Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Беларусам, которые получили греческий шенген, звонят из посольства. Вот что спрашивают, и почему лучше ответить
  2. Почему в Литве призвали запретить «Пагоню»? Мнение
  3. Беларусов выгоняли из Польши, а поток в обратную сторону было не сдержать. Вспоминаем послевоенный обмен народами — о нем знают не все
  4. В Беларуси вернулись авиатуры в популярную у туристов страну ЕС. Есть вариант с вылетом из Минска
  5. Вы наверняка слышали о пенсионной ловушке и, возможно, думали, как работающий человек может в нее попасть. Вот наглядный пример — был суд
  6. С 1 июля заработает очередное пенсионное изменение. Рассказываем, что важно об этом знать
  7. Редкоземельная путаница: объясняем, почему Трамп требует от Украины то, чего у нее нет, и что у нее есть на самом деле
  8. «Один из самых понятных, очевидных и уже использованных сценариев». Аналитик — о поведении Трампа в отношении Украины, Путина и Беларуси
  9. Генпрокурор Швед нашел десятки «аномальных» районов страны и пообещал их «серьезно» проверить
  10. Власти по-прежнему пытаются «отжимать» недвижимость у уехавших за границу из-за политики. На торги снова выставляли такое жилье
  11. Чиновники предупредили население, чтобы готовились к очередным пенсионным изменениям
  12. Россия требует от Украины сдать несколько крупных городов, которые у нее нет шансов захватить, а вместе с ними и более миллиона жителей
  13. Беларуска купила Audi, а прокуратура заподозрила, что воспитывающая ребенка учительница не могла себе этого позволить. Что решил суд
  14. «Стены дрожали». В Минске прозвучал грохот, похожий на звуки от двух взрывов, — вот что известно
Читать по-русски


Фарыда Курбангалеева працавала вядоўцай праграмы «Вести» на канале «Россия 1» з 2007 да 2014 года. Яна заспела той самы момант, калі тэлебачанне ператварылася ў дзяржаўную машыну прапаганды. У канцы 2014 года Фарыда пайшла ў дэкрэтны адпачынак, адкуль на «Россию 1» не вярнулася: усё праз тое, як канал асвятляў вайну на ўсходзе Украіны. Журналістка пачала весці эфіры на «Настоящем времени» ў Празе. Перад поўнамаштабным уварваннем Курбангалеева вярнулася ў Расію, але ў пачатку сакавіка 2022-га ёй давялося з’ехаць, цяпер яна піша для некалькіх выданняў. Мы пагаварылі з экс-вядоўцай праграмы «Вести» пра беларускіх прапагандыстаў, заробкі расійскіх, сумленне і «чан з гаўном».

Фарида Курбангалеева во время эфира. Фото: аккаунт МИТРО в "Живом журнале"
Фарыда Курбангалеева падчас эфіру. Фота: акаўнт МИТРО ў «Живом журнале»

Няма пратэстоўцаў, а ёсць «духоўныя спадкаемцы Сцяпана Бандэры»

— Давайце адразу пагаворым пра перыяд працы на «Россия 1». Думаю, што можна будзе шмат паралеляў правесці з беларускай прапагандай. Якія забароны існавалі?

— Да 2013 года — асабліва ніякіх. Прынамсі я нічога такога не памятаю. Можа, у бок Украіны дазваляліся нейкія падколкі і з’едлівасці. Але каб быў пэўны пералік правілаў, паводле якіх трэба пісаць тэксты, — не. А пачалося ўсё з падзей на Майдане. Пра першы званок я расказала ў сваім пасце (там Фарыда звярталася да былых калег і выступіла супраць вайны. — Заўв. рэд.): я тады пісала тэкст і называла пратэстоўцаў пратэстоўцамі, а мой непасрэдны начальнік у жорсткай форме па тэлефоне сказаў, каб я больш так не пісала, а называла іх «духоўнымі спадкаемцамі Сцяпана Бандэры».

