Ва ўпраўленні культуры Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі (КГДА) паведамілі «Радыё Свабода», што помнік беларусу Міхаілу Жызнеўскаму быў знесены, бо не мае статусу аб’екта культурнай спадчыны.
«Помнік Міхаілу Жызнеўскаму не знаходзіцца на балансе і абслугоўванні камунальных прадпрыемстваў Пячэрскага раёна Кіева, на балансе ўпраўлення культуры і падведамных яму ўстановаў», — гаворыцца ў афіцыйным адказе КГДА.
Дырэктар дэпартамента культуры Сяргей Анжыяк заявіў, што «памятны знак» Міхаілу Жызнеўскаму не набыў аўтаматычна ахоўнага статусу, калі тэрыторыя, на якой ён знаходзіўся, была ўключаная ў Дзяржрэестр помнікаў як гістарычны помнік мясцовага значэння.
Паводле яго словаў, помнік Міхаілу Жызнеўскаму знеслі, бо вырашылі ўсталяваць на гэтым месцы мемарыял героям-кіяўлянам, якія загінулі падчас антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны.
Сяргей Анжыяк дадаў, што ніхто не звяртаўся да кіеўскіх уладаў з просьбай усталяваць ці перанесці знесены помнік Міхаілу Жызнеўскаму. Пры гэтым, паводле яго, камісія па пытаннях усталявання помнікаў можа разгледзець такі зварот, калі ён будзе пададзены.
Нагадаем, Міхаіл Жызнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 года падчас Еўрамайдану ў Кіеве. У 2017 годзе яму надалі званне Героя Украіны і пасмяротна прысвоілі грамадзянства Украіны. Зорку Героя Украіны бацькам Міхаіла перадаў тагачасны прэзідэнт Пётр Парашэнка.
Помнік Жызнеўскаму быў усталяваны ў 2014 годзе недалёка ад меркаванага месца яго смерці — на рагу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага. Аднак у 2021 годзе мемарыял знік. Помнік знайшлі актывісты толькі 2023 годзе. Ён знаходзіўся ў кустах за некалькі сотняў метраў ад месца яго ўсталявання.