Расійская прыватная ваенная кампанія Вагнера, якая належыць набліжанаму да Пуціна бізнесоўцу Яўгену Прыгожыну, адыгрывае важную ролю ў баях на знясіленне вакол горада Бахмут Данецкай вобласці. У апошнія месяцы яна распрацавала новую наступальную тактыку. Пра гэта гаворыцца ў зводцы брытанскай разведкі.
Як адзначае брытанскае ваеннае ведамства, новая тактыка ПВК грунтуецца на выкарыстанні вялікай колькасці завербаваных асуджаных. Іх, кепска навучаных, адпраўляюць у атакі, пры гэтым камандзіры застаюцца ў хованках.
Асобным байцам, хутчэй за ўсё, выдаюць смартфоны або планшэты, на якіх паказаныя прызначаная ім вось наступу і мэта атакі, накладзеныя на камерцыйныя спадарожнікавыя здымкі. Камандзіры на ўзроўні ўзвода і вышэй, якія сядзяць у хованках, аддаюць загады праз рацыю, а інфармацыю атрымліваюць праз відэасігналы з невялікіх беспілотных лётных апаратаў, кажуць у Мінабароны Вялікабрытаніі.
Падраздзяленням аддаюць загады рухацца загадзя запланаваным маршрутам, часта з агнявой падтрымкай, але радзей — побач з бранятэхнікай. За адхіленне ад маршрута атакі, хутчэй за ўсё, пагражае пакаранне.
Мэта такой тактыкі — захаваць актыў ПВК у выглядзе дасведчаных камандзіраў і бранятэхнікі, у той час як зняволеныя-навабранцы лічацца расходным матэрыялам, адзначаюць у разведцы Мінабароны Вялікабрытаніі.
Як расказвала ў інтэрв'ю «Люстэрку» кіраўніца праваабарончай арганізацыі «Русь сидящая» Вольга Раманава, на канец лістапада ў расійскіх калоніях на вайну з Украінай завербавалі да 35 тысяч чалавек.