У мяне было адчуванне, што многія мае калегі і без такіх указанняў і лаянкі начальства вельмі хутка зразумелі правілы гульні і пачалі пісаць як трэба. З розных прычын: хтосьці ўсвядоміў, што цяпер трэба, хтосьці шчыра быў згодны з тым, што гэта «духоўныя спадкаемцы Бандэры». Я памятаю, як цалкам нармальным стала называць украінскія ўлады хунтай. Практычна ўсе мае калегі ў сваіх тэкстах пісалі «хунта, хунта, хунта». Нават мае рэдактары пісалі такія тэсты, я гэтае слова выкрэслівала і замяняла на слова «ўлады». Каб хоць неяк змякчыць тое, што мы расказваем.

Я на гэтую тэму з Жаннай Агалакавай (экс-вядоўца «Первого канала» і НТВ. — Заўв. рэд.) размаўляла, яна ж таксама шмат гадоў насамрэч мучылася, працуючы на «Первом канале», і ёй зусім не падабалася тое, чым ёй даводзіцца займацца. І яна мне якраз расказвала пра тое, як спрабавала змагацца з дапамогай слова: дзесьці змякчаць рыторыку, не дапускаць нейкіх радыкальных выказванняў, ацэначнасці, старалася пісаць максімальна нейтральна. Напэўна, на той момант гэта ўсё, што я магла сабе дазволіць: неяк працаваць з тэкстам, каб ён выглядаў не настолькі чалавеканенавісніцкім.

— Як рэдактары прасілі перапісваць вашыя падводкі?

— Рэдактары не прасілі, яны мае падначаленыя, а шэф-рэдактар са мной на адной пазіцыі, ён не будзе мне выказваць сваю незадаволенасць: «Тут мяккавата, трэба больш прыкласці хахлоў, каб усе разумелі, якія яны гады». Распараджэнне давала кіраўніцтва больш высокага ўзроўню. Мне тэлефанаваў тады Яўген Равенка, кіраўнік дырэкцыі інфармацыйных праграм тэлеканала «Россия 1». Не тое каб ён мяне абражаў, але гэта была каманда, гэта быў загад: «Я табе зараз дыктую, а ты перапісваеш. Ніякіх пратэстоўцаў у нас больш няма». Палітыка расійскага дзяржаўнага тэлебачання стала зразумелая. І гэта ўсё адбывалася паступова, няма пэўнага моманту, з якога пачаўся адлік. У 2012-м быў прызначаны Равенка, я думаю, што яго паставілі на гэтае месца, каб ён закручваў гайкі. Ён выканае любы загад і прымусіць сваіх падначаленых зрабіць гэта. Усё выканае, вельмі дысцыплінаваны. Трохі баязлівы. Але калі трэба, то ўсё роўна ўсё зробіць. Ён са сваёй задачай справіўся, і потым яго ўзнагародзілі павышэннем у дэпутаты Дзярждумы.

— Вы сказалі, што ўсё адбывалася паступова…

— У нас у нейкі момант стала больш ваеннай тэматыкі. Памятаю, што мы нават жартавалі паміж сабой: «Адчуванне, што мы да вайны рыхтуемся». Колькі можна? У кожным выпуску ў нас нейкія вучэнні: то на палігоне «Чабаркуль», то ракеты запусцілі, то нейкія выпрабаванні ў Самары. І ўсё гэта з такім гонарам падаецца. Вельмі часта здымаліся з выпускаў сюжэты, якія мелі гуманістычнае значэнне.

— Падчас Майдана і пасля нейкага дакумента, збора правілаў «як каго называць» не з’явілася?

— Не. Нікай метадычкі, паперкі, сшытка, маленькай кніжкі не існуе. Дастаткова проста вусных распараджэнняў. Усе ўсё выдатна разумеюць. Начальнікі ездзяць у Крэмль на планёрку, атрымліваюць інструкцыі і спускаюць іх уніз, калектыў на ўзроўні вядоўцаў і шэф-рэдактараў імгненна гэта ўлоўлівае. Так напраўду нікому нічога тлумачыць не трэба. Усе ўсё зразумелі: украінцы — нацысты і няправільныя ўнукі пераможцаў. Толькі ў такім ключы яны будуць паказвацца ў выпусках навін і больш ніяк.

