Навіна, якая на мінулым тыдні адцягнула ад невыноснай спёкі нават самых стомленых сонцам: оперная спявачка Маргарыта Ляўчук выйшла замуж. Вясельныя фота шчаслівай пары разляцеліся па многіх беларускіх СМІ. Аказалася, цырымонія прайшла некалькі месяцаў таму, але з меркаванняў канспірацыі маладыя захоўвалі маўчанне. Абраннік дзівы — украінскі вайсковец Руслан Карнійко. У сваім Instagram нявеста апісала яго як самага неверагоднага мужчыну, шыкоўнага прыгажуна і сапраўднага героя. «Люстэрка» вырашыла з ім пазнаёміцца, Руслан пагадзіўся. Пра рамантыку сярод «прылётаў» і зорную жонку чытайце ў інтэрв'ю.

«Літаральна праз чатыры гадзіны пасля мабілізацыі ўжо быў на баявой пазіцыі»
Руслану 41 год. Ён камандзір узвода, служыць у СПА ў Харкаўскай вобласці. Яго падраздзяленне закрывае горад ад «усялякага паветранага паскудства» — «Шахедаў», іншых беспілотнікаў, ракет. Асноўная частка іх працы прыпадае на ноч. Мы стэлефаноўваемся днём, калі крыху спакайней і ў вайскоўца ёсць час крыху адпачыць і пагаварыць пра добрае. А дакладней, пра вяселле. З Маргарытай яны распісаліся некалькі месяцаў таму. На дварэ ў той дзень было холадна, таму на здымках закаханыя цёпла апранутыя.
— Для такіх выпадкаў ёсць пэўныя ваенныя правілы. Каб не раскрываць лакацыі і свайго месцазнаходжання, у нас няма дазволу выкладваць усё, што адбываецца [тут і цяпер], — тлумачыць прычыну сакрэтнасці суразмоўца. — Цырымонія прайшла ў цэнтральным ЗАГСе Харкава. Спачатку мы з Марго планавалі, што будзем толькі ўдваіх, проста пойдзем распішамся, пасядзім у якім-небудзь рэстаране. А ўжо пасля перамогі, калі межы адкрыюць і мы зможам сабраць усіх родных і сяброў, згуляем вяселле. Потым падумалі, што трэба запрасіць мінімум маіх бацькоў. А дзе бацькі, там і знаёмыя Марго з Кіева, якія засмуціліся б, калі б мы іх не паклікалі. Карацей, дайшло да таго, што нас было чалавек 35−40.
Усе ў асноўным вайскоўцы. Сярод іх [байцы] з палка Каліноўскага. У той момант яны знаходзіліся ў Харкаве (у траўні 2024-га каліноўцы ўдзельнічалі ў абароне Харкаўшчыны. — Заўв. рэд.). Каліноўцы былі і ў ЗАГСе, і ў рэстаране. Калі выходзіш замуж і няма побач родных — гэта няпроста. А тут яшчэ іншая краіна, незнаёмыя людзі. Для Марго яны сталі вялікай падтрымкай. Падарылі ёй велізарны букет. Самы здаровы, які быў у нас на вяселлі.
— Чаму для цырымоніі выбралі Харкаў, а не Кіеў, напрыклад?
— Марго падабаецца Харкаў. Гэта па-першае. Па-другое, мае адпачынкі плануюцца мінімум за паўгода, а пажаніцца мы вырашылі праз некалькі дзён пасля таго, як я зрабіў прапанову. Гэты час супаў са службай, а служу я ў Харкаўскай вобласці. Па-трэцяе, гэта горад, дзе я жыву ўжо 24 гады, лічу, што я харкаўчанін. Па-чацвёртае, гэта зручная лакацыя для ўсіх. Тут усе нашыя сябры, мае калегі.
— Пасля школы вы заканчвалі Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт Паветраных сіл імя Івана Кажадуба. Цяпер вы таксама служыце. Атрымліваецца, вы з ВНУ ў войску?
