Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, пакідаючы пасаду, 20 студзеня абвясціў пра «прэвентыўнае памілаванне» шэрагу дзяржслужбоўцаў і заканадаўцаў, якім Дональд Трамп пагражаў пераследам пасля прыходу да ўлады.
Памілаванне датычыць былога старшыні Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў генерала Марка Мілі, былога кіраўніка Нацыянальнага інстытута алергічных і інфекцыйных захворванняў Энтані Фаўчы і чальцоў камітэта па расследаванні штурму Капітолія 6 студзеня 2021 года прыхільнікамі Трампа, а таксама паліцэйскіх, якія далі паказанні ў межах расследавання.
Байдэн назваў дзяржаўных службоўцаў «жыццёва важнай часткай нашай дэмакратыі» і выказаў занепакоенасць тым, што некаторыя з іх зазналі пагрозы і запалохванне за выкананне сваёй працы.
«Гэтыя дзяржаўныя службоўцы служылі нашаму народу з гонарам і годнасцю і не заслугоўваюць таго, каб станавіцца аб’ектамі неабгрунтаванага і палітычна матываванага пераследу», — заявіў палітык.
Паводле яго, памілаваныя не здзейснілі нічога супрацьзаконнага, але само расследаванне ці судовы пераслед маглі б нанесці шкоду іх рэпутацыі і фінансаваму становішчу.
«Я веру ў верхавенства закона і аптымістычна настроены, што нашыя прававыя інстытуты ў выніку перамогуць палітыку», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што не мог бяздзейнічаць у «гэтых выключных абставінах».
Раней Трамп, які 20 студзеня ўступае на пасаду прэзідэнта ЗША, неаднаразова заклікаў да судовага пераследу сваіх меркаваных праціўнікаў пасля перамогі на выбарах.
Падчас пандэміі COVID-19 Энтані Фаўчы часта ўступаў у канфлікты з Трампам, і напады на яго з боку прыхільнікаў палітыка працягваліся і пазней. Марк Мілі, згаданы ў кнізе Боба Вудварда «Вайна», назваў Трампа «фашыстам да мозгу касцей», за што зазнаў крытыку з боку саюзнікаў апошняга за меркаваную нелаяльнасць.