З пачатку поўнамаштабнай вайны расійскім войскам удалося акупаваць толькі адзін абласны цэнтр Украіны — Херсон. Яны занялі горад 1 сакавіка, распачаўшы масавыя рэпрэсіі супраць жыхароў. У верасні прайшоў «рэферэндум» аб далучэнні Херсонскай вобласці да Расійскай Федэрацыі, а ўжо 11 лістапада горад вызвалілі УСУ. Журналіст Алесь Мінаў прыехаў у дэакупаваны горад праз некалькі тыдняў пасля яго вызвалення і спецыяльна для «Люстэрка» расказвае, што там убачыў.
«У Херсон ходзяць цягнікі — нічога сабе!»
«Цягнік перамогі» запусцілі з Кіева ў Херсон толькі 18 лістапада, цяпер ён курсуе кожныя два дні. Білеты каштуюць 240 грыўняў (прыкладна 16 беларускіх рублёў) за плацкарт і ад 380 (26 беларускіх) за купэ. Сама дарога займае крыху менш за палову сутак.
Я прыехаў на вакзал за гадзіну да адпраўлення і праверыў у праграме «Укрзалізниці» наяўнасць білетаў: было каля 100 вольных месцаў. І сапраўды, вагоны напаўпустыя.
— Вельмі чысценька, і пасцель новая, прыемная, увогуле, у Херсон ходзяць цягнікі — нічога сабе! — заўважае мая спадарожніца Наталля, што едзе ў Мікалаеў наведаць сваіх 90-гадовых бацькоў. Сама жанчына жыве ў Кіеве, цяпер яна на пенсіі, а раней працавала настаўніцай фізікі. Бацькоў Наталля апошнім часам бачыла рэдка, усё ж да Мікалаева дабірацца было складана, пакуль не аднавілі чыгуначнае злучэнне.
— Мы стараліся стэлефаноўвацца кожны дзень, але ж часам сувязь не дазваляла, вось тады пачынала моцна хвалявацца. Ім там мясцовыя валанцёры дапамагаюць: то ваду падвязуць пітную, то лекі. Але так хочацца ўжо сустрэцца… — дзеліцца жанчына.
Другая спадарожніца, Ірына, раней і сама працавала на чыгунцы правадніцай, таму, гледзячы на новы і ідэальна чысты вагон, з жахам прыгадвае, як некалі даводзілася адмываць цягнікі ад бруду. Цяпер яна са сваім катом Бенедыктам таксама едзе ў Мікалаеў — вяртаецца дадому з Клайпеды.
— Больш за месяц адпачывала ад выбухаў і салёнай вады ў кранах, — кажа яна.
Паводле словаў жанчын, салёная вада ў кранах Мікалаева з’явілася праз пашкоджанне камунікацый: сістэма водазабяспечання ў горадзе працуе вельмі кепска, вада з мора практычна не ачышчаецца, таму і салёная. Да таго ж дадаюцца іржа і бруд з пашкоджаных труб. Піць такую ваду нельга нават пасля кіпячэння.
— Але я ўжо ў Мікалаеў назусім. Так, няхай выбухі, няхай з вадой бяда, але ж не дома жыць цяжка. У Літве, вядома, ладненька, прыгожа, а ўсё адно не тое… — разважае яна. — Ведаеце, як я сябе дома адчула? Калі гук паветранай трывогі ў Кіеве на вакзале пачула перад адпраўленнем цягніка.
Ірынін кот Бенедыкт хвілін сорак прагульваўся на павадку па вагоне — абследаваў новае месца, а потым улёгся на паліцы са сваёй гаспадыняй.
