Сілы абароны поўдня Украіны апублікавалі відэа, знятае ў вёсцы Рабоціна Запарожскай вобласці. Населены пункт практычна цалкам зраўнялі з зямлёй — пра тое, што тут калісьці былі дамы, нагадваюць толькі рэшткі падмуркаў.
«Вось так цяпер выглядае Рабоціна, якое нават немагчыма назваць населеным пунктам, бо насельніцтва няма… Ратуючыся ад рашыстаў, людзі вымушаныя былі з’ехаць, бо не засталося ніводнай цэлай хаты. Такі твар мае «рускі свет», — гаворыцца ў паведамленні пад відэа.
У Сілах абароны поўдня адзначылі, што расійская армія «вызваляе» ўкраінскія населеныя пункты «ад садоў у квецені, ад утульных дамоў, ад дзіцячага смеху і ад жыцця», а потым на руінах рапартуе пра «поспехі на фронце».
У Рабоціне да вайны жыло каля 500 чалавек. Вёску акупавалаа расійская армія ў сакавіку 2022 года. У канцы жніўня 2023 года Міністэрства абароны Украіны афіцыйна абвясціла пра вызваленне Рабоціна. Пазней украінскія войскі вымушаныя былі адысці з населенага пункта і замацаваліся паўночней. Рабоціна застаецца адным з самых гарачых пунктаў на лініі фронту.