Грузія — адзін з папулярных напрамкаў для адпачынку ў беларусаў. З Мінска ў гэтую краіну можна лёгка дабрацца на самалёце прыкладна за чатыры гадзіны і 1500 рублёў. Аднак многія турысты выбіраюць бюджэтны, але доўгі варыянт. І каля двух сутак (гэта толькі ў адзін бок) едуць да Чорнага мора на аўтобусе. Пра тое, у чым плюсы і мінусы такога падарожжа, «Люстэрка» пагаварыла з мінчуком Дзмітрыем, які ў чэрвені выправіўся ў аўтобусны тур у Кабулеці.
З меркаванняў бяспекі імя суразмоўцы змененае.
«Італія, якую мы глядзелі, была каля 700 еўра»
Дзмітрыю каля 30, у тэму аўтобусных тураў ён «упісаўся» са школы. Усё пачалося ў падлеткавым узросце, тады кожнае лета яны з бацькамі суткі дабіраліся да Крыма. Калі вырас, з’ездзіў у туры па Іспаніі і Італіі і пераарыентаваўся на «дарожную» Еўропу. Самалётаў Дзмітрый не баіцца. Лётаў і ў Чарнагорыю, і ў Турцыю, але аўтобусы яму бліжэйшыя з дзвюх прычын. Па-першае, так, паводле яго падлікаў, танней. Па-другое, сцвярджае ён, зручней.
— Агенцтва, якое арганізуе паездку, прапануе варыянт «усё ўключана», і ты ні пра што не клапоцішся. Нават калі ўсё лётала, пуцёвак «пад ключ» на самалёце з Мінска ў Еўропу я не сустракаў. Былі варыянты, напрыклад, з Вільнюса, але гэта яшчэ да Літвы дабярыся, — тлумачыць сваю пазіцыю суразмоўца. — Плюс, калі сам першы раз трапляеш, напрыклад, у Італію, неяк усё не вельмі зразумела. А з турам вы шмат дзе пабываеце, вам нешта раскажуць. Не трэба думаць, як некуды дабірацца. Калі збірацца ў Рым другі раз, то, відаць, можна ўжо і самому.
Гэтым летам у планах мужчыны быў не Рым, а Кабулеці. Яшчэ зімой ён купіў туды аўтобусны тур на дваіх, для сябе і дзяўчыны. На аднаго чалавека паездка на 14 начэй каштавала каля 450 даляраў (каля 1390 рублёў, тут і далей цэны паводле курсу Нацбанка на 7 жніўня). Гэта дарога, пражыванне, трохразовае харчаванне і некаторыя экскурсіі. Туры па Еўропе, кажа ён, каштуюць даражэй, а пара «не планавала нічога дарагога».
— Для параўнання: Італія, якую мы глядзелі, была каля 700 еўра (2361 рубель. — Заўв. рэд.) на аднаго. І гэта толькі база. За дадатковыя экскурсіі трэба было даплачваць. А калі ты едзеш, раз ужо едзеш, то ты іх бярэш. Разам выходзіць каля тысячы еўра (прыкладна 3374 рублі. — Заўв. рэд.). Плюс харчаванне, — дзеліцца падлікамі суразмоўца. — У Грузію з Мінска можна і самім самалётам, але глядзеў «Белавія»: палёт на чалавека ад 1000 рублёў. А як шукаць танныя білеты, я не ведаю. Некаторыя «ловяць» гарачыя авіятуры, але гэта калі ты можаш узяць адпачынак калі захочаш. А я свой узгадняў за паўгода.
«Гадоў пяць таму мы ездзілі ў Геленджык, аўтобус быў вядро з гайкамі. Гэтым разам транспарт трапіўся нармальны»

Ад Мінска да Кабулеці каля 2800 кіламетраў. На дарогу адводзілася каля двух дзён і дзве ночы. Першую пасажыры мусілі пераначаваць у Варонежы, другую — у дарозе. Калі не лічыць начоўкі ў Расіі, агулам у дарозе пасажыры былі каля 48 гадзін.
— Гадоў пяць таму мы ездзілі ў Геленджык, аўтобус быў вядро з гайкамі. Ён тросся, быў чуваць нейкі металічны звон. Гэтым разам транспарт трапіўся нармальны, — расказвае Дзмітрый. — Адлегласць паміж сядзеннямі мяне задавальняла, побач была адна на дваіх разетка. Кандыцыянер працаваў. Цяпер так бывае, што ў некаторых салонах свяжэй, чым на дварэ, і мы атрымліваем праблему ў адваротны бок: у аўтобусе занадта холадна. Так было і ў нас. У прынцыпе, можна прасіць кіроўцу часова выключаць кандыцыянер, мы грэліся, і ён зноў яго уключаў. Думаю, гэта лепш, чым калі горача. У любым выпадку мы з дзяўчынай бралі пледы і шкарпэткі.