— Беня нарадзіўся акурат у першы дзень вайны. Яго ва ўзросце трох тыдняў аддавалі гаспадары, якія спешна з’язджалі ў бяспечнейшае месца, — дзеліцца Ірына. — Увогуле першым часам ад пачатку гэтага жаху было вельмі шмат такіх аб’яваў, а некаторыя проста выкідалі сваіх жывёл — нават пародзістых, дарагіх — на вуліцы. Я пазваніла, і ўжо праз 20 хвілін мне яго прывезлі, так і жывём разам. Ён да выбухаў прывык, не баіцца зусім і дарогу пераносіць спакойна.
«Гэта ўсё абстрэлы: прылятае ўвесь час»
У Херсон цягнік прыбывае з 15-хвіліннай затрымкай. Ужо загадзя людзі з торбамі і пакункамі стаяць у праходзе. І вось праваднік звыкла адчыняе дзверы і высоўвае прыступкі.
— Гэта яшчэ добра, — разважае праваднік пра затрымку. — Падчас абстрэлаў мы спыняемся, таму можам прастаяць і гадзіну, і дзве. Увогуле цяпер па раскладзе ад Мікалаева да Херсона дарога займае дзве гадзіны замест сарака даваенных хвілін, але ж часы такія.
Хоць гэты цягнік не першы, на пероне пачуццё свята: радасныя крыкі сваякоў, што не бачыліся месяцамі, успышкі камер, людзі з украінскімі сцягамі, шмат смеху і слёз.



У Херсоне пасля вызвалення застаецца амаль 100 тысяч чалавек — гэта траціна ад даваеннай колькасці насельніцтва. Сённяшні горад пачынаецца ўжо ў будынку чыгуначнага вакзала: вялізная чарга ў касу, разлік выключна наяўнымі — тэрміналы не працуюць. Безліч людзей вакол клубкоў падаўжальнікаў, што сплятаюцца дзясяткамі дратоў і вядуць да шумнага генератара ля ўваходу. Такія пункты падзарадкі — адзіная магчымасць заставацца на сувязі, зарадзіць ліхтарыкі і паўэрбанкі.
Інга і Настасся прыйшлі не па білет — з’язджаць з горада не плануюць, бо «няма куды». Яны чакаюць, пакуль вызваліцца разетка, каб зарадзіць тэлефоны.
Жанчыны — суседкі, прайшлі чатыры кварталы да вакзала зранку, бо гэта найбліжэйшы пункт з электрычнасцю.
— Сюды прыходзім штодзень. Па тэхнічную ваду — у іншы ад дому бок ісці таксама хвілін 30−40. Пітную прывозяць раз на тры дні валанцёры, таму даводзіцца яе эканоміць, — расказвае Інга.
На прывакзальнай плошчы месціцца і палатка валанцёраў ад кампаніі Homenet, раздаецца мабільны інтэрнэт, працуе генератар, ад якога таксама цягнуцца клубкі дратоў проста па зямлі. Месцы тут усе занятыя.
Характэрныя для цяперашняга Херсона гукі — шум генератараў з усіх бакоў, які раз на 5−6 хвілін перабіваюць выбухі. Спачатку я быў упэўнены, што гэта вынік размініравання. Тым больш што і супрацоўнік Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацый, якога я сустрэў, гаварыў пра вялікую колькасць мін.
— У Херсоне замінавана практычна ўсё. Галоўнае ўпраўленне паліцыі, напрыклад, аказалася прасцей узарваць, чым размініраваць, — расказаў ён. — Цяпер працуе вялікая колькасць сапёраў з розных рэгіёнаў — у прыярытэце жылыя будынкі. Падстанцыі, кацельныя, аб’екты крытычнай інфраструктуры да сёння застаюцца замініраванымі, працаваць з імі вельмі няпроста, ускладняецца ўсё пастаяннымі абстрэламі з левага берага, штодзень вялікая колькасць параненых і забітых, нашыя брыгады перагружаныя.
Аднак супрацоўнікі паліцыі патлумачылі, што выбухі, якія я чую, — гэта абстрэлы раёна.