— На трэцім курсе ўсвядоміў, што быць вайскоўцам не маё, я хацеў стаць прадпрымальнікам. Разумеў: скончыўшы ўніверсітэт, у войску не застануся. У прынцыпе, так і здарылася. У 2005-м, калі пасля выпуску прыйшоў служыць, адразу напісаў рапарт на звальненне, але ўзгаднілі яго мне толькі праз год. Потым займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, дызайнам, акультурваннем офісаў IT-кампаній.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання блізкія былі супраць, каб я ішоў ваяваць. Хваляваліся за мяне. Я не хацеў псаваць з імі адносіны, таму вырашыў дапамагаць краіне і вайскоўцам як валанцёр. Збіраў на цеплавізары, дроны, арганізоўваў байцам харчаванне. Працаваў са сваім універсітэтам (мы таксама займаліся абаронай Харкава) і з іншымі брыгадамі.
Прайшло тры месяцы. За гэты час зразумеў: я больш так не магу. Валанцёрства — гэта добра, але мяне цягне да сваіх хлопцаў. Мае аднагрупнікі — усе вайскоўцы і былі на абароне Харкава. Я з імі ўвесь час меў зносіны, дапамагаў і разумеў, што патрэбны там. І я мабілізаваўся. Літаральна праз чатыры гадзіны пасля гэтага ўжо быў на баявой пазіцыі ў падраздзяленні, у якім знаходжуся і да гэтага часу.
— Цяжка?
— Гледзячы з чым параўноўваць. Ёсць хлопцы ў пяхоце, у штурмавых падраздзяленнях. У параўнанні з імі, думаю, нам нескладана. Праз тыдзень (размова была ў панядзелак, 15 ліпеня. — Заўв. рэд.) з маім падраздзяленнем едзем мяняць хлопцаў, якія цяпер удзельнічаюць у вызваленні аднаго з населеных пунктаў. Там вельмі горача. Для нашай бяспекі і эфектыўнейшага выканання задач мне патрэбныя РЭБы (прылады, якія перашкаджаюць дронам падлятаць да хлопцаў і пазіцый, ствараюць перашкоды), паўэрбанкі EcoFlow, «мавікі» (квадракоптар DJI Mavic 3 Т. — Заўв. рэд.) з начнымі цеплавізарамі. Палічыў, што на ўсё неабходна каля 12 тысяч даляраў. Можаце мяне падтрымаць.
Падтрымаць Руслана можна ў яго Instagram, ці па гэтай спасылцы (не варта пераводзіць грошы з беларускіх карт).
«Я ўпершыню ўзяў яе за руку. Мы пераглянуліся, усміхнуліся, і я падумаў: „Класна!“»

— Раскажыце падрабязней, як вы пазнаёміліся з Маргарытай. Вы неяк каротка згадалі, што ўсё гэта дзякуючы агульнай знаёмай, якая папрасіла вас перадаць адно аднаму прывітанні.
— Гэта мая сяброўка Аксана з Чыкага, з якой я камунікую са студэнцтва. Яны з братам навучылі мяне катацца на роліках. Мы сустракаліся ў парку, у лесе, каталіся і шмат размаўлялі. Калі я быў на трэцім курсе, яна з’ехала ў ЗША. Там на адным з фестываляў яны перасекліся з Марго. Пазней праз яе Instagram Аксана даведалася, што Марго ва Украіне, і папрасіла, калі тая будзе ў Харкаве, перадаць мне прывітанне. Пра тое самае напісала і мне.
На той момант я не думаў пра адносіны. Чаму? Бо вайсковец, бо не час. Складана сумяшчаць службу і адносіны. Плюс усё гэта трэба будаваць на адлегласці, а гэта не для мяне. Мы такое ўжо праходзілі.
У адзін з дзён у кастрычніку 2023-га я напісаў Марго. На той момант яна каталася з «Культурным дэсантам» (ініцыятыва вядомых украінскіх артыстаў па культурнай і псіхалагічнай дапамозе ўкраінскім байцам. — Заўв. рэд.) па «гарачых месцах» у Харкаўскай вобласці.
