Праваабаронцам паступае мноства паведамленняў пра затрыманні ў Гродзенскай вобласці 14 лістапада. У аблаве ўдзельнічаюць супрацоўнікі КДБ, паведамляе тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Колькасць затрыманых і прычыны, з якіх да іх прыходзілі сілавікі, невядомыя.
Раней праваабаронцы ўжо паведамлялі пра масавую «зачыстку» ў Смаргоні і Слоніме — там затрымалі каля 50 чалавек.
Нагадаем, масавыя затрыманні ў Беларусі пачаліся 31 кастрычніка і працягваюцца дагэтуль, пра гэта «Люстэрку» паведамілі ў службе эвакуацыі BYSOL. Паводле ацэнак фонду, пад рэйды сілавікоў трапілі дзясяткі чалавек.
Паводле інфармацыі BYSOL, за аперацыяй стаіць КДБ, хоць удзельнічаць у ёй маглі і супрацоўнікі іншых сілавых структур. Падчас размовы ў кагосьці пыталі пра паездкі ў Еўропу, у кагосьці — пра іх актыўнасць у краіне, камусьці выстаўлялі даволі жорсткія крымінальныя артыкулы, напрыклад, арт. 357 КК (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), арт. 361 КК (Заклікі да санкцый) и арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Некаторым іх не выстаўлялі, а проста забіралі, дапытвалі і давалі «адміністратыўку» за дробнае хуліганства (арт. 19.1 КаАП).
Выданне «Наша Ніва» пісала, што, імаверна, асноўная частка затрыманняў звязаная з тым, што 29 кастрычніка КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» кааліцыю дваровых чатаў.
Чытайце таксама