— Вы што, якія размініраванні? Тое на мінулым тыдні было, калі падарвалі галоўнае ўпраўленне паліцыі. А цяпер гэта ўсё абстрэлы: «прылятае» ўвесь час. Больш за ўсё ў раёне Дняпра, туды лепей не хадзіце, — папярэджвае патрульны.
«Пакуль сітуацыя вельмі цяжкая, заставацца ў горадзе небяспечна»
Пра зусім нядаўнюю акупацыю нагадваюць напаўздзёртыя банеры «Россия тут навеки!». Пры гэтым у горадзе безліч жоўта-блакітных сцягоў. Яны паўсюль — на вуліцах, помніках, будынках і машынах.
У цэнтр ад вакзала вядзе шырокі і роўны, падобны да мінскіх, праcпект Ушакова. З першых жа будынкаў — відовішча, характэрнае для ўсяго горада: вялікія чэргі. У банк, на пошту і нават у цэнтр сувязі.
— У мяне ўкраінская сімка была, доўга ёю не карысталася, і вось, мабыць, адключылі. Цяпер стаю, каб дазнацца, як аднавіць — сувязі пакуль няма зусім, — тлумачыць бабулька з чаргі.
— Вось і ў нас тое самае, — дадаюць людзі побач.
Грамадскі транспарт працуе спраўна, пакуль не ўсе маршруты, але ў большасць раёнаў можна дабрацца маршруткай ці аўтобусам. Талончык каштуе 10 грыўняў (63 капейкі). Вайскоўцам — праезд бесплатны, так па ўсёй краіне.
Вайскоўцаў на вуліцах Херсона цяпер шмат. Мясцовыя рэагуюць на іх пазітыўна: махаюць, усміхаюцца, часта падбягаюць абняць проста пасярод вуліцы. Многія таксама ўсміхаюцца журналістам, дзякуюць за працу.
Плошча Свабоды — цэнтр гарадскога жыцця. Яна не пусцее з першых дзён вызвалення. Спачатку тут былі агромністыя мітынгі-гулянні, людзі прыходзілі са сцягамі, спявалі песні, танцавалі.
Цяпер тут сканцэнтраваная асноўная валанцёрская дзейнасць. У цэнтры плошчы стаіць раздатчык інтэрнэту, таму сувязь на невялікай адлегласці даволі добрая. Побач таксама шматлікія палаткі з самай рознай дапамогай. Адным з самых запатрабаваных застаецца пункт падзарадкі, арганізаваны тут ратавальнікамі.
У асобнай палатцы размясцілася абласная ваенная адміністрацыя (АВА). Яе супрацоўнікаў-валанцёраў можна пазнаць па спецыяльных камізэльках. Яны складаюць спісы на эвакуацыю, кансультуюць людзей і тлумачаць, дзе можна атрымаць гуманітарную дапамогу.
Тут таксама людна, бо адбываецца эвакуацыя з горада: людзі запісваюцца, называючы вобласць, куды хочуць трапіць. Нехта выязджае да сваякоў. Тыя, каму няма куды ехаць, трапляюць у асобны спіс для вылучэння жылля. Найперш людзей вязуць аўтобусамі да Мікалаева, бо пакуль усе іншыя дарогі з Херсона замініраваныя, а ўжо там адбываецца размеркаванне ў далейшыя пункты.
— Мы плануем вывезці столькі, колькі зможам і колькі людзей пагодзіцца выязджаць. А чаму? Вы ж чуеце, што адбываецца. Спадзяёмся на паляпшэнне: усё будзе добра, толькі б хутчэй. А пакуль сітуацыя вельмі цяжкая, заставацца ў горадзе небяспечна, — кажа валанцёрка АВА.



На дапамогу ў Херсон прыехалі таксама валанцёры з іншых краін. Сярод іх — Сафія ад «Грузінскага гуманітарнага легіёна». Яна прывезла дапамогу для мясцовага Чырвонага Крыжа, а ў пустых аўтобусах назад плануюць вывезці людзей.
