Жыхар Мінска выпіў і заснуў у сваім легкавіку, а той пакаціўся сам па сабе і ўрэзаўся ў чужое аўто. На мужчыну склалі пратакол і хацелі аштрафаваць, аднак адвакат даказаў, што ён не кіраваў аўтамабілем і, па сутнасці, не быў у той момант кіроўцам. Пакаранне адмянілі, паведамілі ў Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў (БРКА).
Выпадак адбыўся на стаянцы, дзе мінчук П. прыпаркаваў свой аўтамабіль і заснуў унутры, папярэдне выпіўшы спіртнога. Рухавік машыны быў заглушаны, а легкавік стаяў на ручным тормазе. Ехаць куды-кольвек мужчына не збіраўся.
Аднак неўзабаве «аўтамабіль адвольна пачаў рух, праехаў некалькі метраў і сутыкнуўся з транспартным сродкам, які стаяў наперадзе», расказалі ў БРКА. Сведка здарэння выклікаў ДАІ, кіроўцу пабудзілі і адвезлі на агляд, які паказаў у яго канцэнтрацыю этанолу ў арганізме звыш 0,8 праміле.
На мінчука склалі пратакол за парушэнне ПДР, якое прывяло да стварэння аварыйнай абстаноўкі, і яшчэ адзін — за кіраванне транспартным сродкам (ТС) у стане алкагольнага ап’янення. Яму пагражаў штраф у памеры 200 базавых велічынь (цяпер 8400 рублёў) і пазбаўленне правоў на пяць гадоў.
За справу ўзяўся адвакат Мінскай абласной юрыдычнай кансультацыі № 4 Павел Латышаў. Ён знайшоў у пратаколах супярэчнасці, якія датычылі руху аўтамабіля нібыта пад кіраваннем яго кліента.
Адвакат падаў у пракуратуру і кіраўніцтва ДАІ Мінскай вобласці скаргі на інспектара, які аформіў пратакол пра п’янае кіраванне. Галоўны аргумент абароны заключаўся ў тым, што калі аўтамабіль пакаціўся сам, без удзелу чалавека, то гэта не можа лічыцца кіраваннем транспартным сродкам.
«І ўсё роўна, у якім стане знаходзіўся грамадзянін П. — ён не быў кіроўцам зыходзячы з нормаў ПДР (адсутнасць суб’екта правапарушэння), не кіраваў ТС у стане ап’янення (адсутнасць аб’ектыўнага боку правапарушэння), у яго адсутнічаў намер, матывы і мэты (адсутнасць суб’ектыўнага боку правапарушэння)», — растлумачылі ў калегіі.
Пасля разгляду скаргі начальнік ДАІ прыняў рашэнне закрыць справу праз адсутнасць складу правапарушэння.