За ўвесь час тураў аўтобусы, у якіх ездзіў Дзмітрый, ніколі не глухлі. Толькі аднойчы сярод ночы яны сутыкнуліся з казуляй. Пасля надзвычайнага здарэння па пасажыраў прыехаў новы транспарт. Чакаць яго давялося каля дзвюх гадзін.
— Чуў пра сітуацыю, калі гэтым летам у беларусаў, якія ехалі ў Грузію, па дарозе зламаўся аўтобус. Наступнага яны чакалі пяць гадзін, — працягвае суразмоўца. — Як на мяне, у такой сітуацыі гэта нават хутка. Дарэчы, не заўсёды такія здарэнні сведчаць, што транспарт дрэнны. Проста ў дарозе такое можа здарыцца.
Паводле адчуванняў Дзмітрыя, самыя топавыя месцы ў аўтобусах — гэта тыя, што побач з другімі-заднімі дзвярыма. Кажа, калі сядзіш тут, заўсёды першы выходзіш з салона. Толькі трэба больш уважліва сачыць за рэчамі і не пакідаць нічога каштоўнага, а то «могуць стырыць».
— У турфірме, з якой мы ехалі, дазвалялі выкупляць месцы загадзя. Калі такой магчымасці няма, то галоўнае не трапіць на «камчатку» (заднія сядзенні. — Заўв. рэд.), — дзеліцца досведам турыст, адзначаючы, што тут сядзення не раскладзеш, а калі гэта зробіць той, хто знаходзіцца спераду, месца аказваецца мала. — Я так зразумеў, што за пару дзён да паездкі варта патэлефанаваць у агенцтва і пытаць, ці засталіся ў іх вольныя крэслы. У нас яны былі. І тады папрасіць пасадзіць вас побач або выкупіць яго. Так у дарозе з’явіцца больш прасторы. Інакш такія месцы зоймуць тыя, хто нахабнейшы і спрытнейшы.
Прыбіральні ў салоне аўтобуса, якім ехаў мінчук, не было. Паводле яго, ён ні разу не сустракаў прыбіральні ў экскурсійных аўтобусах. Але гэты транспарт робіць тэхнічныя прыпынкі кожныя тры-чатыры гадзіны.
— Як я разумею, адсутнасць прыбіральні звязаная з тым, што яе трэба мыць, а гэта дадатковыя выдаткі. На турыстычных білетах жа імкнуцца эканоміць. Аднойчы ў мяне спыталі: а як жа, калі ў чалавека панос? Калі панос — значыць, вы не едзеце, — агучвае жорсткую праўду малады чалавек. — Наогул, выседзець тры-чатыры гадзіны без прыбіральні — гэта нармальна. Плюс няма нічога ганебнага, як што, папрасіць кіроўцу спыніцца. Звычайна здараецца так: адзін пытае, а потым вывальваецца ўвесь салон: «Дзякуй, што папрасіў». Гэтым разам пасажыр таксама так выходзіў. Прычым сталі мы дзесьці ў нармальнай прыбіральні. Чалавек пайшоў, яшчэ некалькі выскачылі хутка пакурыць.
Пару гадоў таму, успамінае мужчына, ён ездзіў у Дагестан. Частка дарогі ішла праз стэп.
— Нам сказалі, што дзевяць гадзін аўтобус будзе ехаць без прыпынкаў. Вядома, ён можа затармазіць, але там вакол толькі кусцікі да шчыкалаткі. Калі пойдзеце па-вялікаму, то ўвесь салон будзе на вас глядзець, — жартуе суразмоўца. — Але ўсе, мабыць, неяк з сабой дамовіліся, і ніхто не прасіў прытармазіць.
«Заўсёды бяру тэрмас. У ім чай-кава, часам піва ці віно»

Паводле назіранняў Дзмітрыя, звычайна ў аўтобусныя паездкі людзі ездзяць парамі або сем’ямі з мужам і жонкай ці бацькамі. Некаторыя бяруць з сабой дзяцей. Рэдка ён сустракаў турыстаў-адзіночак. Кажа, большасць пасажыраў, з якімі ён падарожнічаў у Грузію, склалі закаханыя 25−30 гадоў. Усе былі настроеныя на доўгую дарогу, таму «паводзілі сябе адэкватна».
