Два з паловай гады таму Аляксандр Гойшык выправіўся ў кругасветнае падарожжа, каб аб’ехаць як мага больш краінаў па зямлі. У дзённіку для «Люстэрка» хлопец апісвае свае прыгоды. Мінулым разам ён расказваў пра курортную частку В’етнама, напоўненую расійскай прапагандай. А цяпер выправіўся ў дзве нетыповыя часткі Кітая, якія моцна адрозніваюцца ад усяго, што вы ведалі пра КНР.
«Яны ніколі не былі за мяжой, таму маё падарожжа гучала для іх як нейкае фантастычнае апавяданне»
На выездзе з В’етнама абмяняў рэшту мясцовых донгаў на кітайскія юані, акурат хапіла на маршрутку да горада Наньнін — майго першага пункту прызначэння ў Паднябеснай. Уезд у Кітай быў надзіва лёгкім, у мой мінулы візіт мяне марынавалі на мяжы пару гадзінаў і правяралі тэлефон. Праўда, тое было дзевяць гадоў таму, і заязджаў я ў праблемны, па мерках кітайскіх уладаў, рэгіён.
Памятаючы тыя прыгоды, я падрыхтаваўся, дастаў свой запасны тэлефон, быў гатовы расказваць пра сваё падарожжа. Але тут усё адбылося надзіва лёгка, мяне ажно прапусцілі без чаргі. Запыталі пра мэту візіту, прасканавалі заплечнік і нават усміхнуліся! Ну вось і ўсё, вітаем у Кітаі! Сустракай, таварыш Сі!
Вельмі камфортны мікрааўтобус на в’етнамскіх нумарах чакаў мяне адразу на выхадзе з памежнага пераходу. У Кітаі нельга кіраваць транспартным сродкам без пасведчання кіроўцы мясцовага ўзору. А ездзіць з нумарамі іншых краінаў можна толькі ў памежных зонах. Мікрааўтобус, які чакаў мяне і іншых пасажыраў, меў права праезду толькі па адным маршруце толькі да чыгуначнага вакзала горада Наньнін — цэнтра памежнай правінцыі Гуансі на поўдні Кітая. І ўсё адно за 200 км дарогі нас спынілі некалькі разоў, уважліва праверылі ўсе неабходныя дазволы ў кіроўцы і дакументы ў пасажыраў. Як пасля выявіцца, правяраць пашпарт у мяне будуць некалькі разоў на дзень цягам усяго падарожжа па Паднябеснай, так што трэба прывыкаць. Вялікі брат сочыць!
У правінцыйным па кітайскіх мерках горадзе Наньнін (усяго 6 млн чалавек, глухмень самая натуральная, ну!) мяне чакаў мясцовы хост па каўчсёрфінгу. Дакладней, не ён сам, бо ён цяпер вандруе па Малайзіі, а ягоны сябра, з якім яны арандуюць вялікую кватэру. У іх адзін профіль на дваіх (дакладней, на траіх, бо той хлопец, які мяне прымаў на месцы, жанаты, а ягоная жонка таксама актыўна ўдзельнічала ў нашай камунікацыі), і галоўная матывацыя прымаць падарожнікаў — падцягнуць англійскую. Каб рана ці позна з’ехаць з Кітая.



Лі дапамог мне падключыць сім-карту — самую неабходную рэч у падарожжы па Кітаі. Праз два клікі на смартфоне можна вырашыць абсалютна ўсё, што неабходна ў паўсядзённым жыцці. Праўда, трэба ўмець карыстацца кітайскімі мабільнымі праграмамі, таму без дапамогі мясцовых не абысціся. Кітайцы літаральна жывуць у тэлефоне, а, відаць, самая страшная бяда для іх — разрадка батарэі. Таму абсалютна на кожным кроку тут ёсць пракат паўэрбанкаў (вонкавая батарэя для зарадкі смартфона). Можна ўзяць у адным горадзе, карыстацца колькі трэба, а вярнуць у іншым.
Лі з жонкаю і яе сёстрамі запрасілі мяне на смачную вячэру, распытвалі пра ўсё на свеце. Яны ніколі не былі за мяжой, таму маё падарожжа гучала для іх як нейкае фантастычнае апавяданне. Шкада, што праз моўны бар’ер яны далёка не ўсё разумелі, таму я стараўся больш паказваць ім фоткі на тэлефоне, чым нешта расказваць. Таксама шкада, што ў іх няма Instagram (які забаронены ў Кітаі, як і ўсе звыклыя нам сацсеткі) — дзяўчаты, можа, гадзіну гарталі мой профіль і распытвалі пра кожнае фота. Нібыта беларускага марсіяніна сустрэлі!
На наступны дзень хост запрасіў мяне далучыцца да выправы на сапбордах (сапсёрфінг — своесаблівы гібрыд сёрфінгу і веславання, у якім трэба трымаць раўнавагу, стоячы на вялікай дошцы для сёрфінгу, і веславаць). Я шмат чуў пра такую забаву, але ніколі не спрабаваў, неяк не было магчымасці. І вось мы ўжо едзем хуткаснай чыгункай у фантастычнай прыгажосці месцы, дзе проста дух захоплівае ад краявідаў ракі Букуан у карставых гарах! Гэта цяжка апісаць словамі, глядзіце фоткі.