Сказаў, што хачу зрабіць прыемнае дарагому мне чалавеку, прапанаваў сустрэцца і зняць ролік з прывітаннем для Аксаны. Марго не ведала, заначуюць яны ў Харкаве, паедуць у іншае месца або застануцца на пазіцыях, дзе выступалі. Вырашыў: «Добра, атрымаецца — дык атрымаецца, а не — дык не». Гэта было ў 11−12 дня, а ўвечары яна адпісалася, што яны спыняцца ў Харкаве ў такім і такім гатэлі і мы можам убачыцца.
Мы сустрэліся, запісалі прывітанне, і Марго папрасіла, каб мы (я быў з сябрам) паказалі ёй горад. Прагуляліся па вечаровым Харкаве, паказалі ёй асноўныя значныя месцы. Пасмяяліся, класна прабавілі час.
— Вы ведалі, хто яна?
— Не, думаў, валанцёрка, яны часта да нас прыязджаюць. Простая прыемная дзяўчына, якая добра гаворыць па-ўкраінску. А потым пачалася паветраная трывога. Мне тэрмінова трэба было ехаць на службу. Я падкінуў іх з сябрам да гатэля, а сам панёсся на пазіцыю. У той вечар мы ўпершыню збілі ў Харкаўскай вобласці «Шахед». Гэта была новая зброя расіян. Збітага дрона-камікадзэ я прысвяціў Марго. «Крылца», як яна прасіла, не прывёз, але фатаграфію скінуў (смяецца).
Назаўтра мы зноў сустрэліся. Мне трэба было прыехаць у Харкаў, і паміж задачамі я знайшоў крыху часу, каб сустрэцца з Марго. У той дзень яна спытала, чаго мне больш за ўсё хочацца падчас вайны. Адказаў: «Прыняць ванну» (смяецца). Два гады душ, а часам і проста бутэлька з вадой, сухі душ ці пакетаваны… Я марыў прыняць ванну.
Яна сказала: «Вось табе ключы ад нумара». Яны з «Культурным дэсантам» акурат з’язджалі выступаць, і, пакуль яе не было, я выканаў сваё жаданне. Я тады быў самы шчаслівы (смяецца). А яшчэ мяне здзівіла, што ўсё гэта для мяне зрабіў чалавек, з якім мы мала знаёмыя. Увечары мы павячэралі, паўспаміналі гісторыі з жыцця. Тады пачалі з’яўляцца пачуцці. Я ўпершыню ўзяў яе за руку. Мы пераглянуліся, усміхнуліся, і я падумаў: «Класна!»
— Што было далей? Наколькі я ведаю, Маргарыта нават адпрошвалася ў кіраўніка «Культурнага дэсанту», каб хадзіць з вамі на спатканні.
— Яна хоць і валанцёрка, але раз падпісалася на праект, значыць, павінная выконваць свае абавязкі. Мы разумелі, што часу ў нас няшмат. Спачатку знаходзілі яго паміж яе выступамі: днём яны былі з канцэртамі на пазіцыях, а ўвечары вярталіся ў Харкаў, і мы маглі камунікаваць.
Потым прыйшоў час, калі ім трэба было ехаць да байцоў, якія працуюць на іншым кірунку Херсонскай вобласці… У дзень, калі зразумелі, што раз’язджаемся і не было ясна, ці сустрэнемся мы яшчэ, ці будзе працяг… Мы сядзелі на летняй тэрасе рэстарана, пілі нешта, трымаліся за рукі. Унутры будынка, за шклом ад нас, знаходзіліся Коля Сярга і Саша Рэмез — кіраўнікі «Культурнага дэсанту». Гледзячы на нас, Коля спытаў у Сашы (ён нам пазней пра гэта расказаў па сакрэце): «Як думаеш, у іх ёсць будучыня?» Той адказаў: «Вайна… Ён вайсковец, яна валанцёрка, але можна паспрабаваць. Можа, нешта і атрымаецца». Пасля гэтага Коля падышоў да нас і пакінуў Марго ў Харкаве яшчэ на два тыдні. Яна працягвала выступаць у шпіталях, у месцах, дзе базаваліся і адпачывалі вайскоўцы, але была побач. У той перыяд у мяне хапала справаў у горадзе, і ў перапынках паміж задачамі мы размаўлялі. Гэтыя два тыдні і вызначылі наш далейшы лёс. Колю і Аксану мы называем нашымі купідонамі. Яны шмат зрабілі, каб мы былі разам.
