлусцення). Але нейкіх выразных патрабаванняў да маркіроўкі БАДаў, што дазваляюць адназначна адрозніць іх ад лекаў, у законе няма. Добрасумленныя вытворцы самі пішуць на ўпакоўцы «біялагічна актыўны дадатак» і «не з’яўляецца лекавым сродкам». Падобным чынам робяць і многія прадаўцы тавараў медыцынскага прызначэння, якія размяшчаюць іх на асобных прылаўках ці ў асобных раздзелах на сваіх сайтах. Але так адбываецца не заўсёды.

Як жа адрозніць БАД ад сапраўдных лекаў, калі з упакоўкі гэта не відавочна? Самы дакладны спосаб — праверыць назву ў Дзяржаўным рэестры лекавых сродкаў Беларусі. Увядзіце гандлёвую назву тавару, які вы збіраецеся купіць, у полі «Найменне лекавага сродку», націсніце «Пошук» — і калі ў выдачы будзе ваш прэпарат, то вы маеце дачыненне з гэтым лекамі.

Якую небяспеку тоіць захапленне БАДамі?

Шырокая распаўсюджанасць БАДаў разам з нізкімі патрабаваннямі да даследаванняў іх уздзеяння на людзей падчас рэгістрацыі досыць часта прыводзіць да сумных наступстваў. У поўнай адпаведнасці са сваёй назвай, біялагічна актыўныя дабаўкі (а дакладней, некаторыя іх кампаненты) могуць сур’ёзна ўплываць на жыццядзейнасць чалавечага арганізма. І далёка не заўсёды гэты ўплыў станоўчы.

У 2017 годзе доля людзей, якія выкарыстоўвалі БАДы на іх «радзіме», у ЗША, была трохі меншай, чым цяпер. Паводле розных ацэнак, доля дарослых амерыканцаў, якія прымалі харчовыя дабаўкі, складала на той час ад траціны да паловы ад іх агульнай колькасці. І нават тады 20% усіх выпадкаў паражэння печані чужароднымі рэчывамі ў краіне было выкліканае ўжываннем БАДаў.

У сярэднім у ЗША за год фіксуецца больш за 20 тысяч выпадкаў звароту ў неадкладную дапамогу, звязаных з наступствамі ўжывання БАДаў. Прыкладна 2 тысячы разоў на год гэтыя звароты заканчваюцца шпіталізацыяй. Самымі распаўсюджанымі БАДамі, ужыванне якіх адпраўляла амерыканцаў на бальнічны ложак, сталі прадукты для зніжэння вагі і для змяншэння стамляльнасці.

На думку згаданага Аляксандра Панчына, такая сітуацыя склалася акурат праз тое, што БАДы «вызваленыя» ад неабходнасці праходзіць клінічныя даследаванні. Таму недавывучанай застаецца не толькі іх меркаваная карысць, але і пабочныя эфекты. Да таго ж часта складана прадказаць, як будуць паводзіцца рэчывы БАДаў у розных камбінацыях — а некаторыя людзі прымаюць адначасова некалькі такіх дабавак. Дадамо, што некаторыя біялагічна актыўныя дабаўкі ў выпадку сумеснага прыёму зніжаюць эфектыўнасць сапраўдных лекаў — або павышаюць іх таксічнасць.

Яшчэ адна сур’ёзная праблема БАДаў — гэта моцная зменлівасць іх якасці і складу. Дабаўкі могуць не ўтрымліваць дакладнай колькасці заяўленых на этыкетцы інгрэдыентаў. Іншыя, наадварот, бываюць забруджаныя рэчывамі, якіх у іх быць не мусіць — напрыклад, цяжкімі металамі. Або заражаныя патагеннымі мікраарганізмамі.

БАД с витамином B. Фото: Ragesoss, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
БАД з вітамінам B. Фота: Ragesoss, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Склад БАДаў наогул досыць кепска кантралюецца — асабліва ў параўнанні з лекамі. Так, у ЗША c 2007 года ў спіс біялагічна актыўных дабавак, якія змяшчалі не пазначаныя на этыкетцы кампаненты, трапіла ўжо амаль 2000 найменняў. Толькі ў чэрвені — ліпені 2024 года эксперты Цэнтра кантролю захворванняў ЗША выявілі ў сямі розных БАДах такія рэчывы, як:

  • дыклафенак (нестэроідны супрацьзапаленчы лекавы сродак, доўгае ўжыванне якога павялічвае рызыку інфарктаў і іншых сардэчна-сасудзістых захворванняў);
  • сілдэнафіл (лекавы сродак, які часта выкарыстоўваюць для паляпшэння эрэкцыі — шырока вядомы пад назвай «Віягра»);
  • амепразол (лекавы сродак, які выкарыстоўваюць для лячэння язвы страўніка і пякоткі з пабочнымі эфектамі ў выглядзе дыярэі, млоснасці, запору, ванітаў, галаўнога болю, а для дзяцей — ліхаманкі і рэспіраторных парушэнняў);
  • фенілбутазон (нестэроідны супрацьзапаленчы лекавы сродак, здольны выклікаць пагаршэнне слыху);
  • ацэтамінафен (у Беларусі больш вядомы як парацэтамол);
  • мусцымол (магутнае псіхаактыўные рэчыва, якое ўтрымліваецца ў мухаморах і парушае ўспрыманне вонкавага свету);
  • хлорфенірамін (супрацьалергенны лекавы сродак);
  • дэксаметазон (супрацьзапаленчы і імунадэпрэсіўны (то-бок той, што прыгнятае імунітэт) фармацэўтычны прэпарат).

