Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Зеленский заявил о готовности уйти с поста президента
  2. «Не думаю, что кто-то понесется кого-то спасать». Как сами американцы относятся к позиции Трампа по Украине — спросили беларусов в США
  3. Время дешевого доллара еще не прошло? Сколько будет падать курс: прогноз по валютам
  4. «Они никуда не денутся, понимаете?» Третья годовщина «полномасштабки» — взгляд на «мир» с Россией и политику Трампа командира на фронте
  5. Генассамблея ООН приняла резолюцию к годовщине полномасштабного вторжения РФ в Украину. Беларусь и США проголосовали против
  6. Власти ударят по частникам, введут новшества по мобильной связи и онлайн-торговле и требуют отчитаться по налогам. Изменения марта
  7. Нацбанк принял решение, которое не порадует тех, кто собирается взять кредит на покупку недвижимости
  8. ISW о предложении представителя Трампа взять за основу в переговорах стамбульские протоколы: Это фактически полная капитуляция Украины
  9. «Нам без разницы, чьи это аппараты». Беларусский полковник объяснил, почему военные молчат о сбитых над Гомельщиной беспилотниках
  10. Беларусы жаловались, что не могут сдать старые доллары. В соседней стране признали, что банкам они не нужны
  11. В Германии завершились выборы. По данным экзитполов, ультраправые заняли второе место
  12. Ровно три года Россия пытается захватить Украину. Вспоминаем семь важнейших событий, повлиявших на ход этой войны
  13. «Его продукция была обнаружена на поле боя». Под санкции ЕС попало госпредприятие, которое недавно посещал Лукашенко
  14. «Редкоземельные металлы, нефть и все, что сможем получить»: Трамп заявил, что еще хочет взамен «вложенных в Украину денег»
Читать по-русски


/

У кватэры сям'і Брыцько ў Вільнюсе цяпер толькі мужчынская кампанія — бацька Яўген і трое сыноў. Таму ён і папярэджвае, калі дамаўляемся на інтэрв'ю, што стан кватэры будзе адпаведны. Але стэрэатыпны «мужчынскі парадак» застаецца стэрэатыпам: кватэра выглядае ўтульна і калі ў ёй жывуць чацвёра мужчын. Прычым двое з іх не бачаць. У Яўгена — генетычнае захворванне, мутацыя гена PAX6, пры якой назіраецца анірыдыя — адсутнічаюць райкі вачэй і чалавек паступова страчвае зрок. Асаблівасць перадалася старэйшаму сыну Георгію і адзінай дачцэ Касіі. 22-гадовы хлопец не бачыць зусім, 11-гадовая дзяўчынка пакуль яшчэ нават малюе — але будучыня залежыць ад аперацыі, якую ёй правялі ў Ізраілі. Гісторыю сваёй сям'і, кахання, крыўды на Бога і ўдзячнасці жонцы Яўген расказаў «Люстэрку».

Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»
Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»

Дапамагчы бацькам Касіі Брыцько аплаціць аперацыю можна на BYSOL.

«Што трэба было зрабіць з дзяўчынай, каб яна пабралася са сляпым?»

Сям’я Брыцько жыве ў трохпакаёўцы ў спальным раёне Вільнюса. На парозе нас гасцінна вітае Яўген і запрашае ў хату. Настойліва прапаноўвае тапкі, а то «цяпер пахаладала, падлога халодная». Перад размовай прапануем зрабіць некалькі кадраў на двары — мужчына хутка апранаецца і выходзіць.

— Так павярнуцца? А можа, каля дрэва стаць? — актыўна прапаноўвае ён ідэі фатографу. І паралельна расказвае, як яму часовае «халасцяцкае» жыццё: адначасова і сумуе па жонцы, і па-дзіцячаму радуецца свабодзе.

