Больш за 90 000 чалавек — надмерная смяротнасць у Беларусі падчас пандэміі COVID-19. Прыблізна столькі жыццяў забраў вірус у 2020−2022 гадах, пішуць «Кіберпартызаны».
Як падлічылі
Афіцыйную статыстыку па нараджальнасці і смяротнасці ў Рэспубліцы Беларусь перасталі публікаваць з траўня 2020 года. Рэальную карціну па нараджальнасці, смяротнасці, адтоку працоўнага насельніцтва з краіны чыноўнікі трымаюць у таямніцы.
Аднак «Кібепартызаны» атрымалі базы дадзеных па ўсіх памерлых грамадзянах Беларусі да 2024 года з афіцыйнымі прычынамі смерці.
Дзякуючы гэтаму яны высветлілі рэальную статыстыку смерці ў перыяд пандэміі COVID-19 на тэрыторыі Беларусі.
Паводле звестак Белстата, з 2014-га да 2020 года па ўсёй краіне ў сярэднім памірала 10 тыс. людзей за месяц, то-бок 120 тыс. за год. «Кіберпартызаны» праверылі гэтыя паказчыкі, падлічыўшы колькасць памерлых за 2018−2019 гады.
Такім чынам, падчас падвядзення статыстыкі «Кібепартызаны» ўмоўна прымалі за надмерную смяротнасць усе паказчыкі звыш 10 тыс. за месяц.
Дадзеныя па агульнай колькасці памерлых у Рэспубліцы Беларусь за кожны месяц з 2020-га да 2022 года прадстаўленыя на графіках ніжэй.
Такім чынам, надмерная смяротнасць у Беларусі за перыяд з 2020-га да 2022 года склала больш за 90 000 чалавек.
«Кіберпартызаны» таксама падвялі агульную статыстыку смяротнасці за некалькі гадоў з 2018-га да 2023 года. Гэтыя дадзеныя ілюструюць рост смяротнасці ў 2020−2021 гадах, які супадае з пандэміяй каранавіруса, і вяртанне да ніжэйшых паказчыкаў у 2022−2023 гадах.
Якой колькасці беларусаў паставілі каранавірус як прычыну смерці?
Паколькі ў перыяд пандэміі дактарам у Беларусі часцяком фактычна забаранялі ставіць COVID-19 як афіцыйную прычыну смерці, яе пісалі ў дакументах вельмі абмежавана. Мы не арыентаваліся на гэты паказчык для вызначэння рэальнай смяротнасці ад каранавіруса. Але для статыстыкі прыводзім колькасць чалавек, якім паставілі як афіцыйныя прычыны смерці:
- B34.2 Каранавірусная інфекцыя неўдакладненая.
- B97.2 Каранавірусы як прычына хваробаў, класіфікаваных у іншых рубрыках.
«Кіберпартызаны» перадалі для даследавання базы дадзеных па памерлых у Рэспубліцы Беларусь (без адчувальных асабістых звестак) у Фонд медыцынскай салідарнасці Беларусі ByMedSol.
«Спадзяёмся, што аналіз спецыялістаў дапаможа дэталізаваць статыстыку рэальнай смяротнасці ў Рэспубліцы Беларусь, якую дагэтуль рэжым Лукашэнкі старанна хавае ад беларусаў», — пішуць яны.
Нагадаем, раней BYPOL апублікаваў сваё даследаванне па смяротнасці ад каранавіруса. Яно грунтавалася на двух дакументах. Першым — рэальнай колькасці зарэгістраваных выпадкаў COVID-19 у Беларусі з разбіўкай па абласцях (дадзеныя з пачатку 2020 года да 25 студзеня 2023 года). Другім — спісе памерлых з прычынамі смерці ад мінскага патолагаанатамічнага бюро (з 25 сакавіка 2020 года да 2 лістапада 2021 года). Выкарыстоўваючы гэтыя дадзеныя, расследавальнікі дапусцілі, што калі надмерная смяротнасць у Беларусі змянялася прыблізна гэтак жа, як колькасць зарэгістраваных смерцяў ад кавіду па свеце, то за 2020−2024 гады надмерная смяротнасць у Беларусі можа дасягаць 109 000 чалавек. Калі не яшчэ больш.