— Калі вы ў 2014 годзе казалі «кіеўскі рэжым праводзіць карную аперацыю» або тое, што малайзійскі «Боінг» быў збіты ўкраінскім знішчальнікам, што вы адчувалі?

— Гэта вельмі агіднае адчуванне. Гэта і не дазволіла мне далей працягваць маю працу, нейкі час ты можаш трываць і мірыцца з тым, што табе даводзіцца вымаўляць ротам, але, мне здаецца, калі ты чалавек са здаровай псіхікай і самапавагай, то ў нейкі момант гэта становіцца невыносным. Ведаеце, заўсёды лягчэй нешта прыняць, калі ведаеш, што ў гэтага ёсць канец. Ты мусіш год пацярпець, а потым гэта скончыцца. Лепш жахлівы канец, чым жах без канца.

Я памятаю, калі пачаліся падзеі на Майдане і расійскае ўварванне на ўсход Украіны, мне было вельмі кепска. Я кожны дзень прыходзіла дадому і казала: «Заўтра я звольнюся». Надыходзіла заўтра, і я не звальнялася, бо тут ты пачынаеш думаць: што будзеш рабіць далей, куды пойдзеш, а ісці няма куды, усюды адно і тое ж. А яшчэ ў творчых людзей ёсць думка, я потым мільён разоў пераканалася, што гэта поўная бздура: «Я больш нічога не ўмею». Чамусьці ў гэты момант ты не памятаеш, што наогул па адукацыі ты журналіст, у цябе велізарны досвед працы. Яшчэ ты разумееш, што страціш у статусе, у грашах, ва ўзроўні жыцця. І ўсё гэта прымушае цябе расцягваць і рабіць гэты жах бясконцым. Мяне выратавала мая цяжарнасць: калі я даведалася пра гэта, то зразумела, што канец ёсць.

Але скажу шчыра: калі ішла ў дэкрэтны, я нікому не казала на працы, што больш не вярнуся. Я не знаходзіла сіл адкрыць рот і вымавіць гэтыя словы. Думала: а можа, буду ў дэкрэтным, потым з дзіцем буду сядзець, а там, можа, вайна рассмокчацца, нармальна ўсё будзе. Цяпер вельмі наіўна пра гэта думаць. Па меры таго як не рассмоктвалася, я разумела, што выходзіць на працу не хачу. Так і не змагла сябе прымусіць гэта зрабіць, хоць вельмі моцна ціснулі і сябры, і бацькі: «Не дуры, не вар’яцей, выходзь на працу».

— Што яны казалі?

— Пытанні задавалі вельмі прагматычныя і матэрыяльна-бытавога плану:

«Дзе ты будзеш працаваць цяпер? Як будзеш зарабляць? У цябе цяпер двое дзяцей. Падумай. Часы мяняюцца, можа, хутка ўсё скончыцца, а ты з працы пайшла, глупства якое».

Пророссийский сепаратист на месте падения обломков «Боинга» неподалеку от села Грабово Донецкой области, 17 июля 2014 года. Фото: Reuters
Прарасійскі сепаратыст на месцы падзення абломкаў «Боінга» непадалёк ад вёскі Грабава Данецкай вобласці, 17 ліпеня 2014 года. Фота: Reuters

«Да таго як мне выдалі першую зарплату, у мяне ніколі не было разава такой сумы на руках»

— Якія ў вас былі ўмовы працы?