Вяртаемся ў кватэру, распранаемся — а тут ужо закіпае чайнік. Мужчына ставіць яго на стол і прапануе зрабіць гарбаты. Усё гэта ён робіць спрытна, а вось наліваць кіпень у кубкі не рызыкуе. Не праблема — заварваем гарбату самастойна. Беларус пакуль расказвае пра сябе. Яму 43 гады, ён родам з Мазыра і амаль не бачыць ад нараджэння.

— Раней яшчэ мог распазнаць нейкія колеры. Дзякуючы гэтаму можна было арыентавацца, — тлумачыць ён. — Але недзе паўтара года таму гэтая магчымасць знікла канчаткова. Хутчэй за ўсё, праз стрэсы, якіх нават не ўсведамляеш. Таму я прызвычаіўся да новага спосабу існавання.

Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»
Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»

Бацькі ў мужчыны таксама не бачаць. З самага дзяцінства ён рос у спецыялізаваным асяроддзі, дзе амаль усе мелі праблемы са зрокам. Прызнаецца, што амаль не спадзяваўся сустрэць жанчыну, якая бачыць, і ў гэтым жа былі ўпэўненыя ягоныя бацькі. Але лёс склаўся іначай.

— Што трэба было зрабіць з дзяўчынай, каб яна здурнела і пабралася са сляпым? —  жартаўліва рэагуе на пытанне пра знаёмства з Ірынай Яўген. І працягвае сур’ёзна: — У Мазыры ёсць такая жанчына сталага веку, яна аматарка паэзіі, творца, стваральніца абразоў. І тады ў яе збіралася моладзь. Там і сустрэў Ірыну (нам абаім было па 20 гадоў). Яна мне вельмі спадабалася. Дакладней, пачуў гэты цудоўны голас, і стала ўсё зразумела. І вось пачаў, як сапраўдны паўлін, распускаць хвост, на чарговыя сустрэчы пісаць вершы, каб на мяне можна было звярнуць увагу. У мяне ўсё атрымалася, усё класна і ўсё правільна разлічыў. І потым мы пабраліся шлюбам. Яе бацькам тады было складана, але яны ўрэшце прынялі мяне, і асаблівых праблемаў не было.

Суразмоўца тлумачыць: упэўненасці ў гэтым рашэнні (асабліва ўлічваючы малады ўзрост) дадавала тое, што ў бацькоў была другая кватэра і было куды прывесці жонку. Яўгену гэта падавалася вельмі важным, бо ён быў ўпэўнены: без свайго жылля будзе вельмі цяжка.

— Таксама гэта яшчэ былі такія файныя часы, калі нават у нашым Мазыры дзейнічала прадпрыемства для невідушчых. Я там працаваў, атрымліваў нармальны заробак, — згадвае ён. — Можна было ўстойліва стаяць на нагах, ствараць сям’ю.

Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»
Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»

На прадпрыемстве Яўген спачатку працаваў звычайным рабочым, але з цягам часу дарос да маркетолага. Праўда, у 2007 годзе аддзел скарацілі, і беларусу давялося сысці. Праз некалькі гадоў ён з таварышам стварыў прадпрыемства, дзе працавалі людзі з інваліднасцю і выраблялі розныя сувеніры. Але ў 2013 годзе не супалі з заснавальнікам у бачанні будучыні кампаніі, таму суразмоўца сышоў. З таго часу ён не мае сталай працы, але не жыве на дапамогу дзяржавы, а пастаянна падпрацоўвае (нават навучыўся пячы хлеб). Ірына ж да нараджэння Касіі ў 2013 годзе працавала настаўніцай. Але потым працу давялося пакінуць: трэба было дапамагаць мужу і глядзець двух дзяцей з дадатковымі патрэбамі.

«Адчувалася вельмі моцная крыўда на Бога: як так, вельмі несправядліва»

Усяго ў сям'і Брыцько пяцёра дзяцей. Гэта 22-гадовы Георгій, 18-гадовы Марк, 15-гадовы Францыск, 11-гадовая Касія і 7-гадовы Лука. Як кажа Яўген, мары мець шмат дзяцей у іх з жонкай не было, хутчэй, так атрымалася. Але цяпер мужчына лічыць, што ўсё склалася найлепшым чынам, бо «для Ірыны быць маці — гэта пакліканне».

