На мінулым тыдні ўрад Эфіопіі і кіраўніцтва паўстанцаў з мяцежнай паўночнай правінцыі Тыграй абвясцілі пра спыненне баявых дзеянняў. Мірныя перамовы паклалі канец двухгадовай грамадзянскай вайне, пачас якой загінула да 800 тысяч чалавек, а каля 2,75 мільёна сталі бежанцамі. Можна было б парадавацца, што на планеце стала хоць крышачку спакайней, але ў той жа дзень афіцыйныя асобы Саудаўскай Аравіі заявілі пра гатоўнасць Ірана здзейсніць напад на іх каралеўства. А самай блізкай і балючай вайной з цяперашніх для беларусаў з’яўляецца расійскае ўварванне ва Украіну, якое прывяло да гібелі дзясяткаў тысяч чалавек. Мы вырашылі агледзецца і палічыць, колькі яшчэ войнаў ідзе ў свеце і якія з іх самыя кровапралітныя.
У сваім падліку мы абапіраліся на дадзеныя няўрадавай арганізацыі ACLED, якая спецыялізуецца на зборы і аналізе інфармацыі пра крызісы і канфлікты, а таксама на ацэнкі з некаторых іншых крыніц.
Аказалася, што акрамя расійска-ўкраінскай вайны ў свеце проста цяпер доўжацца як мінімум тры буйныя канфлікты, кожны з якіх за апошні год забраў не менш за 10 тысяч жыццяў. Яшчэ як мінімум у 13 узброеных сутыкненнях колькасць ахвяраў за мінулы год склала больш за тысячу. Усяго ж цяпер у свеце вядзецца не менш за 57 войнаў.
Самыя кровапралітныя войны
Як мы казалі вышэй, разам з расійска-ўкраінскім супрацьстаяннем у свеце цяпер вядзецца не менш чым тры вайны, кожная з якіх забрала за апошні год больш за 10 тысяч чалавечых жыццяў.
1. Грамадзянская вайна ў М’янме
Перманентны ўзброены канфлікт у гэтай краіне паміж вельмі рознымі сіламі цягнецца з 1948 года. Вайна пачыналася як супрацьстаянне паміж афіцыйнымі ўладамі і камуністычнай апазіцыяй, але ў выніку ператварылася ва ўзброеныя сутыкненні з удзелам нацменшасцяў, наркагандляроў і іншых сацыяльных слаёў. У канфлікце загінула больш за 200 тысяч чалавек, у тым ліку 20,8 тысячы за апошні год. Цяпер у вайне ўдзельнічаюць варожыя адна адной палітычныя сілы М’янмы і сепаратысты з розных рэгіёнаў краіны.
2. Грамадзянская вайна ў Емене
Цягненцца з 2014 года з удзелам унутраных груповак, а таксама сіл Саудаўскай Аравіі, ААЭ, Катара, Бахрэйна, Марока, Судана, Іярданіі, Егіпта, іншых дзяржаваў і розных ісламісцкіх груповак. Агульная колькасць загінулых ацэньваецца не менш чым у 377 тысяч чалавек, у тым ліку за апошні год — больш за 10 тысяч.
3. Вайна ў Эфіопіі
Пасля заканчэння вайны паміж урадавымі войскамі і тыграйскімі сепаратыстамі ўсё яшчэ працягваюцца баявыя дзеянні ў іншых рэгіёнах — на тэрыторыі штатаў Бенішаміль-Гумуз, Арома, а таксама на мяжы з Суданам. Цэнтральны ўрад краіны ў канфлікце падтрымлівае суседняя Эрытрэя, супраць выступаюць сепаратысты са штатаў Аромія, Сідама, Самалі, Афар. Усяго грамадзянская вайна ў Эфіопіі, якая пачалася ў 2018 годзе, забрала жыцці ад 385 да 800 тысяч чалавек, у тым ліку за апошні год, паводле некаторых ацэнак, — больш за 100 тысяч.
Дзе яшчэ ваююць?
Яшчэ больш у свеце войнаў, якія ўмоўна можна назваць «канфліктамі сярэдняй інтэнсіўнасці». У іх за апошні год загінула менш за 10 тысяч чалавек, але больш за тысячу.
1. Вайна ў Афганістане
Афганістан ахоплены вайной з моманту Саурскай рэвалюцыі 1978 года і наступнага савецкага ўварвання. Агульная колькасць ахвяр канфлікту ацэньваецца ў 1,4−2,5 мільёна чалавек. Пасля перамогі талібаў у 2021 годзе інтэнсіўнасць баявых дзеянняў знізілася. Аднак колькасць загінулых за апошні год тут ацэньваецца ў 2,4 тысячы чалавек.