— Умовы ў мяне былі добрыя, як і ва ўсіх вядоўцаў на федэральных каналах. Мы працавалі ў брыгадзе тыдзень праз тыдзень. Я вяла ранішнія і дзённыя выпускі ў 11 раніцы, у 14 дня, у 17 вечара з панядзелка да нядзелі. Затое ўвесь наступны тыдзень я адпачывала. Гэта суперграфік. Многія мае калегі могуць пацвердзіць, што ў цябе ёсць велізарная колькасць часу, які ты можаш прысвяціць сабе. Раней на свабодных тыднях супрацоўнікі федэральных каналаў звычайна кудысьці ляцелі: Рым, Парыж, Вена, Будапешт. Гэта было абсалютна нармальна. Канфліктаў у брыгадах не было. Былі нармальныя адносіны.

З нагоды зарплаты. Калі я прыйшла ў 2007-м (удакладню, што працавала я паўмесяца), я атрымлівала каля 150 тысяч расійскіх рублёў, па тых часах гэта было прыкладна пяць тысяч даляраў. Да гэтага я працавала ў Казані, была топавым журналістам — спецыяльным карэспандэнтам, я больш за 12 тысяч рублёў (каля $ 440. — Заўв. рэд.) не атрымлівала за цэлы месяц.

— Якое было адчуванне, калі атрымалі першы разліковы рахунак?

— Гэта быў абсалютны стан эйфарыі. Я памятаю, што першыя заробкі мне выдавалі гатоўкай, і я, вельмі хвалюючыся, везла яе ў сумцы ў метро. Здавалася, што гэта вельмі вялікія грошы. Думаю, да таго моманту ў мяне ніколі не было разава такой сумы на руках.

Калі я пачала працаваць на ВГТРК, мне выдалі сім-карту, якая аплачвалася. І яна мне дасталася ад нейкага іншага супрацоўніка, як я зразумела, даволі высокапастаўленага. І цэлы год мне прыходзіла СМС пра тое, што прыйшла зарплата на карту, не мая, а гэтага работніка — 587 тысяч рублёў (каля $ 23 000. — Заўв. рэд.). Гэта наогул ваў.

— Не ўдалося высветліць, хто гэта быў?

— Спрабавала даведацца, мой калега сказаў: «Гэта, напэўна, хтосьці з кіраўніцтва». Але ён дакладна не ведаў, а потым я ўжо не пытала.

— Перад тым як вы пайшлі ў дэкрэт, які ў вас быў заробак?

— За час працы мне яго павысілі, але не ў два разы. Цяпер я ведаю, што ім крута павышаюць заробкі. Мне вядома пра два разы ў 2022 годзе. Першы раз гэта было на 50%. Я магу выказаць здагадку, што мае былыя калегі атрымліваюць цяпер ад 300 да 500 тысяч рублёў (прыкладна ад $ 3500 да $ 6000. — Заўв. рэд.). І гэта не нейкія топавыя вядоўцы кшталту Вольгі Скабеевай з Яўгенам Паповым (муж і жонка, прапагандысты тэлеканала «Россия 1». — Заўв. рэд.). У іх там наогул іншы парадак заробкаў. Такімі грашыма ўтрымліваюць людзей і прымушаюць іх казаць усё, што трэба. Уявіце, што чалавек прывык да такога ўзроўню жыцця і як гэта — усё страціць у адзін момант.

— Вам прапаноўвалі вярнуцца на ВГТРК падчас дэкрэту?

— Калі я ішла ў дэкрэтны адпачынак, то не атрымлівала дэкрэтных ад дзяржавы, але мне працягваў прыходзіць мой заробак. Чакаюць, калі ты вернешся на працу. Я была ў дэкрэтным ужо некалькі месяцаў, і мне патэлефанаваў чалавек з топ-менеджменту, які адказны за грошы: «Трэба ўжо выходзіць». Я яму сказала, што пакуль не гатовая і не хачу. Ён адказаў: «Тады ты будзеш атрымліваць палову заробку». Я сказала: «Так, вядома». Прайшло яшчэ некалькі месяцаў, ён зноў мне патэлефанаваў: «Равенка пытае, калі ты выйдзеш на працу», я адказваю: «Не хачу», ён сказаў: «Тады мы адразаем табе ўсё». У мяне тады нармальна зарабляў муж, і мне было пляваць на гэта. І потым патэлефанаваў сам Равенка: «Фарыда, усё, давай». Ён мяне клікаў на новы сезон. Я сказала, што не гатовая. Больш ён мне не тэлефанаваў, і ў 2017 годзе са мной звязаліся з аддзела кадраў і спыталі: «Фарыда, вы збіраецеся выходзіць на працу?» Я кажу: «Не». Яны сказалі: «Вы не маглі б забраць, калі ласка, працоўную кніжку?» Што я і зрабіла на наступны дзень.