— Мы ўвогуле шмат чым займаемся, гэта і тая ж эвакуацыя, і адбудова будынкаў, і дапамагаем наладзіць працу транспарту. «Грузінскі легіён» — вайсковая арганізацыя на тэрыторыі Украіны, якая існуе з 2014 года, — кажа дзяўчына.
— Наколькі бяспечна цяпер праходзіць эвакуацыя? — пытаюся ў яе.
— Бяспечна? Бяспечна для каго?
— Ну, для людзей, якіх вывозяць, вядома.
— Для людзей, якіх вывозяць з горада, — бяспечна, дарога на Мікалаеў размініраваная, абстрэлаў на ёй пакуль яшчэ не было. Але ж галоўнае пытанне — каго мы вывозім. Неабходна праверыць кожнага чалавека. Мы складаем спісы, глядзім дакументы, дасылаем іх нашай разведцы на праверку, каб быць упэўненымі, што гэта ўкраінцы, якія сапраўды выязджаюць з горада. Каб не вывезці невядома каго… У Херсоне застаецца вялікая колькасць расійскіх вайскоўцаў, што не паспелі ўцячы на левы бераг пры адступленні. Яны пераапрануліся ў цывільнае і спрабуюць выехаць з горада.
— Насамрэч сітуацыя не такая вясёлкавая, як паказвае тэлебачанне, — працягвае Сафія. — Так, выдатна, што мы вызвалілі гэты горад, гэта цудоўна, і я вельмі радая, што Херсон зноў украінскі. Але гэтым людзям вельмі патрэбная дапамога ў велізарным аб’ёме. Яны не атрымлівалі пенсіі вельмі доўгі перыяд. Я не разумела сітуацыі, пакуль не пагутарыла з мясцовымі. Тут працы яшчэ вельмі і вельмі шмат: няма ні камунікацый, ні вады, ні святла, ні ацяплення. Праблемы з дакументамі, з грашовымі пераводамі…
Колькі часу зойме наладжванне ўсяго гэтага, Сафія, як і многія тут, сказаць не можа. Усё залежыць ад таго, як будуць праходзіць баявыя дзеянні.
Ад палаткі ваеннай адміністрацыі ў цэнтр плошчы крочаць Алена са сваёй матуляй Таццянай. Жанчыны хочуць трапіць у Германію да сваякоў, але, каб выбрацца з Херсона, чакаюць дапамогі ўладаў.
— Мы жывём у Чаплінскім раёне — ён усё яшчэ акупаваны. Пакуль знаходзімся тут. Баімся, хочам выехаць, бо вельмі цяжка фізічна кожны дзень цягаць ваду, каб банальна схадзіць у прыбіральню, — дзеліцца Алена. — Калі шчыра, я не паверыла ўвогуле, што вайна пачалася, — сын мяне разбудзіў, сказаў, што вайна. Я кажу: «Кладзіся спаць, не выдумляй, мне хутка на працу ўставаць». У выніку атрымалася, што так. Але да мяне даходзіла яшчэ месяцы два.
— Нас асабліва, дзякуй Богу, не чапалі, — працягвае Алена. — Я працавала ў краме. Былі такія бабулі — аматаркі рускага свету… Я ўсю гэтую акупацыю размаўляла па-ўкраінску на працы ў краме. Дык яны мне часам казалі: «Пора забывать слово „дякую“ и начинать учить русский». А я ім адказвала: «А дзе вы жывяце, у якой краіне?» Цяпер яны маўчаць — сорамна, відаць.
Жанчыны кажуць, што чулі пра мітынгі ў першыя дні акупацыі, але на ўласныя вочы не бачылі — было страшна і небяспечна выходзіць з дому. На вуліцы былі толькі пры вялікай неабходнасці.
У пачатку вясны знік блізкі сябар сына Алены, некалькі дзён не выходзіў на сувязь. З вёскі ў раёне прыехала яго маці, пачалі шукаць.