— Яна надзвычай добрая мама. У яе вельмі шмат цеплыні, здольнасці абараняць, клапаціцца належным чынам. І калі такія людзі не будуць мець шмат дзяцей, то хто тады? — разважае ён.

Калі Яўген з Ірынай пабраліся, пытанне, ці мець дзяцей, для іх увогуле не стаяла. Рэч у тым, што мужчына (як ён неаднаразова згадае падчас нашай размовы) рос у асяроддзі людзей, якія таксама не бачаць, — сам ён называе гэта «гета».

— І ў невідушчых былі дзеці, і дзеці розныя: у кагосьці без усялякіх хібаў зроку, у кагосьці — з невялікімі праблемамі. Таксама ведаю вельмі вялікую колькасць тых, хто мае пашкоджанне зроку, а іх бацькі — не. Таму бывае па-рознаму, — прыводзіць прыклады суразмоўца. — І замкнуцца на тым, што я не бачу, а значыць, не будзе сям'і, — на гэта мне не хапала смеласці. Вядома, цяпер, на сённяшні розум, я б пайшоў у які-небудзь манастыр і там бы сам сабе кніжкі чытаў. На халеру ўся гэтая адказнасць (смяецца). Але тады ў мяне нават не было думкі, што з гэтай прычыны можна не хацець, каб былі дзеці.

Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»
Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»

Нягледзячы на пэўную падрыхтаванасць (вядома, калі да праблем са здароўем дзіцяці ўвогуле магчыма падрыхтавацца), разуменне, што ў Георгія анірыдзія (той самы стан, калі адсутнічаюць райкі), стала сапраўдным выклікам для маладых бацькоў.

— Далей пра дзяцей гаворкі не было. Але потым неяк атрымалася, што нам быў дадзены Марк, у яго са зрокам усё добра. Мы падумалі: «Дык крута». А калі з’явіўся Францыск, мы зразумелі, што іх усё ж будзе трое. Потым атрымалася пераехаць з кватэры ў сваю хату, пра якую мы даўно марылі. А далей — дзе тры, там і чатыры. Мы вельмі чакалі Касію, вельмі хацелі, каб у яе ўсё было добра са здароўем. І было досыць цяжка, калі сталася як сталася, — дзеліцца Яўген. — І апошнім нарадзіўся Лука. Не думаю, што многія наўмысна робяць так, каб было шмат дзяцей. Так адбываецца, і ты гэта прымаеш. Да таго ж маці навучыла іх ашчадна і спагадліва ставіцца адно да аднаго.

Прыняць хваробу двух з іх аказалася складаней. Яўген прызнаецца, што гэты працэс зацягнуўся на доўгія гады, і ён нават сёння не ўпэўнены, што цалкам змог прыняць.

— Было вельмі цяжка. Адчувалася вельмі моцная крыўда на Бога: як так, вельмі несправядліва. Ладна я сам не бачу, але дзеці… Вельмі няпроста, — прызнаецца беларус. — Але нараджэнне Марка і розныя іншыя абставіны дапамаглі з прыняццем. Ужо потым, калі Георгій стаў добрым музыкам, увогуле стала незразумела, як без яго гэты свет мог існаваць.

Яўген са старэйшым сынам Георгіем, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»
Яўген са старэйшым сынам Георгіем, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»

Падчас нашай размовы Георгій дома — ужо потым ён прызнаецца, што праспаў заняткі ва ўніверсітэце. Затое ў нас ёсць магчымасць паслухаць ягоныя песні. Пакуль мы размаўляем з Яўгенам, хлопец настройвае гітару і шукае ў тэлефоне радкі песні, якую ён напісаў разам з бацькам (ён карыстаецца смартфонам з дапамогай навушнікаў, як і бацька). А потым чуем пацверджанне словаў суразмоўцы: хлопец сапраўды мае прыгожы голас і вельмі пранікнёна спявае. У ЕГУ, дзе вучыццца Георгій, у яго нават ёсць свой гурт — «Вячоркі».