Фарида Курбангалеева, 2019 год. Фото: страница собеседницы в Facebook
Фарыда Курбангалеева, 2019 год. Фота: старонка суразмоўніцы ў Facebook

«А хто мазгі засіраў насельніцтву?»

— У вас ёсць пачуццё віны за тое, што вы рабілі і што гэта ў тым ліку прывяло да таго, дзе мы цяпер знаходзімся?

— Вядома, безумоўна. Было б дзіўна з майго боку сядзець і казаць: «Вы ведаеце, я наогул да гэтага ніякага дачынення не маю, вайна пачалася, я нейкі час пацярпела і сышла. Цяпер маё сумленне чыстае». Не, вядома. А хто мазгі засіраў насельніцтву? Я ўсё жыццё працавала ў інфармацыйным вяшчанні. Шчыра кажучы, калі адбылася анексія Крыма, я мусіла ўстаць з працоўнага месца, пайсці і не вяртацца на працу, але я ж прыйшла. Я для сябе абрала нейкі найменш траўмавальны шлях, і, натуральна, я не хацела страціць у грашах і максімальна падоўжыць той час, калі я буду нармальна зарабляць. І я баялася заявіць адкрыта: «Я сыходжу, бо не згодная з тым, што кажу». У мяне не было парыву голасна вымавіць: «Усё, што я расказвала пра „Боінг“, — гэта поўная лухта. Мінабароны хлусіць. Гэта няпраўда». Што тут казаць? Я з сябе адказнасці здымаць не магу.

Бо нехта глядзеў навіны і верыў мне. У мяне сябры, якія працавалі таксама на ВГТРК, паехалі ў Турцыю неяк адпачываць і пазнаёміліся з парай з Валгаграда. Яны расказалі, чым займаюцца, і гэтая пара спытала: «А вы ведаеце Фарыду Курбангалееву?» Аказалася, што яны мяне заўсёды глядзяць і я ім падабаюся. Вось гэтая пара з Валгаграда, якую я ўводзіла ў зман. А колькі такіх параў?

— Што Фарыда з 2023 года сказала б Фарыдзе з 2014 года?

— Нічога не бойся, ты ўсё правільна робіш. Не трэба нічога баяцца. Страх — самае бессэнсоўнае пачуццё, ты ўсё роўна нічога змяніць не можаш. Калі нешта адбудзецца, то адбудзецца, калі не — то не. Трэба рабіць тое, што адпавядае тваім перакананням і прынцыпам. Рабі тое, за што табе не будзе сорамна. Такія банальныя словы, але гэта праўда. Нават калі ты робіш такі крок — ляціш у нейкую прорву, напрыклад, застаешся без працы, з аднаго боку, жудасна страшна, а з іншага — такая велізарная палёгка, што ты вызвалілася.

— Сёння вы сутыкаецеся з наступствамі вашай працы на расійскім тэлебачанні?

— Цяпер ужо практычна не. Хіба што калі напісала свой пост у Facebook, да мяне прыйшло вельмі шмат украінцаў, многія з якіх не разабраліся, што наогул адбылося, і яны думалі, што гэта я цяпер, калі пачалася вайна, вырашыла сысці з «Вестей». Многія ўкраінцы мне пісалі падзякі і словы падтрымкі, а многія пракліналі і пісалі: «Ах ты, с**а такая! Ты 8 гадоў сядзела і хлусіла, а цяпер вырашыла паплакацца». Я нават не ўступала ў дыскусію. Напэўна, гэта быў апошні раз, калі мне так прылятала.