«Са мной яна пяшчотная дзяўчынка, ласкавая жонка, добрая каханка»

— Як вы даведаліся, што Маргарыта — не проста валанцёрка, а вядомая оперная спявачка і блогерка?
— Уся нашая перапіска ішла ў Instagram. Калі Аксана дала мне яе нік, я даслаў ёй паведамленне і не звярнуў увагі на колькасць падпісчыкаў. Пазней у размове Марго згадала, што яна оперная спявачка, я зайшоў паглядзець. Сапраўды (смяецца). Крута. Гэта было, мабыць, на чацвёрты дзень нашага знаёмства.
Спачатку ўспрыняў гэтую інфармацыю не вельмі добра. Чаму? Бо ў мяне, скажам так, не было досведу зносін з опернымі спявачкамі (смяецца). Я не ведаў, як далей складуцца нашыя адносіны, як давядзецца адаптавацца да яе вядомасці. Ёсць жа нейкія асаблівасці зорнага жыцця — камандзіроўкі, сябры, здымкі. Думаў, яна будзе фанабэрыстая. Увогуле, хапала пытанняў без адказаў, але потым адпусціў сітуацыю. Як выявілася, камунікацыя паміж намі — гэта адно, а яе творчы вобраз — іншае.
— Гуглілі нешта пра яе?
— Не, першы раз зайшоў у «Вікіпедыю», каб паглядзець, хто яна, калі ёй трэба было афармляць ВНЖ. Там прасілі звесткі, дзе вучылася, дата нараджэння. Марго сказала, усё гэта ёсць у «Вікіпедыі», я загугліў і прачытаў.
— Было нешта ў яе біяграфіі, што вас уразіла?
— Гэта складана зрабіць, мне 41 год (смяецца). Магчыма, здзівіўся таму, якая яна ў інтэрв'ю, у роліках, дзе здымаецца (тая ж «Чырвоная зелень»). Доўга не мог прывыкнуць, што на відэа яна такая ветраная, легкадумная, лёгкая не з лепшага боку ў плане адносін. Гэта, скажам так, яе сцэнічны вобраз. У жыцці яна крыху іншы чалавек.
— Не спалохала, што на ёй чатыры «крыміналкі»?
— Не, наадварот, надало нейкай цікавасці.
— У інтэрв'ю Маргарыта расказвала пра важкія ганарары за выступ. Не перажывалі, што ў яе як у знакамітасці могуць быць вялікія патрабаванні?
— Такі момант ёсць, але ён паміж намі не стаіць. Марго ні разу не стварыла прэцэдэнту, каб я адчуваў нейкі дыскамфорт.
— Ці ёсць у яе зорная хвароба?
— У нас было шмат розных сітуацый падчас афармлення яе дакументаў, па здымках у Харкаве. Яна як паравоз пракладае сабе дарогу, і нічога яе не спыніць. Яна, скажам так, нахабная, але па-добраму. Гэта нейкая яе вынаходлівасць, якая спалучаецца з поспехам. Ва ўсіх, хто з ёю камунікуе, застаюцца пра яе найлепшыя ўражанні.
Са мной яна пяшчотная дзяўчынка, ласкавая жонка, добрая каханка. Адзінае, ёй вельмі не падабаецца гатаваць, але гэта не праблема (смяецца). Доўга прасіў, каб Марго зрабіла мне дранікі. Бо гэта беларуская нацыянальная страва, і мне хацелася пакаштаваць, як яны ў яе атрымліваюцца. Ведаю, што Марго — добрая гаспадыня, але ў яе такое бачанне: калі яна гатуе, то робіць мужчыну нешта вельмі прыемнае. Калі гэта яе дранікі, то гэта дранікі ад зоркі.
— У вашай сям'і гатуеце вы?
— Ну так (смяецца), перыядычна разам ці заказваем. Калі страва нескладаная і Марго хоча мяне здзівіць, то дзесьці нешта робіць і яна.
— А хто ў вас прыбірае?