2. Вайна з наркакартэлямі ў Мексіцы
Адлік цяперашняй фазы мексіканскай наркавайны вядзецца з 2006 года, калі ў канфлікт паміж мясцовымі наркакартэлямі актыўна ўключылася дзяржава. Мексіканскі ўрад у гэтай вайне атрымлівае падтрымку ад ЗША. За час вайны загінула больш за 80 тысяч чалавек (а паводле некаторых ацэнак — каля 350 тысяч). За апошні год вайна забрала жыцці 7,8 тысячы чалавек.
3. Вайна ў Калумбіі
Цягнецца з 1964 года паміж урадам, які ў розны час падтрымлівалі ЗША, Бразілія, Перу, Панама, Эквадор, Францыя, Вялікабрытанія, і шматлікімі фарміраваннямі наркагандляроў. Трэцяя сіла — розныя партызанскія групоўкі левай палітычнай арыентацыі, якія падтрымліваюць альбо падтрымлівалі СССР, Венесуэла, Куба, Лівія і Нікарагуа. Вайна забрала больш за 220 тысяч жыццяў, у тым ліку 2,2 тысячы за апошні год.
4. Грамадзянская вайна ў Сірыі
Цягнецца з 2011 года паміж сірыйскім рэжымам Башара Асада і шматлікімі групоўкамі ўнутры краіны пры ўмяшанні Расіі, Турцыі, ЗША, Ірака, іншых дзяржаваў і арганізацый. Падчас вайны загінула больш за 600 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 5,3 тысячы за апошні год.
5. Вайна Альянсу дэмакратычных сіл (АДС) супраць Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (ДРК) і Уганды
Цягнецца з 1996 года ў паўночных раёнах дзвюх згаданых краін. ДРК і Уганду падтрымлівае брыгада сілавога ўмяшання ААН, укамплектаваная міратворцамі з ПАР, Танзаніі і Малаві. Паўстанцаў АДС падтрымліваюць ІДІЛ, розныя групы ісламістаў і Судан. Агульная колькасць ахвяр канфлікту — не менш за 6 тысяч чалавек, у тым ліку каля 2,7 тысячы за апошні год.
6. Канфлікт у Ітуры (правінцыя на паўночным усходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга)
З 1999 года цягнецца паміж народамі ленду і хема на ўсходзе ДРК. Загінула больш за 64 тысяч чалавек, у тым ліку каля 1,5 тысячы за апошні год.
7. Канфлікт у Ківу (правінцыя на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга)
Пачынаўся ў ДРК як міжэтнічны канфлікт паміж прадстаўнікамі народаў тутсі і хуту, што ўцяклі ў розны час з Руанды. У розны час у яго былі ўцягнутыя цэнтральны ўрад ДРК, ЕС, Францыя, Бельгія, Ангола, Зімбабвэ, Батсвана, Уганда, Руанда, Гасподняя Армія супраціву з Уганды, Беларусь (у форме паставак і рамонту авіятэхнікі і працы інструктараў) і іншыя сілы. Канфлікт цягнецца з 2004 года, у тым ліку трэцяя актыўная фаза — з 2015 года. Загінула больш за 23 тысячы чалавек, з іх больш за 1,6 тысячы за мінулы год.
8. Вайна ў Магрыбе (гістарычны рэгіён на паўночным захадзе Афрыкі, у які ўваходзіць некалькі краін)
Вядзецца з 2002 года ў Паўночнай і Заходняй Афрыцы ісламістамі-салафітамі пры падтрымцы «Аль-Каіды» і іншых тэрарыстычных груповак з аднаго боку і Алжырам, Буркіна-Фасо, Маўрытаніяй, Малі, Марока, Нігерам, Нігерыяй, Сенегалам, Тунісам, Францыяй пры падтрымцы ЗША, Іспаніі, Чада, Вялікабрытаніі, ЕС і Нідэрландаў — з другога. За час вайны, паводле некаторых ацэнак, загінула больш за 29 тысяч чалавек, у тым ліку каля 8 тысяч у 2022 годзе.
9. Вайна супраць Ісламскай дзяржавы ў Іраку
Вядзецца з 2017 года цэнтральным урадам Ірака і іракскім Курдыстанам пры падтрымцы сірыйскіх курдаў (Ражавы), ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі і Нідэрландаў. Загінула не менш за 12 тысяч чалавек, у тым ліку каля 4 тысяч — за апошні год.