— Аказалася, што хлопца затрымала так званая міліцыя. Ён працаваў у бары, дзе шмат супрацоўнікаў было з тэрабароны. Падчас аблавы яго забралі пад шумок. Але пашанцавала — яго не катавалі і ўрэшце адпусцілі, калі мы паднялі розгалас, але ён расказваў, што пастаянна чуў крыкі і плач мужчын, якіх катавалі ў суседніх памяшканнях. Шмат страшнага пішуць пра катоўні, якія тут былі, — кажа Алена. — І я, ведаеце, веру кожнаму слову, хоць сама не бачыла.
— Як вы ставіцеся да Беларусі?
— Мяне з ёй нічога не звязвае, але я не падтрымліваю тое, што Лукашэнка падтрымлівае пуцінскія замашкі.
«Працы ў горадзе няма. Абсалютная большасць прадпрыемстваў пакуль стаіць»
Пасля ўваходу расійскіх войскаў у горад працягвалі работу дробныя прадуктовыя і побытавыя крамы. Вялікія ж сеткі зачыніліся амаль адразу і пакуль не адкрыліся. З кавярняў і рэстаранаў таксама працуюць толькі адзінкі.
Адна з кавярняў месціцца на першым паверсе велічнага будынку кінатэатра «Украіна». Бадай, у ёй адной з нямногіх тут ёсць генератар, таму кава звычайная, а не «амерыкана», залітае кіпнем проста з тэрмаса, за 20 грыўняў (каля 1,4 рубля). Цэны як і ўсюды ва Украіне — ад 40 да 60 грыўняў за шклянку (2,7−4,1 рубля). У суседняй прадуктовай краме яшчэ застаюцца рэшткі расійскіх тавараў, у асноўным з Крыма.



Хвілінах у дзесяці ад будынка кінатэатра «Украіна» знаходзіцца цэнтральны кірмаш. Дакладней тое, што ад яго засталося — тут быў вялікі пажар у першыя ж дні вайны. Непадалек ад пажарышча — стыхійны гандаль усім чым можна: ад прадуктаў да побытавых тавараў.
Любоў прадае малочныя тавары і просіць яе не фатаграфаваць.
— Вы што, я ж так выглядаю… Як капуста, цяпер жа холадна, дык нацягнула ўсё што можна. Ды і галаву цяпер мыю дзень праз дзень — з вадой цяжка, — перажывае яна і расказвае, што падчас акупацыі было нават танней. — Рэч у тым, што я дапамагала рэалізоўваць тавар з фермы пад Херсонам, бо праз перабоі з пастаўкамі перастаў працаваць малочны завод у Мікалаеве і таго ж малака было вельмі шмат, аддавалі па мінімальнай цане, каб пракарміць жывёлу.
Крыху далей ад кірмашу — яшчэ адна чарга. Гэта выдаюць гуманітарную дапамогу: хлеб, крупы, лекі і тавары для дзяцей пры неабходнасці.
У чарзе стаяць і выкладчыкі Херсонскага акадэмічнага ліцэя. Навучальны год яны завяршалі ў анлайн-рэжыме ўжо пад акупацыяй, выпусцілі вучняў на канікулы на месяц раней.
— Навучанне пакуль не пачалося праз адсутнасць у горадзе святла і сувязі, хаця заробак нам налічваюць, — кажуць настаўнікі. — Працы ў горадзе няма. Абсалютная большасць прадпрыемстваў пакуль стаіць, частка яшчэ нават не размініраваная.


«Я вытрымаю ўсё: і без вады, і без святла, абы толькі не бамбілі дамы»
У прадуктовай краме на праспекце Ушакова людна. На ўваходзе вісіць аб’ява пра тавар тыдня: гэта свечкі і хлеб. Пакупнікі ўсміхаюцца:
— Сапраўды, самае неабходнае. З хлебам было цяжка шмат месяцаў, даводзілася шукаць па горадзе.
