Аляксандр Лукашэнка, адказваючы 14 лістапада на пытанні журналістаў, выказаўся пра дэмарш прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды на кліматычным саміце ў Баку, перадае яго прэс-служба.
«Адзін еўрапеец (калі б мне не расказаў Рыжанкоў, я б не ведаў) адмовіўся фатаграфавацца („сямейнае фота“ на саміце ў Баку), бо там ёсць Лукашэнка. Ніхто гэтага нават не заўважыў. Я там стаяў спакойна. Падышоў пакістанскі прэм’ер, многія падышлі павіталіся з павагай. Я таксама да іх. Ну, як сям’я. Ніхто не заўважыў, што яго няма. Бачыць ён, што яго не заўважылі, і ён пачаў піярыцца, што не пайшоў фатаграфавацца. Ну і не хадзі. Госпадзе, хто цябе там чакаў!» — заявіў Лукашэнка.
Гэтым еўрапейцам быў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, але Лукашэнка палічыў за лепшае не называць яго імя.
Але пазней усё роўна ўспомніў пра яго, расказваючы пра выступ польскага прэзідэнта на сусветным кліматычным саміце. Дуда казаў, што Польшча беражэ жывёльны і раслінны свет, але ні разу не згадаў Белавежскую пушчу.
«Яны ж жах што робяць! Яны выразалі гэтую Белавежскую пушчу, а ён пра расліны расказвае. Я ўжо не стаў яго там чапляць, хоць сабе пазначыў тэзісы. Думаю: ну нельга так», — адзначыў Лукашэнка.
Нагадаем, на сусветным кліматычным саміце, які прайшоў у Баку, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адмовіўся ўдзельнічаць у сумеснай фотаздымцы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Пасля гэтага прэс-служба Лукашэнкі апублікавала фатаграфію Лукашэнкі з прэзідэнтам Гвінеі-Бісау падчас выступу Анджэя Дуды (акурат у той час, калі Лукашэнка, як ён кажа, пазначаў тэзісы пра Белавежскую пушчу), а пазней беларускія прапагандысты, заўважыўшы, што ў польскага прэзідэнта няма фалангі пальца, пачалі распаўсюджваць чуткі, што гэта рэха «ліхіх 90-х».