Мой хост і ягоны прыяцель у якасці невялікага хобі арганізуюць сплавы па гэтай даліне, да адной з групаў далучылі і мяне. Вельмі цікавы і незвычайны досвед, я быў у захапленні. Негледзячы на моцную залеву і моўны бар’ер, выправа атрымалася на ўсе сто, я нават навучыўся трохі трымаць раўнавагу, стоячы на дошцы і вяслуючы адначасова! Сапраўды амаль дзіцячыя ўражанні, а яшчэ столькі прыгажосці вакол і новых знаёмстваў. Кітай адразу са старту ўзяў вельмі высокую планку!
«Вось гэты бясконцы кантроль ужо пачынае надакучваць»
Наступны горад у маіх планах — Гуаньчжоу, трэці па насельніцтве мегаполіс Кітая пасля Шанхая і Пекіна. Так, кітайская сталіца займае толькі другое месца па колькасці жыхароў! Дабіраўся ў Гуаньчжоу хуткаснай чыгункай, гэта сапраўдны цуд цывілізацыі! Больш за 500 км за тры гадзіны і адэкватныя 20 даляраў.
Папрасіў хоста набыць мне білет, бо не мог аплаціць анлайн. Той заплаціў і кажа: усё гатова, можаш ехаць. А білет дзе? Аказваецца, у Паднябеснай твой пашпарт — і ёсць білет. Нібыта ў аэрапорце, яго праскануюць разы тры, перш чым цябе пусцяць у вагон: на ўваходзе на вакзал, на выхадзе на платформу і на выхадзе з вакзала прызначэння. Такая вось незвычайная сістэма, а колькі тут усяго такога! Часам складваецца ўражанне, што яны сапраўды жывуць ужо ў ХХІІ стагоддзі.




У Гуаньчжоу мяне запрасіў Жэня — наш беларускі хлопец, які ўжо некалькі гадоў жыве ў Кітаі і працуе настаўнікам. Ён пачытаў гэты блог і напісаў мне ў Instagram: маўляў, калі будзеш праездам недзе недалёка — заязджай у госці, буду рады! Беларусы ўсіх краінаў — яднаймася! Таму я не вагаўся ні секунды.
З першых жа хвілінаў знаёмства стала зразумела, што я прыехаў у госці нібыта да старога сябра: такая прыемная і цікавая камунікацыя, лёгка можна знайсці агульную мову на любую тэму. Жэню падабаецца жыць у Кітаі: вельмі добрыя грошы і прыемная праца. Але вось гэты бясконцы кантроль ужо пачынае надакучваць, розныя абмежаванні і г. д. Таму ён задумваецца пра тое, каб пераехаць у В’етнам. Там, можа, заробак і будзе ніжэйшы, але поўная свабода і мора чыстае (у Кітаі — не, карацей, кітайцы амаль не купаюцца). І сябры-экспаты там жывуць, а ў Кітаі з экспатамі ў яго неяк не атрымліваецца сябраваць: усе думаюць толькі пра грошы. Дарэчы, амаль ад кожнага мігранта, які пражыў некалькі гадоў у Паднябеснай, я чуў падобныя разважанні пра тое, каб з’ехаць.





Жэня павазіў мне па ваколіцах і паказаў самае цікавае, мы нават замуцілі дранік-паці з мачанкаю і вельмі душэўна прабавілі час. У доўгіх падарожжах такія моманты асабліва цэніш. Ён дамог мне прывязаць маю банкаўскую картку да Alipay, кітайскай аплатнай сістэмы, а таксама паказаў, як карыстацца ўсімі неабходнымі мабільнымі праграмамі. Цяпер маё падарожжа па Паднябеснай стала ў разы прасцейшым, асабліва пытанне аплаты за ўсё: скануеш QR-код, два клікі ў тэлефоне — і гатова!