— Яшчэ адна важная дэталь любога аўтобуснага тура — тэлевізар. Вось з фільмамі ў салоне мусіць пашанцаваць. Гэтым разам мы пачалі глядзець нейкае кіно, там аказаліся дарослыя сцэны, і яго адключылі. Потым паставілі мульцікі, але было неяк нецікава. Па дарозе назад паглядзелі пару нармальных карцін, — апісвае сітуацыю мінчук, адзначаючы, што гук тэлевізара яго не бянтэжыць. — Раней у дарозе ўключалі доўгія расійскія серыялы, напрыклад, «Сваты». Калі не падабаецца, то нікуды не падзенешся. Фільмы ў гэтым выпадку лепшыя. Калі што, дзве гадзіны адмучыўся — і ўсё. Часам у паездках паказваюць тэматычныя фільмы. Напрыклад, едзем у Венецыю — ідзе гісторыя пра турыста ў гэтым горадзе.
Звычайна ў дарозе малады чалавек чытае кнігу, глядзіць у акно, гуляе ў тэлефоне ці спіць.
У спісе рэчаў, якія ён абавязкова бярэ ў паездку, маска для сну. Ноччу, калі праязджаеш нейкі буйны горад ці запраўку, яна абараняе вочы ад святла ліхтароў. Яшчэ адна важная рэч — зменны абутак. Звычайна гэта сланцы ці хатнія тэпці. Асабліва зручна з імі ноччу падчас прыпынкаў, калі ногі зацяклі, а трэба абуцца і выйсці ў прыбіральню.
— Некаторыя, бачыў, бяруць кроксы, хтосьці ездзіць у красоўках. Не ведаю, наколькі апошнія камфортныя. Усё ж у салоне хочацца разуцца, а красоўкі могуць смярдзець, — дзеліцца назіраннямі Дзмітрый і прызнаецца, што азадак ад такой колькасці гадзін сядзення на адным месцы ў яго не баліць. — У першы дзень дарогі наогул адчуваў сябе нармальна. На другі з раніцы ногі зацяклі, але расхадзіўся, і ўсё ў парадку. Пачаў заўважаць, што апошнім часам у доўгіх паездках у мяне пачынаюць балець калені. І тут ужо складана, таму адразу хочацца ногі выпрастаць, стараешся іх некуды закінуць. Гэта некамфортна, але ў такой сітуацыі да паездкі трэба ставіцца як да прыгоды, у якой выпрабоўваеш сябе. Плюс з разуменнем, што гэта хутка скончыцца.
У адным з тураў Дзмітрый звярнуў увагу, што гід насіла кампрэсійныя гольфы ці панчохі. Гэтым разам іх прыхапіла дзяўчына маладога чалавека. Сказаць, што ногі ў іх не ацякаюць, мужчына не бярэцца, але, кажа, магчыма, тым, у каго з імі сур’ёзнейшыя праблемы, гэта дапамагае.
— Заўважаў, што некаторыя, хто едзе сем’ямі, закідваюць ногі адно на аднаго. Мая дзяўчына невялікага росту, яна таксама магла сесці па-рознаму, — адзначае суразмоўца. — Я ж размінаўся на запраўках. Падчас прыпынкаў хтосьці проста стаяў, хтосьці прысядаў ці скакаў.
Есці маладым людзям у дарозе не асабліва хацелася. Дзмітрый кажа, што яны ўзялі з сабой ужо стандартны для яго ў такіх паездках набор прадуктаў. Адбіўныя, сухую каўбасу, хлеб, сыр, памідоры чэры, агуркі, садавіну, «якую можна есці і не абляпацца», пітны ёгурт, ваду.
— Заўсёды бяру тэрмас. У ім чай-кава, часам піва ці віно, — смяецца суразмоўца. — У прынцыпе, да таго, што ў салоне хтосьці нешта есць, усе ставяцца з разуменнем. Як мне здаецца, пахаў асабліва не чуваць. Можа, адчуеш чыпсы, калі іх адкрыюць у цябе за спінай. Заўважыў, што цяпер многія перакусваюць не ў салоне, а на дварэ, калі аўтобус спыняецца. Хтосьці бярэ на запраўках кавы з хот-догам.
Калі не лічыць сняданку ў Варонежы, абед у дарозе ў турыстаў быў запланаваны толькі адзін — у другі дзень дарогі. Але, параіўшыся з адпачывальнікамі, гід яго адмяніла. Прыехаць крыху раней на мяжу людзі хацелі больш, чым паесці.
«Ад аўтобусаў мяне не ванітуе, я б яшчэ паехаў!»

Беларуска-расійскую мяжу турысты двойчы праходзілі хутка. На расійска-грузінскай другі раз затрымаліся гадзін на пяць: трапілі ў чаргу з аўтобусаў. Акрамя таго, у РФ іх спыніла паліцыя, супрацоўнікі якой праверылі пашпарты. Магчыма, таму, думае мужчына, што недалёка была ўкраінская мяжа.
— На расійскіх дарогах, калі людзі ў аўтобусе ці кіроўцы бачылі ДАІ, адразу ўсе хуценька прышпільваліся, бо калі спыняць, папросяць грошай, — успамінае Дзмітрый. — І не факт, што аформяць штраф.