Киев, Украина. 25 февраля 2022 года. Фото: Reuters
Кіеў, Украіна. 25 лютага 2022 года. Фота: Reuters

«Вядома, у гэтым чане з гаўном я купалася»

— У 2009 годзе вы былі адной з вядоўцаў жывой лініі з Пуціным. Раскажыце, як яна арганізоўвалася: ці былі рэпетыцыі, удзельнікі задавалі свае ці напісаныя кімсьці пытанні?

— Абсалютна пастановачнае шоу, цалкам адрэпетаванае. Прычым некалькі разоў. Спачатку адабралі вядоўцаў, якія працуюць падстаўкамі пад мікрафон для гасцей. Насамрэч задача нашмат складанейшая, чым паднесці мікрафон: мы мусілі загадзя падрыхтаваць людзей з рэгіёнаў, якіх звезлі ў Маскву з усёй краіны. Нам трэба было ўкласці ім у галаву пытанні, якія яны павінныя задаць Пуціну. Як гэта рабілася? Гэтыя людзі жылі ў нейкім пансіянаце на Рублёўцы. Нас, некалькіх вядоўцаў, загадзя прывезлі туды, дзе мы пазнаёміліся з гэтай аўдыторыяй і пагаварылі.

Усіх падзялілі, і кожнаму вядоўцу дасталася група людзей, і ты з імі працаваў. Спачатку яны да цябе самі кідаліся: «У нас тут заробак не плацяць, а ў нас начальнік крадзе…» Яны прывезлі з правінцыі свой боль і чакаюць сустрэчы з царом, калі змогуць яму гэта расказаць. І ты ім кажаш: «Так-так, гэта вельмі сур’ёзнае пытанне. Я перадам вашае пытанне, але цяпер трэба спытаць вось гэта». Літаральна так гэта адбываецца. І народ вельмі даверлівы, але, напэўна, у іх у галаве круціцца: «А як жа нашае пытанне? Ну добра, калі Пуціну трэба, то спытаю». У выніку яны задаюць на прэс-канферэнцыі тое пытанне, якое патрэбнае было апарату прэзідэнта.

— То-бок свайго пытання ніхто не задае?

— Я цяпер ужо не памятаю. Магчыма, пытанні, якія супадалі з жаданнямі апарата, праходзілі. Далей. Яшчэ некалькі разоў праходзілі рэпетыцыі, але гэтых людзей туды не прыводзілі, да такой ступені не паліліся. Ролю Пуціна выконваў Аляксей Земскі (цяпер гендырэктар НТВ. — Заўв. рэд.). А мы праходзілі цалкам структуру будучай жывой лініі: якое пытанне за якім ідзе. Там няма ніякай спантаннасці: «Вось у нас рука з’явілася, Давайце туды пойдзем». Усё абсалютна адрэпетаванае і разыгранае загадзя.

Быў паказальны момант. Прыехала група моладзі, і я мусіла іх апрацаваць, каб яны спыталі: «Ці будзе Пуцін удзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах?», ён тады прэм’ер-міністрам быў. Гэтае пытанне спусцілі зверху. Я ім сказала: «Хлопцы, вашае пытанне не патрэбнае, а трэба вось такое». А яны адказалі: «Нам гэта не цікава». Было вельмі нязручна. Але неяк я іх угаварыла. У выніку, калі гэтае пытанне задалі, Пуцін быў да яго абсалютна падрыхтаваны… Я цяпер расказваю і думаю, якая ж гэта крынжаціна. Блявоцце неймавернае.

Студэнт пытае: «Ці будзеце вы ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах?», і Пуцін адразу адказвае: «А вы?» Ён жа ведаў гэтае пытанне. І сядзіць гэты няшчасны студэнт. Непрыгожая сітуацыя. І вы пытаеце, што я адчуваю пасля такога. Вядома, у гэтым чане з гаўном я купалася.

