Расійскія вайскоўцы пад кіраўніцтвам прэзідэнта краіны Уладзіміра Пуціна правялі трэніроўку наземных, марскіх і авіяцыйных стратэгічных сіл стрымлівання, падчас якой адбыліся практычныя пускі балістычных і крылатых ракет. Пра гэта паведаміла 26 кастрычніка прэс-служба Крамля.
Па палігоне Кура на Камчатцы праведзеныя пускі міжкантынентальнай балістычнай ракеты «Ярс» з дзяржаўнага выпрабавальнага касмадрома Плясецк і балістычнай ракеты «Синева» з акваторыі Баранцава мора. Да ажыццяўлення задач таксама прыцягваліся самалёты далёкай авіяцыі Ту-95МС, якія выканалі пускі крылатых ракет паветранага базіравання.
«Падчас мерапрыемства праведзеная праверка ўзроўню падрыхтоўкі органаў ваеннага кіравання і навыкаў кіраўнічага і аператыўнага складу па арганізацыі кіравання войскамі», — паведамілі ў Крамлі.
Задачы, прадугледжаныя падчас трэніроўкі стратэгічных сіл стрымлівання, выкананыя ў поўным аб’ёме, усе ракеты дасягнулі мэтаў, пацвердзіўшы зададзеныя характарыстыкі.
Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу падчас дакладу Пуціну адзначыў, што падчас трэніроўкі Узброеныя сілы адпрацавалі «задачы нанясення масіраванага ядзернага ўдару стратэгічнымі наступальнымі сіламі ў адказ на ядзерны ўдар праціўніка», цытуе міністра РІА «Новости».
Нагадаем, раней расійскі бок папярэдзіў амерыканскіх калег пра правядзенне вучэнняў ракетна-ядзерных сіл «Гром-2022».