Пранкер Андрэй Павук адрэагаваў на публікацыю пра тое, што былы сенатар і прапагандыст з Рагачова Андрэй Шышкін не можа знайсці працу. Ён вырашыў звярнуцца ў мясцовы райвыканкам, каб там дапамаглі свайму былому супрацоўніку ў працаўладкаванні. Увагу на відэа звярнуў «Флагшток».
Пранкер набраў нумар начальніка аддзела занятасці насельніцтва Аляксандра Кончыца. Той аказаўся гаваркім і на прапанову Павука як прадстаўніка няіснага «камітэта грамадзянскага кантролю» знайсці Шышкіну якую-небудзь прадстаўнічую працу адказаў, што «яму прапаноўвалі, але ён не захацеў на кіраўнічую пасаду». Удакладніўшы, што гэтай пасадай было месца старшыні ДТСААФ, але «заробак там невялікі».
Пранкер спытаў, ці ёсць у банку вакансій пасады з заробкам 2−2,5 тысячы рублёў, на што чыноўнік адрэагаваў разгубленасцю і патлумачыў:
«Мы чыталі, што ён пісаў у сваім тэлеграм-канале. Ён жа прыйшоў да нас — я ж яго ведаю добра. Сказаў, што ў Мазыры працаваў у газеце, па пагадненні бакоў звольніўся. Я яму пачаў прапаноўваць нешта з кіраўнічага, ён сказаў, што не трэба нічога, што ў яго ёсць дыпломы трактарыста, качагара — што гэта яго цікавіць».
Пры гэтым вышэйшыя заробкі ў заатэхнікаў і ў работнікаў будаўнічай сферы, але гэта «трэба вырашаць на іншым узроўні», заўважыў начальнік аддзела занятасці.
Чыноўнік пагадзіўся з развагамі пранкера пра тое, што Шышкін робіць «непрыгожа», скардзячыся ў Telegram, і паабяцаў яшчэ раз разгледзець варыянты працаўладкавання. Падкрэсліўшы, што кіраўнічых ідэалагічных пасадаў у банку вакансій няма — такое вырашаецца на ўзроўні райвыканкама.
Андрэй Павук паслухаўся парады і датэлефанаваўся на мабільны старшыні Рагачоўскага райвыканкама Віталя Сушко. У таго таксама ўдалося ўзяць шчыры каментар. Паводле Сушко, адыход з пасады рэдактара раённай газеты ў пачатку года Шышкін тлумачыў стомленасцю:
«Я яму даў магчымасць — ідзіце ў адпачынак, адпачніце. Не, я стаміўся. Пасля гэтага працаваў на Мазырскім НПЗ, у газеце. Па сямейных абставінах звольніўся. Потым гэты артыкул у яго з’явіўся. Пасля гэтага мая намесніца запрасіла яго да сябе пагутарыць, паглядзець, што можна прапанаваць. Адмовіўся: не, дзякуй, я не маю патрэбы ў паслугах, сам буду шукаць працу. Калі ён сыходзіў, я яму казаў: трэба будзе праца — прыходзьце, дапаможам, падбяром тое, што вам трэба».
Старшыня райвыканкама абурыўся, што Шышкін у першую чаргу не прыйшоў да яго са сваёй праблемай:
«Адразу трэба было наваляць артыкул ці прыйсці ў выканкам? Яго ж ніхто не выкідваў. Ды не пытанне, калі б я ведаў… Вось толькі што ўзгаднілі намесніка дырэктара па ідэалогіі на лясгас. Я б яго туды намеснікам адправіў. Але ён жа не прыйшоў! А мы літаральна тыдзень таму ўзялі туды на працу чалавека. Дык цяпер трэба бегаць за ім, прапаноўваць на падносіку? Ты там артыкул валяеш ў інтэрнэце, усе падхопліваюць, дык ты наогул нармальны? Ён не так пайшоў».
Пры гэтым старшыня райвыканкама адзначыў, што памяняць на Шышкіна новага намесніка па ідэалогіі ў лясгасе яшчэ не позна — у таго выпрабавальны тэрмін тры месяцы, але трэба разумець, чаго хоча сам Шышкін.