У апошні вечар мы нават нечакана трапілі на фестываль крафтавага піва, дзе мне далі кантакт беларуса, які варыць крафт у Кітаі. Праўда, з ім так і не атрымалася сустрэцца. Такі маленькі беларускі свет, нават так далёка ад дому, беларусы — галоўны скарб любой краіны!


«На мяжы турыстаў забіраюць бясплатныя аўтобусы, якія развозяць іх па казіно»
Адносна недалёка ад Гуаньчжоу месцяцца Макаа і Ганконг, якія раней былі асобнымі краінамі, а цяпер — спецыяльныя адміністрацыйныя адзінкі Кітая.
Колішняя партугальская калонія Макаа — гэта такі сабе кітайскі Лас-Вегас, які вабіць мільёны турыстаў з кантынентальнага Кітая, дзе азартны бізнес пад забаронай. На двух невялікіх астравах, агульнай плошчай, параўнальнай з нашым Жлобінам, змясцілася насельніцтва двух Брэстаў.
Уваходзячы ў склад КНР, Макаа мае значную аўтаномію: уласныя законы, прававую, грашовую, мытную і іміграцыйную сістэмы, а таксама права ўдзелу ў міжнародных арганізацыях. Перасякаеш мяжу — і літаральна праз дваццаць метраў ад яе зноў пачынае нармальна працаваць інтэрнэт, свабодна адкрываюцца ўсе сацсеткі і г. д.




Тут жа, на мяжы, турыстаў забіраюць бясплатныя аўтобусы, які развозяць іх па казіно па ўсёй «краіне». Прычым гуляць неабавязкова, я скарыстаўся бясплатным аўтобусам, каб дабрацца да хостэла, які месціцца непадалёк ад буйнога казіно. У Макаа па каўчсёрфінгу падарожнікаў прымае ўсяго адзін хлопец. Але, калі я прыехаў, ён, на жаль, трапіў у лякарню. Давялося арандаваць хостэл. А ён тут зусім не танны: ноч каштуе каля 20 даляраў за спальнае месца ў пакоі на дзесяць чалавек. Нават у Новай Зеландыі і Аўстраліі было танней, не кажучы пра Азію.
Таму вырашыў надоўга не затрымлівацца ў Макаа, за два дні хуценька ўсё паглядзець і ехаць далей. Тут вельмі прыгожы стары горад, цікавая партугальская каланіяльная спадчына. Старыя брукаваныя вулачкі, шматлікія каталіцкія касцёлы, прыгожыя будынкі пошты і гарадской рады, палацы і фартэцыі. Вельмі незвычайна бачыць такое ў Азіі. Гэтым напоўніцу карыстаюцца кінематаграфісты з суседняга Ганконга, здымаючы фільмы ў жывых дэкарацыях «Старой Еўропы».
Праўда, над усёй гэтай прыгажосцю навісае гаргара выродлівага гатэля «Лісабон», які псуе агульны выгляд каланіяльнага Макаа так, як сумнавядомы дом Чыжа ў Мінску — Траецкае прадмесце.
Апроч гэтага, на другім востраве краіны збудаваная цэлая кітайская рэпліка Лас-Вегаса. У «Венецыі» шматлікіх турыстаў катаюць на чаўнах гандальеры па сапраўдных каналах, пракладзеных паміж гандлёвымі шэрагамі.
У «Парыжы» можна пабачыць паменшаную копію Эйфелевай вежы, у «Лондане» — пракаціцца на легендарным чырвоным двухпавярховым аўтобусе. Гэта сапраўды выглядае цікава, хаця і штучна. На разок пабачыць нармальна.
У такім месцы я спакусіўся і ўпершыню ў жыцці зайшоў у казіно. Вырашыў праверыць, як гэта. І вельмі хутка зразумеў, што гэта зусім не маё. За кожнае націсканне кнопкі гэтая шайтан-машына гульнявы аўтамат спісвае з мяне адзін даляр?! Ды за такія грошы ў В’етнаме можна было смачна пад’есці! Не, не разумею я такога прыколу!
На гэтым сваё знаёмства з кітайскім Лас-Вегасам можна завяршаць. На развітанне давядзецца яшчэ раз зайсці ў казіно ў тым самым гатэлі «Лісабон» ля майго хостэла, каб узяць білет на бясплатны аўтобус у порт. Усё зроблена так, каб ты зайшоў і там застаўся: па дарозе да стойкі, дзе выдаюць тыя самыя бясплатныя білеты на аўтобус, трэба прайсці праз усё казіно. А там заўжды прыглушанае святло, каб кліент думаў, што вечар толькі пачынаецца. І бясплатны буфет з рознай смакатой, якая таксама спакушае застацца і паспрабаваць ухапіць удачу за хвост. Але я чалавек не азартны, на мяне гэтыя хітрыкі не дзейнічаюць. Забраў білет і паехаў далей.