Владимир Путин общается с местными жителями в Мариуполе ночью 19 марта 2023 года. Фото: пресс-служба Кремля
Уладзімір Пуцін размаўляе з мясцовымі жыхарамі ў Марыупалі ноччу 19 сакавіка 2023 года. Фота: прэс-служба Крамля

«Страціла — нічога. Набыла — велізарную ўнутраную свабоду»

— Чым цяпер займаецеся? Ёсць адчуванне, што з супертэлезоркі вы ператварыліся ў рэпарцёра, і гэта не асабліва вас хвалюе.

— Начнём з таго, што ў тэлезорку я ператварылася з рэпарцёра. У мяне да гэтага быў 9-гадовы досвед журналістам. Я працавала з 17 гадоў. Як я зноў стала рэпарцёрам? Пасля майго паста ў Facebook я дала інтэрв'ю Republic. І потым, калі я з’ехала з Расіі ў Чэхію, зразумела, што мне трэба дзесьці працаваць. Вырашыла, што трэба наладзіць кантакты з медыя і пачынаць з імі супрацоўнічаць. Я напісала галоўнаму рэдактару Republic: «Добры дзень, я вярнулася ў Прагу, у нас вельмі шмат украінскіх уцекачоў, Давайце напішу пра іх». Я пайшла ў пражскі цэнтр прыёму бежанцаў, дапамагала там запаўняць анкеты і заадно размаўляла з украінцамі і фатаграфавала. Я набрала кучу гісторый. З некаторымі да гэтага часу падтрымліваю адносіны. У выніку выйшаў вялікі рэпартаж у Republic, і я пачала там друкавацца рэгулярна. У мяне было такое шчасце, што я вярнулася ў прафесію, першы час працавала за бясплатна. Яшчэ пішу для «Холода», «Черты», «Новой газеты. Европа» і яшчэ раз на тыдзень вяду стрым на канале «Утро февраля». Я вельмі хачу вярнуцца ў відэафармат і працаваць на YouTube.

— Давайце пералічым, што вы страцілі і набылі праз свой адыход з тэлебачання ў 2014 годзе.

— Страціла — нічога. Набыла-велізарную ўнутраную свабоду. Я стала значна больш свабодным чалавекам, гэты ўчынак дазволіў мне адчуць сябе такой. Я, дарэчы, з таго часу стала смялейшай.

— А грошы вы не страцілі?

— Гэта не праблема. Маё жыццё гэта даказала. Я выкладала, здымала дакументальнае кіно, працавала ў маркетынгу. І цяпер у мяне столькі працы, што я не паспяваю яе часам рабіць.

Скабеева, Беларусь у навінах, Азаронак

— Нядаўна Скабеева ўзяла інтэрв'ю ў Лукашэнкі. Вы яе ведаеце, якое ў вас меркаванне пра яе?

— Я памятаю яе зусім маладзенькай карэспандэнткай, якая прыехала ў Маскву з Піцера. Яна пачынала з нейкіх вельмі мілых сюжэтаў, напрыклад пра тое, што ў Маскве прайшла моцная залева. Нічога не прадказвала кепскага, пакуль яе не прызначылі галоўнай па тым, каб мачыць Pussy Riot у 2012 годзе. І яна гэта зрабіла паспяхова. Іх саджалі, і гэта суправаджалася інфармацыйнай падтрымкай з боку Скабеевай, яе заўважылі і пасля гэтага перасталі даваць здымаць нейкія залевы, а прапаноўвалі тэмы, якія патрабавалі пэўнага падыходу.

Быў камічны выпадак, калі на планёрцы абмяркоўваўся юбілей нейкага трэнера. І Равенка пытаецца: «Хто сёння дзяжурны?», яму адказваюць: «Скабеева», Равенка кажа: «Ой, не трэба, яшчэ падумаюць, што мы яго хочам замачыць». На той час Скабеева асацыявалася з рэпартажамі пэўнага кшталту. Гэта чалавек, які сам сябе зрабіў, гэта быў яе свядомы выбар. Блізка я з ёй ніколі не камунікавала, на ўзроўні «прывітанне-прывітанне».