10. Вайна ў Дарфуры (рэгіён на захадзе Судана)
Цягнецца з 2003 года паміж Суданам і дарфурскімі паўстанцкімі групоўкамі. Цэнтральны ўрад краіны атрымліваў падтрымку ад Кітая, Расіі, Сірыі, Ірана, і, магчыма, Беларусі. Паўстанцаў у розны час падтрымлівалі Францыя, Паўднёвы Судан, Чад, Эрытрэя, Лівія, Уганда. Загінула больш за 300 тысяч чалавек, з іх за апошні год — каля 2 тысяч.
11. Вайна супраць ісламісцкага руху «Бока харам» у Афрыцы
З 2009 года вядзецца на тэрыторыі Нігерыі, Камеруна, Чада і Нігера войскамі гэтых краін і Беніна, які да іх далучыўся. «Бока харам» падтрымліваюць іншыя ісламісцкія арганізацыі, такія як Ісламская дзяржава і «Талібан». З 2015 года рух называецца «Заходнеафрыканская правінцыя Ісламскай дзяржавы». Усяго падчас вайны загінула больш за 350 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 5 тысяч за мінулы год.
12. Грамадзянская вайна ў Самалі
Цягнецца з 1988 года. У канфлікце бралі ўдзел цэнтральны ўрад краіны, Саюз ісламскіх судоў, Ісламская дзяржава, шматлікія сепаратысцкія арганізацыі і самаабвешчаныя дзяржавы Самалілэнд, Пунтлэнд, Галмудуг, Джубалэнд, племянныя групоўкі, а таксама Эфіопія, ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Італія, Афрыканскі Саюз. У вайне загінула больш за 500 тысяч чалавек, у тым ліку 4,9 тысячы за апошні год.
13. Вайна ў Малі
Пачалася ў 2012 годзе як паўстанне народа туарэгаў у паўночнай частцы краіны, прывяло да абвяшчэння дзяржавы Азавад. У якасці трэцяй сілы ў вайну ўключыліся ісламісцкія групоўкі («Аль-Каіда», Ісламская дзяржава і іншыя). Урад Малі падтрымалі Эканамічная супольнасць краін Заходняй Афрыкі, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Партугалія, Швецыя, Эстонія, Чад, Бурундзі, Габон, ПАР, Руанда, Танзанія, Кітай, Уганда, Егіпет. Колькасць загінулых у канфлікце ацэньваецца больш чым у 12 тысяч чалавек, за апошні год яго ахвярамі стала больш чым 4,2 тысячы.
І гэта яшчэ не ўсё
Акрамя гэтых буйных войнаў проста цяпер у свеце цягнецца як мінімум 20 узброеных канфліктаў, кожны з якіх забраў за апошні год не менш за сто жыццяў. Пералічым іх:
1. Грамадзянская вайна ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы;
2. Паўстанне ісламістаў у правінцыі Кабу-Дэлгаду ў Мазамбіку;
3. Сутыкненні праўладных сіл і курдаў на захадзе Ірана;
4. Ізраільска-палестынскі канфлікт;
5. Баявыя дзеянні ў іранскай і пакістанскай частках Белуджыстана;
6. Узброены канфлікт паміж Інданезіяй і папуаскімі сепаратыстамі на Новай Гвінеі;
7. Мааісцкае паўстанне ў Індыі;
8. Канфлікт паміж урадам Філіпін і мусульманскімі сепаратыстамі на Мінданаа;
9. Канфлікт паміж урадам Філіпін і філіпінскімі камуністамі;
10. Турэцка-армянскі канфлікт;
11. Армянска-азербайджанскі канфлікт;
12. Канфлікт у Вазірыстане паміж урадам Пакістана і пуштунскімі плямёнамі;
13. Вайна ў Лівіі;
14. Канфлікт у суданскіх штатах Паўднёвы Кардафан і Блакітны Ніл;
15. Паўстанне ісламістаў на Сінайскім паўвостраве ў Егіпце;
16. Кыргызска-таджыкскі памежны канфлікт;
17. Паўстанне на поўначы Чада;
18. Вайна супраць наркагандляроў на Філіпінах;
19. Амбазонская вайна ў Камеруне;
20. Вайна супраць наркагандляроў у Бангладэш.
Яшчэ каля 20 актыўных войнаў мелі за апошні год менш за 100 ахвяр.
Дадзеныя ACLED гавораць пра тое, што за перыяд з 28 кастрычніка 2021 года па 28 кастрычніка 2022 года ў свеце ўзброеныя канфлікты забралі жыцці 140 тысяч чалавек. Для параўнання, за аналагічны прамежак у 2020−2021 гадах у войнах загінула 155 333 чалавекі, а ў 2019−2020 гадах — 129 421 чалавек.
Чытайце таксама