— Што да Касіі, то, калі яна нарадзілася, у нас ужо быў мазоль. Сухі, але быў, — з сумнай усмешкай прыводзіць метафару беларус. — Было цяжка, але радавала, што зрок у лепшым стане, чым у Георгія. Таксама дзякуючы таму, што яе чакалі пяць чалавек, падзяліць гэты боль было прасцей.

«Касія — вельмі глыбокі чалавек, мы не вельмі разумеем, як яна нам дадзеная»

Думкі сям'і цяпер з Касіяй, якой у дзень нашай размовы рабілі аперацыю. На пытанне, якая яна, мужчына адказвае няўпэўнена. Пасмейваецца і тлумачыць: калі дзіця ў небяспецы, усё адыходзіць на другі план і расказаць можна толькі добрае.

— Насамрэч Касія — вельмі глыбокі чалавек, мы не вельмі разумеем, як яна нам дадзеная. Бо ў ёй вельмі шмат чаго ўнутры, — апісвае дачку Яўген. — Адзін з яе любімых заняткаў — вядома, маляванне. І ўсё, што звязанае з працай рукамі, кшталту лепкі. Але больш за ўсё яна любіць маляваць. Кажуць, нешта атрымліваецца (я не магу сам ацаніць). А яшчэ яна, як сучаснае дзіця, вялікая прыхільніца фэнтэзі (сярод кніжак у доме ёсць «Валадар пярсцёнкаў», і, кажа Яўген, дзяўчынка часам сама чытае яго, але невялікімі кавалачкамі. — Заўв. рэд.). Зразумела, што калі цябе Бог пасяліў у сям'і, дзе, акрамя кніжак, ёсць толькі кніжкі, то так і будзе (смяецца).

Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»
Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»

У Касіі, як і ў яе бацькі і брата, дыягназаваная мутацыя гена РАХ6. Сімптомы парушэнняў зроку былі з дзяцінства, але збольшага працэс трымалі пад кантролем. Дзяўчынка магла маляваць, чытаць, а калі бацькі сыходзілі з дому, хуценька даставала планшэт. Праўда, бачыла не на 100% і ў родным Мазыры вучылася ў інтэграваным класе. Але арганізаваны ён быў, як згадвае мужчына, «на адвалі».

— І калі мы прыехалі ў Вільнюс, то зразумелі: калі ўжо выпаў лёс жыць у сталіцы, то ў дзяцей будзе больш магчымасцяў. Я ведаў яшчэ са свайго юнацтва, што тут ёсць спецыяльныя ўстановы, дзе вучацца людзі з парушэннямі зроку. Мы знайшлі адну такую (насамрэч гэта інтэрнат, але Касія — мясцовая, таму ходзіць туды толькі на заняткі), там нас сустрэлі вельмі ветліва, паставіліся прыязна, узялі яе вучыцца. І ёй трапілася вельмі добрая настаўніца, — расказвае беларус. — Але мы зрабілі некалькі памылак. Па-першае, у Беларусі Касія вучылася паводле шрыфту Брайля (нашая прынцыповая пазіцыя), а тут сказалі, што паказнікі добрыя, і прапанавалі плоскадрукаваныя тэксты (то-бок падручнікі для тых, хто бачыць. — Заўв. рэд.). Па-другое, мы досыць хутка аддалі яе ў школу: пераехалі — і праз два тыдні яна ўжо вучылася. І ўсё гэтае напружанне — і нервовае, і праз неабходнасць чытаць і пісаць асадкай — моцна адбілася на зроку.

У пачатку 2023 года Ірына зразумела, што стан вачэй дзяўчынкі пагаршаецца. Сама яна нічога не казала: калі зніжэнне зроку адбываецца паступова, чалавек сапраўды можа яго не заўважыць. Касія толькі скардзілася на галаўны боль.

