Раніцай 8 студзеня Раман Пратасевіч апублікаваў фота і відэа з сустрэчы з палітвязнем Віктарам Бабарыкам, які адбывае тэрмін у папраўчай калоніі ў Наваполацку. Палітвязня трымалі ў поўнай ізаляцыі больш за паўтара года, гэтыя фота сталі яго першым публічным з’яўленнем за доўгі час. Аднак «Люстэрка» заўважыла незвычайнае.
Агулам Раман выклаў тры фатаграфіі і адно відэа. Ён паведаміў, што Віктар Дзмітрыевіч «выглядае бадзёрым» і «не страціў свайго красамоўства». Паводле Пратасевіча, Бабарыка атрымаў весткі ад родных і змог напісаць ім лісты.
Грунтуючыся на апублікаваных кадрах, складана сказаць, як менавіта праходзіла сустрэча, ці быў на ёй хтосьці яшчэ і пра што ішла гаворка.
На відэа мужчыны не з’яўляюцца разам: спачатку Раман кажа ўступнае слова, а пасля карцінка змяняецца, і Віктар перадае цёплыя словы сваім родным — дачцэ і маленькай унучцы, жадае ім дружна сустрэць «усе святы, якія будуць».
Праўда, сам Раман у апублікаваных матэрыялах выглядае крыху па-рознаму. На фота ён гладка паголены, а на відэа ў яго на шчоках прыкметнае шчацінне.
Акрамя таго, на фота ў яго на скронях — адрослыя валасы, а на відэа прычоска трохі іншая і скроні паголеныя.
Імаверна, гэтыя адрозненні могуць сведчыць, што «ўступ» ад Рамана і астатнія кадры былі знятыя ў розныя дні, а паездак у Наваполацк было як мінімум дзве (альбо што Раман адгадаваў шчацінне і пастрыгся ў працэсе).
У зыходных дадзеных відэа ў якасці даты стварэння стаіць раніца 8 студзеня (аднак гэта неабавязкова пазначае момант здымкі). А вось у зыходных дадзеных фота няма ніякай інфармацыі.
Сам Раман не кажа і не піша, калі менавіта і колькі разоў бачыўся з Віктарам Бабарыкам у калоніі. Таксама ён абмінае ўвагай і мноства іншых важных пытанняў. Напрыклад, чаму менавіта ён трапіў на гэтае «спатканне», чаму паўтара года да гэтага адвакаты не маглі звязацца са сваім падабаронным, а родныя — з татам і дзядулем.
Нагадаем, былы кіраўнік «Белгазпрамбанка» Віктар Бабарыка, які планаваў балатавацца ў прэзідэнты ў 2020 годзе і лічыўся асноўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі, у ліпені 2021-га атрымаў 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачанні ў хабары і адмыванні грошай. Прысуд быў палітычна матываваным, палітыка прызналі палітвязнем.
Яго адправілі адбываць тэрмін у калонію ў Наваполацку ў Віцебскай вобласці, дзе з самага пачатку імкнуліся максімальна ізаляваць ад іншых зняволеных. Першапачаткова палітвязень працаваў абпальшчыкам у пякарні, потым — укладчыкам хлебабулачных вырабаў.
Віктара Бабарыку ізалявалі ад вонкавага свету ў канцы красавіка 2023 года, пасля таго як хуткая дапамога прывезла яго ў «цывільную» бальніцу Наваполацка. Інфармацыя пра шпіталізацыю была супярэчлівай — тэлеграм-канал «Рабочы рух» паведамляў пра збіццё, штаб Віктара Бабарыкі — пра тое, што ў яго гідраторакс — вадкасць у вобласці лёгкіх. Але што менавіта стала прычынай — хвароба ці збіццё, — невядома. Пасля гэтага адвакаты страцілі доступ да падабароннага, у сям'і таксама не было пра яго звестак.
Чытайце таксама