— У нас ёсць чалавек, які нам дапамагае.
«Мабыць, я яшчэ ніколі нікому такіх дарагіх падарункаў не рабіў»

— Як вы рабілі Марго прапанову?
— У нас у Харкаве ёсць сквер «Стрэлка», куды закаханыя прыязджаюць пасля ЗАГСа, каб павесіць замочак. На гэтым месцы я і зрабіў прапанову. Загадзя папрасіў сябра, каб ён усё зняў на тэлефон, і купіў букет. Букет быў у сябра. Праўда, пакуль ён зразумеў мой сцэнар, мы з Марго накруцілі некалькі колаў ля клумбы (смяецца).
Мы зайшлі на мост, сябар следам усё здымаў. Я стаў на калена і дастаў пярсцёнак з дыяментам, бо Марго не раз паўтарала, што любіць гэтыя камяні.
Для мяне рабіць прапанову — гэта было нешта новае, цікавы досвед (смяецца). Я не ведаў, як яна адкажа, таму хваляваўся. Усё ў нас было выдатна, але мы не гаварылі пра шлюб.
— Як яна адрэагавала?
— Так, нібы чакала гэтага, і была шчаслівая.
— Вы рамантык?
— Так, а Марго не, але ёй падабаецца ўсё, што я раблю. Такое адчуванне, што ў яе жыцці было мала рамантыкі і такіх людзей. Мне прыемна яе радаваць. Не лічу, што гэта старамодна ці нейкі мой недахоп як чалавека. Проста я такі.
— Пярсцёнак дарагі?
— Можна так сказаць (смяецца). Усе грошы, якія ў мяне на той момант ляжалі на картцы, я патраціў, але мне хацелася так зрабіць. Мабыць, я яшчэ ніколі нікому такіх дарагіх падарункаў не рабіў. Разумею: калі чалавек кахае, то прыме ад цябе любы пярсцёнак, хай нават ён будзе з фольгі. Важна, каб усё ішло ад чыстага сэрца. Але я хацеў яе здзівіць. Праз пяць дзён мы пажаніліся.
— Як вашыя бацькі пазнаёміліся з Маргарытай? Ці ведалі яны, хто яна?
— Я прадставіў іх адно аднаму дзесьці праз тры тыдні пасля нашага з Марго знаёмства. Яны не ведалі, хто яна.
У бацькі ёсць гітара, ён на ёй грае і спявае. У яго няма слыху і голасу, але за вячэрай ён любіць рабіць гасцям прыемныя музычныя падарункі. Калі Марго пачала спяваць украінскую песню, яе голас іх здзівіў. Бацькоў да глыбіні душы кранула выкананне. А потым пачаліся пытанні: «А чаму? А як?» Мы паказалі ім некалькі ролікаў Марго на YouTube, і яны зразумелі, што яна вядомая оперная спявачка. Для іх было гонарам прымаць дома такога чалавека.
«Усё, што было да мяне, застанецца ў Лас-Вегасе»
— Маргарыта пераехала з Літвы ва Украіну праз вас?
— Часта задаюць пытанне: чаму яна ў Харкаве? Чаму хаця б не ў Кіеве? Чаму яна наогул з’ехала з Еўропы? Марго адказвае ўсім, што я яе муж і яна мусіць быць з мужам. Мы хочам разам пражываць усе моманты.
— Як вы паставіліся да яе пераезду? Усё ж у Вільнюсе было бяспечней.
— Станоўча паставіўся, я гэтага хацеў. У Харкаве небяспечна, але не настолькі, як пра гэта кажуць ці пішуць людзі, якія не тут. Плюс разумею, што ў горадзе ёсць бяспечныя месцы, дзе яна можа знаходзіцца. Усведамляю: на мне вялікая адказнасць за Марго, але навошта мы тады ўсё пачыналі, калі будзем на адлегласці? Ніхто не ведае, калі ўсё гэта скончыцца. Усякае можа здарыцца. Мы павінныя выкарыстоўваць час, які нам адведзены.
Марго падабаецца, што я вайсковец, я для яе герой. З такім стаўленнем яна і сама разумее, што мусіць быць тут. Для яе не праблема, што мы ў зоне баявых дзеянняў. Для яе важна, што мы разам.
