Пасля пачатку наступлення Узброеных сіл Украіны ў Курскай вобласці 6 жніўня колькасць добраахвотнікаў, якія заключаюць кантракт з Мінабароны ў Маскве, павялічылася ў два разы. Пра гэта сведчаць звесткі штодзённай статыстыкі Адзінага пункта адбору на кантрактную службу, якія «Вёрстка» атрымала ад крыніцы ў маскоўскай мэрыі.
Добраахвотнікі абгрунтоўваюць жаданне ісці на вайну неабходнасцю абараняць радзіму
Калі за тыдзень, што папярэднічаў атацы УСУ (29 ліпеня — 4 жніўня), кантракт заключалі ў сярэднім 97 чалавек за дзень, то на наступным тыдні (5−11 жніўня) іх колькасць вырасла ўжо да 126 чалавек за дзень. У наступныя два тыдні гэты рост таксама захоўваўся: з 12 да 18 жніўня кантракт падпісвала ў сярэднім 180 чалавек за дзень, а з 19 да 25 жніўня — 213 чалавек за дзень.
«Цяпер палова тых, хто прыходзіць, матывуе гэта ўварваннем УСУ ў Курскую вобласць. Маўляў, „я заўсёды казаў, што пайду, калі нападуць на маю радзіму. Вось напалі“. Або „вы бачылі, што ў Курску робіцца?“» — расказала «Вёрстцы» крыніца, што перадала звесткі пра колькасць набраных кантрактнікаў.
Паводле суразмоўцы, пасля пачатку наступлення УСУ на вайсковую службу пачало запісвацца больш масквічоў, былых вайскоўцаў і тых, хто «даўно хацеў» падпісаць кантракт.
«Стала больш людзей матэрыяльна забяспечаных, з’явілася больш такіх кейсаў, калі чалавек кажа, што „вось, я заўсёды думаў, хацеў, але цяпер наважыўся ў апошні момант“. Яны абгрунтоўваюць сваё рашэнне [падпісаць кантракт] тым, што даўно збіраліся і вырашылі, што цяпер гэта трэба зрабіць», — расказала крыніца.
Незадоўга да наступу УСУ ў Курскай вобласці ў Маскве ўвялі аднаразовую выплату для добраахвотнікаў — 1,9 млн рублёў (каля 20,8 тысячы даляраў)
Усплёск цікавасці да кантрактнай службы адбыўся незадоўга да атакі УСУ — пасля таго, як 23 ліпеня мэр Масквы Сяргей Сабянін увёў у сталіцы аднаразовую выплату у памеры 1,9 млн рублёў, расказвала «Вёрстка». Калі перад гэтым у сярэднім за дзень кантракт заключалі 30−40 чалавек, то пасля іх колькасць павялічылася ў сярэднім амаль да сотні за дзень.
Да ўвядзення аднаразовай выплаты цікавасць да кантрактаў у Маскве падала цягам усяго года, нягледзячы на заявы ўладаў пра адваротнае. Напрыклад, калі ў жніўні 2023 года ўдзельнічаць вайне пагадзілася больш за тры тысячы чалавек, то ў чэрвені 2024-га колькасць добраахвотнікаў ледзь пераваліла за тысячу.
Чытайце таксама