— І вось з таго часу мы пачалі актыўна штосьці рабіць. Спачатку вельмі настойліва папрасілі, каб у школе яна ўсё ж вярнулася да шрыфту Брайля. Летам 2023-га ўсё нібыта паспакайнела, але потым пачаў расці ўнутраны ціск у вачах, — успамінае беларус. — Мы сталі распытваць дактароў, што і як нам рабіць. Параілі зніжаць ціск фармакалагічным спосабам.

Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»
Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»

«Радавацца колерам, маляваць, бачыць твары — гэта ўсё магчыма»

Праз нейкі час Ірына з Касіяй паехалі ў Каўнас, каб там пракансультавацца наконт лекаў і падабраць новыя. А ў сярэдзіне восені 2024-га стала зразумела, што чаканага эфекту ад прэпаратаў няма: ціск рос, а вастрыня зроку падала. Гэта было відаць з малюнкаў дзяўчынкі. Тады вердыкт дактароў быў адназначны: патрэбнае хірургічнае ўмяшальніцтва. Але ў Літве, кажа Яўген, за такую складаную аперацыю брацца не наважваліся. І тады ад знаёмых яны з жонкай даведаліся пра клініку ў Ізраілі, дзе дзяўчынцы маглі б дапамагчы. Туды даслалі дакументы — і дактары пагадзіліся прыняць беларуску.

Часу чакаць не было, і яшчэ некалькі тыдняў таму Ірына і Касія паляцелі ў Ізраіль на абследаванне перад аперацыяй. Грошы на ўсё гэта сям’я пазычыла, бо кожны лішні тыдзень пагаршаў сітуацыю. Але ўсю суму (11 тысяч еўра) трэба будзе вяртаць, і такіх грошай у беларусаў няма. Таму яны і звярнуліся па дапамогу.

— Спачатку дактары казалі, што можна будзе выправіць ціск і зрок, зрабіўшы аперацыю на крышталіку. Але на месцы стала зразумела, што ніякага буйнога ўмяшальніцтва быць не можа. Трэба спачатку скідваць ціск, а потым нешта рабіць з хваробай. Для гэтага трэба спецыяльнае дрэнажнае абсталяванне, адаптаванае пад малады арганізм, — і гэта павялічыла кошт амаль на 20%.

Аперацыю правялі 13 снежня. Яна доўжылася падчас нашай размовы, і Яўген быў відавочна напружаны. Сама дзяўчынка не асабліва перажывала, пра што сказала тату вечарам перад аперацыяй: «Ёсць крыху хвалявання, але ўжо ж не зменіш нічога».

— Праз тое, што я хрысціянін, ведаю: хоць ты лопні ад хвалявання, калі аддаў жыццё на волю Бога, нічога не зменіш і хваляваннем справе не дапаможаш, — расказвае ён пра свой светапогляд. — Але, з іншага боку, складана пазбавіцца звычкі хвалявацца, нібыта ад цябе нешта залежыць.

Яўген паказвае фота дачкі пасля аперацыі. Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»
Яўген паказвае фота дачкі пасля аперацыі. Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»

Размаўляючы з Яўгенам, мы папрасілі паказаць фатаздымкі дачкі. Каб адшукаць іх на тэлефоне, ён узяў навушнікі: спецыяльная праграма агучвае тое, што адлюстроўваецца на экране, і чалавек можа карыстацца тэлефонам, нават калі не бачыць. Але ў дадатак да здымкаў атрымалі навіну: беларусу прыйшло паведамленне ад жонкі, што аперацыя скончылася. Ужо на наступны дзень ён раскажа, што ўсё прайшло добра і дактары нават наважыліся планаваць аперацыю на другое вока — гэта дапаможа дзяўчынцы максімальна захаваць зрок.