— Маргарыта расказала, што вы чакаеце дзіця. Яна цяпер у дэкрэце ці працягвае ездзіць з «Культурным дэсантам»?
— Яны дамовіліся, што пакуль яна ў дэкрэце, яны яе не прыцягваюць. Яны камунікуюць, сябруюць, яна бывае ў іх на выступах.
— Калі яна ездзіла выступаць на фронт, што рабілася ў вас унутры?
— Яна наведвала вельмі «гарачыя месцы». У мяне не было магчымасці выпрабаваць сябе на такіх пазіцыях, таму разумею: у маёй дзяўчыны сталёвыя яйцы.
Падчас яе паездак я хваляваўся, але я стаўлюся з павагай да яе рашэнняў. Я не магу і не хачу стрымліваць яе ў жаданнях і дзеяннях. Да таго ж мы ўсе асобы, якія па-свойму нясуць за сябе адказнасць.
На ўездзе ў зону баявых дзеянняў тэлефон адключаюць, таму, пакуль яна там, патэлефанаваць нельга. Але я заўсёды разумеў, дзе Марго знаходзіцца, каб, калі доўга не будзе сувязі або прыйдзе нейкая інфармацыя, я мог туды паехаць.
— Як для яе праходзіць час, калі вы на пазіцыях?
— Яна хвалюецца, але спецыфіка маёй службы ў тым, што я заўсёды на сувязі.
— Як вы ставіцеся да таго, што ў беларускіх СМІ вас прадстаўляюць як мужа Маргарыты Ляўчук?
— (Смяецца). Мне падабаецца, што я муж зоркі, і не бачу праблем, каб стварыць з ёю сям’ю. Думаю, дома мы на роўных. Тое, што Марго — зорка, я адчуваю толькі калі мы прыязджаем да сяброў, якія яе вельмі цэняць, і да маіх бацькоў. Бачу, наколькі ім (маме і тату. — Заўв. рэд.) прыемна, што яна ў іх у гасцях.
— Не прапаноўвалі Маргарыце ўзяць вашае прозвішча? Як яна адрэагавала?
— Марго заўсёды казала, што яна носіць прозвішча дзеда і ніколі яе не памяняе. А калі б яна і захацела стаць Карнійко, то цяпер зрабіць гэта немагчыма. Тады б ёй давялося мяняць пашпарт, а зрабіць гэта можна, толькі вярнуўшыся ў Беларусь, а ёй там, калі што, шэсць гадоў калоніі даў рэжым.
— Ці сочыце вы за творчасцю жонкі на YouTube і операй?
— Так, я нават падзарабляю ў яе аператарам (смяецца).
— Як вам яе палітычная сатыра? Я пра «ЕўраначОс» і «Чырвоную зелень».
— Мне падабаецца тое, што яна ад гэтага кайфуе. У яе гараць вочы ад таго, што яна робіць.
— Дома оперу спявае?
— Акрамя таго, што я яе муж, я яшчэ і яе фанат як опернай спявачкі. Я вырас у сям'і, дзе бабулі спявалі, калі збіраліся на Каляды ці нацыянальныя святы. Мне вельмі падабаюцца ўкраінскія і народныя песні. Марго рэдка нас гэтым радуе. У інтэрв'ю яна не раз казала, што оперу не любіць. У сям'і яна спявае толькі калі гэта атрымліваецца спантанна. Напрыклад, мы глядзім нейкі ролік ці бацька пачынае граць і спяваць, тады і Марго можа далучыцца.
— Вы ведаеце, хто такі Рыгор Азаронак?
— Гэта ж мой асноўны канкурэнт! (смяецца) Я ж у Грышы проста вырваў Марго з рук.
— Не раўнуеце?
— Неяк апошнім часам ён знік з гарызонту, таму не раўную.
— Маргарыта ніколі не хавала, што ўжо двойчы была замужам. З другім экс-мужам яны з нагоды разводу нават зладзілі вечарынку. Як вы ставіцеся да таго, што вы яе трэці муж?