«Колішняя брытанская калонія, гэты горад-краіна моцна адрозніваецца і ад КНР, і ад Макаа — хаця фармальна гэта ўсё адна краіна»
Хуткасны паром-«ракета» перанёс мяне ў Ганконг — адзін з найбуйнейшых фінансавых цэнтраў свету. Колішняя брытанская калонія, гэты горад-краіна моцна адрозніваецца і ад КНР, і ад Макаа — хаця фармальна гэта ўсё адна краіна.
Тут захавалася значна больш аўтаноміі ад кантынентальнага Кітая, перыядычна ўспыхваюць пратэсты супраць законаў, якія прымаюць у Пекіне. Апошнія (супраць закона пра экстрадыцыю ў КНР) скончыліся перамогай пратэстоўцаў. Дарэчы, праз знаёмых я пазнаёміўся з першым у гісторыі Ганконга беларусам, які атрымаў тут палітычны прытулак.
Фішка Ганконга — шматлікія горы навокал, з якіх адкрываюцца фантастычныя краявіды на горад. Шматлікія сцежкі для хайкінгу, цікавае кола агляду, лазернае шоу ў бухце — гэта сапраўды прывабная для турыстаў краіна, дзе кожны знойдзе нешта для сябе.


Футурыстычны скайлайн, урбаністычная панарама дзелавой часткі Ганконга — адна з самых цікавых, што мне даводзілася бачыць. Алея зорак ганконгскага кінематографа са знакамітым Брусам Лі — напэўна, галоўнай зоркай мясцовага кіно. Я быў моцна здзіўлены, прачытаўшы, што вельмі доўгі час тут была трэцяя кінавытворчасць у свеце пасля Галівуда і Балівуда.
У Ганконгу даволі складана знайсці ўпіску праз каўчсёрфінг: сюды прыязджае вельмі шмат турыстаў. Тут надзвычай дарагая нерухомасць, таму ганконгцы і мясцовыя экспаты (замежныя спецыялісты, што тут жывуць і працуюць) арандуюць зусім маленькія кватэркі.
Я знайшоў хоста, які быў гатовы мяне прыняць, але на першую ноч трэба было пашукаць нейкі хостэл. Асабліва не звяртаючы ўвагі, заброніў самае таннае, што было на trip.com (booking.com тут працуе значна горш). І трапіў нібыта ў камеру на Акрэсціна ў мой і першы і апошні заезд у той «санаторый» у сакавіку 2006 года. Я прыязджаю ў хостэл, а мне кажуць пайсці пагуляць, бо ў іх засяленне (увага!) а сёмай вечара! А высяленне — а дзявятай раніцы. Унутры невялічкага пакоя стаяць жалезныя двухпавярховыя ложкі — нібыта сапраўдныя шконкі. У такой «камеры» на восем чалавек накурана і амаль не гарыць святло. Уладальнік, нахабны кітаец, пабачыў мой пашпарт са шматлікімі візамі і пячаткамі, распытаў пра маё падарожжа і дазволіў засяліцца раней. Я не хацеў там заставацца, але, праверыўшы іншыя варыянты, вырашыў неяк «перакантавацца».
Пакінуў рэчы і пайшоў у горад гуляць. У Ганконгу базуецца мой беларускі прыяцель, які працуе даследчыкам у Англіі і Ганконгу, таму жыве на два дамы. Ён акурат быў у Лондане, але расказаў пра мяне сваёй дзяўчыне, якая запрасіла мяне на вячэру і зладзіла экскурсію. Шмат незвычайнага даведаўся пра гэты дзіўны горад. Расказаў ёй пра хостэл, паказаў фоткі, кажу: колькі вандрую — такога трэша ніколі не бачыў. Разам пасмяяліся. «Цяпер ты дакладна запомніш Гонконг надоўга!» — сказала яна.
Дарэчы, уначы ў гэтым хостэле была нейкая бойка, нават паліцыя прыязджала. Ну але я ўмею спаць як жыта прадаўшы ў любых умовах, таму нармальна нават выспаўся. Раніцай з’ехаў да хоста. Трошкі «хапнуў» трэша на мінімалках, прычым у адным з самых заможных гарадоў свету. Цяпер будзе што расказаць!
Читайте также