— Пра прагнозы пакуль казаць складана. З майго досведу, часта ў такіх выпадках дактары ставяць у прыярытэт самае крытычнае (памяншэнне ціску), а на захаванне зроку звяртаюць менш увагі. Тут рызыка, што нешта зламаюць, мінімальная, — лічыць Яўген. — То-бок цалкам магчыма спыніць прагрэсаванне хваробы. І нават калі будуць страчаныя пэўныя працэнты, той зрок, які быў, у Касіі захаваецца. То-бок радавацца колерам, маляваць, бачыць твары — гэта ўсё магчыма. Можа, калі такое наканавана, яна зможа пабачыць твары сваіх дзяцей.

«Нейкія грошы, каб хаця б не страціць кватэру і на мінімуме пражыць, у нас ёсць»

Выхоўваць дзяцей і змагацца за здароўе дачкі даводзіцца ў эміграцыі, без дапамогі сям'і і на арандаванай кватэры. У замежжы дарослыя і дзеці Брыцько аказаліся, як і сотні тысяч іншых беларусаў. Пунктам падзелу стаў 2020 год, калі і Яўген, і Ірына хадзілі на акцыі пратэсту ў Мазыры. Беларус тлумачыць: тады вельмі моцна адчувалася неабходнасць «быць разам з краінай». На адным з маршаў у кастрычніку спрабавалі затрымаць аднаго з удзельнікаў, і суразмоўца стаў перад аўтазакам, каб хоць неяк спыніць сілавікоў. Яго тады не прынялі ўсур'ёз, згадвае беларус, але потым стала зразумела: сям’я трапіла ў поле зроку ўладаў.

— Мы з Ірынай не працавалі, таму да гэтага да нас увагі асабліва не было. Але пасля таго выпадку ім спатрэбілася з намі нешта рабіць. Адзіны інструмент уплыву — школы. Сапраўды, хто выбары правёў, той іх і абараняе, — расказвае мужчына. — І да нас пачалі хадзіць настаўнікі і сацыяльныя службы. Гэта было ветліва, з піетэтам. Маўляў, як маецеся. Усё вельмі асцярожна, без нахабнасці, нібыта нават з павагай. Так яны пэўны час пахадзілі, а потым усё крыху сціхла: заняліся больш актыўнымі. А восенню 2021 года пачалі затрымліваць сяброў, і стала зразумела, што не сёння, дык заўтра прыйдуць і да нас.

Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»
Яўген Брыцько, Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»

Тым больш што сям’я прыцягнула ўвагу, адмовіўшыся хадзіць у царкву (не хацелі мець дачынення да Маскоўскага патрыярхату). А яшчэ Яўген разам з суседзямі напісаў на гаражы імёны загінулых падчас пратэстаў — гэта бачылі іншыя. Дзеля бяспекі (і з цяжарам на сэрцы) імёны замалявалі, але мужчына не мог пазбавіцца думкі: а што, калі ў гэтым спісе з’явіцца ягонае імя ці імя кагосьці з сям'і? Апошняй кропляй стала поўнамаштабная вайна ва Украіне.

— Мазыр знаходзіцца недалёка ад мяжы, і ўсё ляцела праз нас. Таму хлусіць любы, асабліва мазыранін, калі кажа пра мірнае неба. Ні халеры яно не мірнае, — упэўнены ён. — Мы ўжо тады збіралі дакументы, думалі пра ад’езд, мянялі пашпарты. І пакуль чакалі, памятаю, быў выпадак: дзеці гулялі на падворку, зверху ляцеў самалёт і пераадолеў гукавы бар’ер. А гэта суправаджаецца досыць моцным гукам, падобным да выбуху. Дзеці тады моцна спалохаліся.

З выбарам краіны для эміграцыі дапамог выпадак. У 2022 годзе Георгій скончыў каледж і падаў заяўку на паступленне ў ЕГУ, каб вывучаць еўрапейскую спадчыну. Хлопца прынялі — і гэта падштурхнула сям’ю да пераезду ў Літву, каб быць з ім разам. Легалізаваліся ў Вільнюсе, атрымаўшы гуманітарныя ВНЖ. На новым месцы Ірына знайшла працу выхавацелькі ў дзіцячым садку, дзеці пайшлі ў школы. Сярэдні, Францыск, вучыцца ў кадэцкім ліцэі ў Каўнасе. Праўда, клас, у якім працавала Ірына, у канцы мінулага года скарацілі, і жанчына страціла працу.