— Я не ведаю, я думаў, што я яе першы муж (смяецца). А што, было яшчэ два? Не бачу ў гэтым нічога кепскага. Усё, што было да мяне, застанецца ў Лас-Вегасе.
«Я марыў пра дзяцей з 20 гадоў, таму быў шчаслівы»

— Ужо прыдумалі імя будучаму дзіцяці?
— Мы пакуль не ведаем, хлопчык гэта будзе ці дзяўчынка. Калі стане вядома, тады вырашым. А пакуль чакаем, калі яно нам падкажа.
— Як навіна пра тое, што вы станеце татам, змяніла вашае жыццё?
— Я, напэўна, ужо і не чакаў, што буду бацькам. Скажу так: я доўга трэніраваўся, але атрымалася толькі цяпер (смяецца). Я марыў пра дзяцей з 20 гадоў, таму быў шчаслівы. Я іх вельмі люблю, і гэта ўзаемна. Мы з імі ладзім, гуляем, калі прыходжу ў госці да сяброў.
Разумею, што бацькоўства — наступны этап у жыцці мужчыны. Клёва, што ўзнагарода знайшла свайго героя (смяецца) і што нам з Марго давялося прайсці такі шлях, каб у нас было дзіця.
— У інтэрв'ю YouTube-каналу Cultural Forces Music вы сказалі: «Як ні дзіўна, але падчас вайны я паспеў усё». Як думаеце, чаму менавіта цяпер?
— З пачаткам вайны з’явіліся думкі, што пасля сябе трэба нешта пакінуць. Як там кажуць, пасадзіць дрэва, пабудаваць дом, выгадаваць сына. Стаўленне людзей да жыцця змянілася, і, мабыць, уключыліся нейкія алгарытмы. Мы ўжо пачалі нешта мяняць у краіне, у сабе, мабыць, таксама трэба.
Раней я быў байкерам, мы былі ветранымі, пастаянна ў раз’ездах. Я заўсёды жыў у арандаваных кватэрах, не бачыў сэнсу купляць сваю. Але калі прыйшла вайна, як ні дзіўна, захацелася мець маё месца. Месца, куды я магу прыехаць і адпачыць хаця б на пару гадзін. Падумаў: а што ў мяне ёсць у мае 40 гадоў? Так, я пражыў класныя гады і ні пра што не шкадую, але ўзнікла патрэба ў чымсьці сваім. Я купіў кватэру, сустрэў Марго, ажаніўся, у нас будзе дзіця. Усё вось так здарылася. Я не ведаю, як гэта звязана паміж сабой.
— У сваім вясельным допісе Маргарыта называла вас героем. Што адчуваеш, калі каханая жанчына так пра цябе думае?
— Гэта вельмі прыемна, але я не лічу сябе героем. Для мяне героі — гэта людзі, якія ідуць урукапашную змагацца з ворагам. А калі так кажуць пра мяне, становіцца крыху непамысна. Прыемна, што яна так думае і гаворыць пра гэта на поўным сур’ёзе.
Ёсць жанчыны, якія, калі іх мужчыны збіраюцца на службу, чапляюцца ім за рукі, ногі: «Я цябе не пушчу, там небяспечна». У нас з Марго інакш. Яна з тых, хто скажа: «Я раблю ўсё, каб было добра ў Беларусі, ты — ва Украіне. Ідзі, бласлаўляю». Яна сама герой.
Яна не ўспрымае маіх сяброў, якія выехалі з Украіны, тых, хто косіць, хаваецца. Яна іх проста цярпець не можа. Не дай Бог, хтосьці з такіх трапіцца ёй на вочы. Ведаю, што яна скажа, таму раблю ўсё, каб яны з ёю не перасекліся.
— За што вы яе пакахалі?
— Яна сапраўдная, добрая. І я, і яна раслі ў вёсцы. Часам расказваем адно аднаму, як мы дзесьці некалі кагосьці пасвілі, капаліся ў агародзе, пілі малако. Нас выхоўвалі на адных і тых жа песнях, фільмах, мультфільмах. Нам ёсць пра што пагаварыць, мы вельмі падобныя.
Чытайце таксама