Вядома, гэтых лекавых сродкаў у даследаваных БАДах быць проста не мусіць. Такім чынам нядобрасумленныя вытворцы такіх харчовых дабавак уводзяць спажыўцоў у зман, прыпісваючы эфект ад ужывання фармацэўтычных прэпаратаў нейкім раслінным экстрактам, комплексам вітамінаў і мінералаў. Тая ж «Віягра» (сілдэнафіл), напрыклад, можа дапоўніць склад «цудадзейнага» сродку для паляпшэння патэнцыі на аснове рогу насарога. І адначасова такое махлярства падвяргае людзей сур’ёзнай рызыцы, звязанай з ужываннем лекаў з небяспечнымі пабочнымі эфектамі.

Больш за тое, некаторыя вытворцы БАДаў выкарыстоўваюць у сваіх дабаўках рэчывы, наогул забароненыя ў якасці лекаў. Напрыклад, у харчовыя сумесі для пахудзення падмешваюць фенолфталеін — рэчыва, якое раней шырока выкарыстоўвалася як паслабляльны сродак (у СССР вядомы пад назвай «пурген»). Аднак пазней навукоўцы выявілі, што гэта, імаверна, канцэраген. Пасля гэтага вытворцы паслабляльных сродкаў у розных краінах пачалі адмаўляцца ад выкарыстання фенолфталеіна ў сваіх прэпаратах, замяняючы яго іншымі рэчывамі.

Падобным чынам вытворцы БАДаў для пахудзення працягваюць выкарыстоўваць сібутрамін — прэпарат, які раней выкарыстоўваўся ў медыцыне для зніжэйння апетыту. Потым аказалася, што сібутрамін павышае рызыку інсульту і інфаркту і мае мноства іншых пабочных эфектаў, і як лекі яго выкарыстоўваць перасталі (у Беларусі ён таксама забаронены, але некаторыя ўвозяць ці спрабуюць увозіць яго з Расіі). Што, на жаль, не спыніла нядобрасумленных вытворцаў БАДаў, якія працягваюць дадаваць сібутрамін у свае прадукты.

Один из запросов в справочную службу ресурса по поиску лекарственных препаратов в Беларуси. Фото: скриншот tabletka.by
Адзін з запытаў у службу даведкі рэсурсу па пошуку лекавых прэпаратаў у Беларусі. Выява: скрыншот tabletka.by

Прымаючы БАДы, у тым ліку шырока разрэкламаваныя, людзі часта прымаюць яшчэ і нейкія лекавыя сродкі, нават не падазраючы пра гэта — і тым больш не ведаючы дозы. А калі чалавек прымае адразу некалькі БАДаў, ён рызыкуе атрымліваць розныя камбінацыі невядомых прэпаратаў. Усё гэта стварае вельмі адчувальныя рызыкі для здароўя.

Дык што, усе БАДы — гэта нейкае шарлатанства і лепш наогул да іх не набліжацца?

Як ужо згадвалася вышэй, пад вызначэнне БАДаў трапляе вельмі шырокае кола тавараў. Нейкая частка з іх створаная добрасумленнымі вытворцамі, якія не падмешваюць у раслінную аснову сваіх прэпаратаў дазволеныя ці забароненыя для выкарыстання ў медыцыне рэчывы, а таксама сумленна адзначаюць, што іх прадукцыя — не лекі. Але ў цэлым выкарыстанне БАДаў шмат у чым падобнае да латарэі з непрадказальным вынікам. Як мы ўжо пісалі, у адных толькі ЗША кожны год па медыцынскую дапамогу звяртаюцца дзясяткі тысяч спажыўцоў БАДаў, што дазваляе лічыць рызыку ад іх выкарыстання цалкам адчувальнай.

«Обед» из БАДов. Фото: Airman 1st Class Daniel Brosam, Public Domain, commons.wikimedia.org
«Абед» з БАДаў. Фота: Airman 1st Class Daniel Brosam, commons.wikimedia.org

Многія БАДы сапраўды працуюць і выконваюць функцыю, для якой былі створаныя. Так, цалкам рэальна знайсці дабаўкі, якія дапамогуць схуднець. Але бывае, што станоўчы эфект дасягаецца не за кошт «чароўных» уласцівасцяў якой-небудзь расліны, а з дапамогай падмяшаных у БАД леказ — і добра, калі гэтыя лекі будуць дазволенымі і бясшкоднымі для здароўя.

Часам спецыялісты прызначаюць БАДы сваім пацыентам нават для лячэння. Гэта можа адбывацца ў сітуацыях, калі ў продажы няма прыдатных лекаў, але даступныя прыдатныя ўласцівасцямі харчовыя дабаўкі. Напрыклад, пры дэфіцыце нейкіх вітамінаў або мікраэлементаў доктар можа парэкамендаваць нейкі БАД з прыдатным кампанентам.

Усё гэта ў сукупнасці дазваляе прыйсці да высновы, што рашэнне наконт прыёму БАДаў лепш прымаць як мінімум параіўшыся з добрым, кампетэнтным медыкам. Дапусцім, калі ў вас кепска растуць валасы ці лёгка ломяцца пазногці, не варта бяздумна прымаць БАДы «для моцных пазногцяў» ці «для моцных, шаўкавістых валасоў». Лепш пайсці да доктара, каб той высветліў, што насамрэч з вамі адбываецца, і прызначыў дзейснае лячэнне. Магчыма, праблема сапраўды будзе ў дэфіцыце нейкіх вітамінаў ці мікраэлементаў (і БАД зможа дапамагчы) — а можа, і не, і вам патрэбнае сур’ёзнае лячэнне.

У любым выпадку вашае здароўе — не тая стаўка, якую варта рабіць, гуляючы ў латарэю з непрадказальным вынікам.

Чытайце таксама