— Ну, вось так і жывём, — сумна ўсміхаецца беларус. — З нейкіх ашчаджэнняў. Я ж кажу, што Ірына — ідэальная мама, яна ўмее спраўляцца і клапаціцца пра дзяцей. Таму нейкія грошы, каб хаця б не страціць кватэру і на мінімуме пражыць, у нас ёсць.

«Я сябе тут не бачу. І не таму, што сляпы, а ўвогуле»

Уражанні ад Вільнюса ў Яўгена добрыя, але параўноўваць літоўскі досвед з беларускім ён не хоча: некарэктна праводзіць паралелі паміж сталіцай і невялікім горадам.

— Дакладна можна сказаць, што грамадства дзякуючы вялікаму тэхнічнаму ўсплёску надае вельмі шмат увагі тэхнічнаму боку ўсяго. У першую чаргу — развіццю структуры. Вядома, гэта моцна палягчае тваё існаванне, — кажа суразмоўца. — Тут дзяржава ўкладаецца ў інтэрнаты, бо гэта вельмі просты спосаб сказаць: «Мы ўсё робім». І сапраўды, у інтэрнаце, дзе вучыцца Касія, створаныя ўмовы, усё ёсць для інтэграцыі. Але за гэтым стварэннем умоваў няма сапраўднага ўключэння такіх дзяцей у грамадства. І тут трэба працаваць не над інфраструктурай, а над камунікацыяй і чалавечымі стасункамі.

Выява літоўскай «Пагоні» ў кватэры Брыцько. Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»
Выява літоўскай «Пагоні» ў кватэры Брыцько. Вільнюс, Літва, 13 студзеня 2025 года. Фота: «Люстэрка»

Такая ж праблема была ў Беларусі, і яе ж заўважае Яўген у дзеяннях беларускіх дэмсілаў. Ён наракае, што сярод шматлікіх структур, якія з’явіліся за апошнія чатыры гады, складана назваць кагосьці, хто б займаўся праблемамі людзей з дадатковымі патрэбамі.

— І не ў сэнсе «каб яны з голаду не здохлі». А ў сэнсе таго, каб мы тут вучыліся адно аднаго бачыць, паважаць і разумець, — упэўнены ён.

Для дзяцей у Вільнюсе адназначна больш магчымасцяў, лічыць Яўген. Можна вывучаць мовы (напрыклад, Касія ўжо досыць добра ведае літоўскую), атрымліваць еўрапейскую адукацыю, бачыць свет.

— Відавочна, што старэйшыя хлопцы зразумелі свае трэкі. У Мазыры гэта было б нашмат складаней, — лічыць ён. — Шанцы на паступленне па ўсім Еўрасаюзе (з аплатай, што праўда, складаней). Але ўсё адно гэта павялічвае імавернасць, што ў іх усё інакш складзецца, чым магло б быць там. Што да мяне, то я сябе тут не бачу. І не таму, што сляпы, а ўвогуле. Разумею, што ёсць рэчы, якія можна рабіць, але імпэту і жадання ствараць нейкія курсы для дарослых ці спрабаваць развіваць сацыяльнае прадпрымальніцтва тут няма. У Беларусі я патрэбны больш. Але раз пакуль не магу вярнуцца, трэба чамусьці вучыцца тут, каб не вяртацца дамоў пустым.

На развітанне Яўген жартуе: спадзяецца, што матэрыял будзе добры, хаця яны з сынам яго ўсё адно не прачытаюць. Пакуль апранаемся, некуды таксама пачынае збірацца Георгій. Тлумачыць: трэба забраць брата са школы. На вуліцы хлопец упэўнена паварочвае налева, акуратна намацваючы дарогу спецыяльным кіем.