— Ці былі нейкія ўстаноўкі, як асвятляць навіны Беларусі ці дзейнасць Лукашэнкі?

— Тут у мяне зусім белая пляма і чорная дзірка. Я дакладна магу сказаць, што Беларусь не была нейкім магутным трыгерам, каб даваліся пэўныя ўстаноўкі, як даносіць гэтую тэму да расійскай аўдыторыі. Мабыць, гэта было настолькі нейтральна і бяскрыўдна, што нават ніякім чынам у мяне ў галаве не адклалася.

— Вы сочыце за беларускай прапагандай? Ці ёсць «любімчыкі»?

— Я сачыла за тым, што ў вас адбывалася ў 2020 годзе, я тады яшчэ працавала ў «Настоящем времени», нават памятаю, што вяла доўгія спецэфіры з беларускіх пратэстаў. Мяне, вядома, вельмі ўразіла здольнасць вашага народа выйсці так масава на вуліцы і супрацьстаяць. Мы асвятлялі выбары і перамогу Святланы Ціханоўскай, а потым — як Лукашэнка пачаў ламаць народ: жахі на Акрэсціна, адкуль даносіўся гул людзей, якіх катуюць.

А з прапагандыстаў я ведаю такога буйнога мужчыну, мабыць, самы яркі.

— Азаронак.

— Так-так. Я яго ведаю, бо падпісаная на ўкраінскія каналы, і там яны яго сцябуць перыядычна. Ён — гэта ў чымсьці пародыя на расійскіх прапагандыстаў, але яшчэ больш неадэкватны.

Фрагмент передачи Григория Азаренка. Скриншот видео СТВ
Фрагмент перадачы Рыгора Азаронка. Скрыншот відэа СТБ

— Што б вы сказалі прапагандыстам у Расіі і ў Беларусі?

— Мне не хочацца ніякай маралі чытаць, бо яны ўсе дарослыя людзі і ўсё разумеюць. Калі чалавек застаўся працаваць на сваім месцы пасля ўсяго таго, што адбылося, нават не пасля пачатку вялікага ўварвання, а пасля Бучы, Ірпеня, удараў па вакзале ў Краматорску, — гэта свядомы выбар чалавека. Ён добра разумее, што ён робіць, і магчымыя наступствы свайго ўчынку таксама ўсведамляе.

Што я буду казаць? Вы за гэта паплаціцеся? Я не ведаю, дарэчы, можа, і не паплацяцца, усё жыццё пражывуць, і мы не ўбачым трыбунала над імі. Чорт яго ведае. Казаць, што будзе сумленне мучыць? Яно іх цяпер не мучыць, і яны выходзяць на працу, значыць, яно не будзе іх мучыць і потым. Я нічога не хачу гаварыць.

— Апошняе пытанне. Калі і як скончыцца вайна?

— Калі я ўцякала з Расіі, я была ўпэўненая, што яна скончыцца вельмі хутка перамогай Украіны. І мой сябар з Латвіі першым выліў ледзяны душ: «Ты што? Яна будзе ісці пару гадоў як мінімум». Я адказала: «Як? Не можа быць!», ён сказаў: «Гэта ўсё так хутка не скончыцца, мы тут з мужыкамі абмяркоўваем, дзе ўзяць зброю, каб абараняць Латвію, калі нападзе Расія».

Цяпер мае погляды з гэтай нагоды зведалі істотныя змены. Прыйшло прыняцце. Калі б Украіне адразу давалі патрэбнае ўзбраенне, а не нейкае для партызанскай вайны, яна б ужо, напэўна, перамагла або была б значна бліжэйшая да гэтай перамогі. Але ўсё адбываецца не так хутка, як хацелася б. Я б вельмі хацела, каб вайна скончылася да канца гэтага года. Спадзяюся, гэта адбудзецца як найхутчэй. Я дакладна ведаю, што вайна скончыцца перамогай Украіны, бо па-іншаму быць не можа.

Чытайце таксама