Прадавачка Ірына працуе тут два месяцы. Раней жынчына мела ўласную краму на цэнтральным рынку, але тая згарэла яшчэ ў першыя дні вайны разам з усім таварам і дакументамі. Амаль паўгода Ірына правяла без працы і жыла на зберажэнні, а ў пачатку восені ўладкавалася прадавачкай тут, заробак атрымлівала ў грыўнях.
— Падчас акупацыі заходзілі і бураты, і чачэнцы — грубілі, хамілі, маглі не расплаціцца за нейкі тавар, — гаворыць жанчына. — Надта цяжка было. Прадукты былі дарагія вельмі, цэны жудасныя былі. Цяпер ужо нармальна стала, наладзілася. Прынамсі ў параўнанні з тым, што было. Тое, што тут ужо нашыя, лягчэй: я магу выйсці ў двор, магу размаўляць па тэлефоне, не баючыся, што мяне заб’юць ці адбяруць яго. Бо нельга ж было: не дай бог ты балакаеш па ўкраінскай сімцы, то маглі забраць тэлефон і збіць, вось так было. Вымушалі купляць расійскую, але ж і тады правяралі інфармацыю, што ў цябе там у тэлефоне.
Але ўсё роўна, прызнаецца жанчына, жыць у горадзе досыць складана: няма электрычнасці і вады:
— Нават для таго каб схадзіць у прыбіральню, трэба прыносіць вядро вады для змыву. Таксама ў кватэры вельмі холадна. Разам са мной жыве 86-гадовы бацька: ён жыў у Аляксандраўскім раёне, пад Херсонам, але вясной на яго ўчастак трапіла адразу 10 снарадаў — ледь выжыў і перабраўся ў Херсон у чым быў, толькі з пашпартам.
— Я вытрымаю ўсё: і без вады, і без святла, абы толькі не бамбілі дамы — гэта найстрашнейшае. Мы жывём на 7 паверсе, кожны раз з жыццём развітваюся, калі побач нешта ляціць.
Што ж да стаўлення да беларусаў, то Ірына раздзяляе палітыкаў і простых людзей:
— Яна таксама ўцягнутая ў гэты канфлікт. Усе нашыя суседзі так ці іначай датычныя да гэтай вайны. Але ж Беларусь — саюзнік Расіі. Там жа на людзей ціснуць, не ведаю, наколькі эфектыўны супраціў. Слаба веру, што ў Беларусі найбліжэйшым часам магчымы майдан, як у нас быў. Увогуле да простых людзей у мяне пазітыўнае стаўленне, да любых людзей. Нават, я лічу, і частка расіян ёсць адэкватных. Простыя людзі не вінаватыя… Гэта ж усё эліты, палітыкі. Трэба было неяк так вырашаць, каб вайны не было.
Калі я вярнуўся на вакзал, акурат пачаўся абстрэл: выбухі, якія было чуваць да таго, сталі ў разы гучнейшымі, а сцямнелае неба заззяла чырвона-аранжавым колерам. Гукаўзмацняльнікі без электрычнасці не працуюць, таму супрацоўнікі чыгункі выбеглі на прыступкі і гучна пракрычалі:
— Усе праходзьце ў будынак! Тэрмінова. Уставаць пад калоны!
Абстрэл доўжыўся каля 20 хвілін, з размоваў паліцыі стала зразумела, што пацярпела каля пяці будынкаў па суседстве.
Перад цягніком усе, хто хоча выехаць з горада, праходзяць праверку дакументаў, рэчаў і нават тэлефонаў. Кажуць, гэта для таго, каб з горада не выехалі дыверсанты і расіяне, што не паспелі ўцячы.
Пасажыры ж тут з вялікімі торбамі і валізамі, усе, каго я паспеў распытаць, кажуць, што выязджаюць надоўга, бо «больш тут знаходзіцца немагчыма».