Ехаць па Расіі маладому чалавеку было не страшна. Кажа, тое, што краіна ўдзельнічае ў вайне, адчулі толькі ў дарозе назад, калі на адной з трас ім сустрэлася каля дваццаці вайсковых машын. Другі раз яны гэта адчулі падчас прыпынку ў Растове-на-Доне. Заўважылі, што ў горадзе не працавала геалакацыя.
Ноччу ў дарозе Дзмітрый драмаў урыўкамі.
— На заўтра пасля начнога пераезду мы выехалі на прыгожую Вайскова-Грузінскую дарогу, але яна прайшла міма мяне: я быў разбіты і стомлены і амаль увесь час спаў, — апісвае ён свой стан. — Хоць вечарам, калі мы прыехалі ў гатэль у Тбілісі і пайшлі на экскурсію, адчувалі сябе з дзяўчынай бадзёранька.
У сталіцы Грузіі турысты прабылі дзень, а потым выправіліся ў Кабулеці. Тут, на Чорным моры, яны прабавілі крыху больш за тыдзень. Жылі ў гатэлі недалёка ад набярэжнай. У будынку і пакоях, адзначае Дзмітрый, было «ўтульна і сімпатычна» — «пытанняў няма». Вада ў моры цёплая, пляж галькавы.
— Да ежы ў мяне таксама ніякіх нараканняў. Кармілі нас раніцай, днём і ўвечары. Гэта не быў шведскі стол, але меню прапаноўвалі разнастайнае. Порцыі нармальныя, хочаш дабаўкі — можна папрасіць, — апісвае суразмоўца. — На сняданак магла быць аўсянка і амлет, на абед — салата, гарнір, напрыклад макароны або каша, і мяса. Наконт мяса, дарэчы, не магу сказаць, што яго было шмат. На вячэру да стравы маглі парэзаць садавіны.
Яшчэ прапаноўвалі бясплатны чай і булачкі. А вось тым, хто хоча віна, яго даводзілася дакупляць у гатэлі ці прыносіць з сабой. На прадукты пара амаль не трацілася. Хапала ежы, якую давалі, але да цэн маладыя людзі прыгледзеліся. Яны здаліся ім крыху вышэйшымі, чым у Беларусі, але «розніца не супервялікая».
— Калі параўноўваць з Украінай, то туды мы калісьці прыязджалі пры грашах. Тут няма такога адчування, — адзначае турыст. — Прызнаюся, думалі, у Грузіі танна, але мала каштавала толькі мушмула (садавіна. — Заўв. рэд.), якая ў нас нават не расце. У іх яе — як яблыкаў у Лошыцкім парку (парк у Мінску. — Заўв. рэд.). Клубніцы, здаецца, былі даражэйшыя, чым у нас. Хоць, зноў жа, што значыць дорага… Гэта гледзячы з чым параўноўваць. Калі з еўрапейскімі і турэцкімі цэнамі, то тут яны мне здаліся ніжэйшымі. Дадаткова мы з дзяўчынай аддалі дзесьці 300 даляраў (прыкладна 927 рублёў. — Заўв. рэд.) на чалавека. Гэта экскурсіі, білеты, сувеніры.
У Грузіі малады чалавек быў упершыню. Адпачынкам застаўся задаволены. Тур, кажа, быў добра арганізаваны і прадуманы. Дарога назад — яшчэ каля двух сутак — яго не палохала. На пытанне, ці не шкада столькі часу на аўтобус, суразмоўца адказвае так:
— Гэта таксама прыгода. Так бы вы купілі проста таннейшы тур, а значыць, менш дзён прабылі ў паездцы. Сядзелі б частку адпачынку дома. Ну, а што там рабіць? Прыборку? А так едзеш, нешта глядзіш. Толькі з аўтобусам трэба быць гатовым да ўсяго. Я настройваў сябе, што ён, напрыклад, можа зламацца, але нічога дрэннага не здарылася.
Усе туры, у якія ездзіў Дзмітрый, былі разлічаныя так, што вандроўнікі вярталіся ў Мінск раніцай. Кажа, калі пасля ночы на працу, то гэта не вельмі. Калі ёсць дзень перадыхнуць і прывесці думкі ў парадак, то нармальна.
— Ад аўтобусаў мяне не ванітуе, я б яшчэ паехаў! — смяецца ён. — Мне авіяпералёты складаней пераносіць. Магчыма, таму, што няма адчування зямлі. Хоць, калі б прапанавалі злётаць у Грузію за грошы, якія я аддаў за аўтобус, я б пагадзіўся. А так атрымаўся выдатны эканом-варыянт.
Чытайце таксама