Больш за дзесяць чалавек затрыманыя за парушэнне парадку ў чарзе да пункта пропуску «Брэст» на беларуска-польскай мяжы, у тым ліку за продаж месцаў у «калейку». Цяпер там праводзяць рэйды адразу некалькі сілавых ведамстваў. Як паказваюць звесткі маніторынгу Дзяржпамежкамітэта, да вечара чацвярга чарга на выезд у Польшчу сапраўды трохі зменшылася, затое вырасла на літоўскім кірунку.
Калі да поўдня чацвярга колькасць легкавікоў у чарзе да пункта пропуску «Брэст» стабільна складала 600 адзінак, то ў другой палове дня не перавышае 550. Што да аўтобусаў, то ў 12.00 іх на беларуска-польскай мяжы стаяла 57, а ў 18.00 — ужо 35.
Затое цягам чацвярга прыкметна выраслі чэргі на літоўскім кірунку: удзень у «Каменным Логу» колькасць легкавікоў на выезд вагалася ў межах 50−70 аўто, а ўжо да 18.00 вырасла да 100 — амаль удвая.
Яшчэ адчувальней падскочыла колькасць легкавых аўтамабіляў у «Беняконях»: у 6 гадзін раніцы чаргі тут не было наогул, а ўжо ў 18.00 вечара — 90 легкавікоў.
І нават у пункце пропуску «Грыгароўшчына» на мяжы з Латвіяй, звычайна амаль пустым, да вечара сабралася 10 аўтамабіляў.
Чэргаў з аўтобусаў на літоўскім і латвійскім кірунках не назіраецца.
Нагадаем, раніцай 29 жніўня ў МУС паведамілі, што ў забяспечанні парадку на мяжы задзейнічаныя памежнікі, ГУБАЗіК, АБЭЗ. Яны праводзяць сумесныя рэйды «па выяўленні правапарушэнняў, у тым ліку фактаў незаконнага продажу месцаў у чэргах» на выезд у Польшчу.
«Цяпер аператыўнікамі затрыманыя больш за дзесяць чалавек, частка з якіх змешчаная ў ІЧУ», — адрапартавалі ў МУС.
У ведамстве паабяцалі працягнуць працу па «забяспечанні парадку ў пункце пропуску» і паведамілі, што «сітуацыя знаходзіцца на асаблівым кантролі праваахоўнікаў».