У NATO пракаментавалі заклік кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага да таго, каб Польшча і іншыя суседнія краіны збівалі расійскія ракеты яшчэ над Украінай. Там папярэдзілі, што такі крок можа мець наступствы для альянсу ў цэлым, піша Еuropapress.es са спасылкай на прадстаўніка NATO.
«NATO нясе адказнасць за перадухіленне далейшай эскалацыі вайны з боку Расіі. NATO не з’яўляецца бокам канфлікту і не стане ім», — заявіў прадстаўнік Паўночнаатлантычнага альянсу, з якім кансультавалася выданне.
У сувязі з гэтым, хоць кожны саюзнік у NATO мае права абараняць уласную паветраную прастору, прэс-сакратар папярэдзіў, што дзеянні кожнага чальца альянсу ў падтрымку Украіны «таксама могуць паўплываць на NATO агулам».
«Вось чаму неабходна, каб саюзнікі працягвалі цесна кансультавацца адзін з адным», — дадаў ён.
У штаб-кватэры NATO аддаюць перавагу асцярожнасці і робяць акцэнт на неабходнасці павялічыць паток ваеннай дапамогі, якую чальцы блока скіроўваюць Кіеву. Гэта пацвердзілі на сустрэчы з міністрам абароны Украіны Рустэмам Умеравым у рамках саміту NATO — Украіна на мінулым тыдні, калі ўкраінскія ўлады расказалі пра наступствы апошняй хвалі расійскіх авіяўдараў па гарадах і інфраструктуры.
Нагадаем, міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Польшча і іншыя краіны, якія мяжуюць з Украінай, «абавязаныя» збіваць расійскія ракеты яшчэ да таго, як тыя ўвойдуць у іх паветраную прастору.
«Сяброўства ў NATO не адмяняе адказнасці кожнай краіны за абарону ўласнай паветранай прасторы — гэта наш канстытуцыйны абавязак. Асабіста я лічу, што, калі варожыя ракеты скіроўваюцца да нашай паветранай прасторы, гэта будзе законнай самаабаронай [збіць іх], бо як толькі яны перасякуць нашую паветраную прастору, рызыка таго, што хтосьці будзе паранены абломкамі, робіцца значнай», — сказаў Сікорскі.
Раней паведамлялася, што пасля масіраванага абстрэлу Расіяй Украіны раніцай 26 жніўня Польшча заявіла пра парушэнне яе паветранай прасторы «паветраным аб’ектам», які, як мяркуецца, быў беспілотнікам-камікадзэ.
Камандуючы аператыўным камандаваннем Узброеных сіл Польшчы Мацей Кліш сказаў, што аб’ект, мяркуючы з траекторыі, хуткасці і вышыні, дакладна не быў ракетай. Хутчэй за ўсё, гаворка пра беспілотнік.